«Калі сёньня Расея цісьне вам руку, гэта ня значыць, што заўтра гэтай жа рукой яна не пачне вас забіваць. Бо расейцы баяцца вольных. Таго, што ім гэта не знаёма. Баяцца свабоды. Яны нарадзіліся пры Пуціне, пайшлі ў школу пры Пуціне, пайшлі служыць пры Пуціне і паміраюць за ягоныя хворыя ідэі. І таму так важна сёньня падтрымліваць усе народы, якія адстойваюць свабоду. Тых, хто не здае яе ў Кішынёве. Тых, хто змагаецца за сваю будучыню ў Тбілісі. І я ўпэўнены, надыдзе дзень, калі ўсе мы скажам: «Жыве Беларусь!», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Ён запісаў свой выступ на фоне скульптуры «Радзіма-маці» ў Кіеве, якая афарбоўвалася ў колеры розных сьцягоў, калі Зяленскі згадваў тыя ці іншыя дзяржавы або арганізацыі.
Таксама Зяленскі ў навагоднім звароце паабяцаў, што Ўкраіна ў 2025 годзе «зробіць усё, каб спыніць Расею і скончыць вайну». Пры гэты украінскі прэзыдэнт адзначыў, што «справядлівы мір ня можа наступіць па прынцыпе „пачнем з чыстага ліста“». «Таму што лік не 0:0. На рахунку — тысячы, тысячы ўкраінцаў, жыцьці якіх скрала Расея».
Гаворачы пра сусьветную падтрымку, прэзыдэнт Украіны заявіў, што «зь першых хвілінаў гэтай вайны Амэрыка была з Украінай» і дадаў: «веру, што Амэрыка будзе з Украінай і ў першыя хвіліны міру». Ну думку Зяленскага, абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп «хоча і можа» прынесьці мір ва Ўкраіну. «Я веру, што мы разам з ЗША маем гэтую сілу. Прымусіць Расею да справядлівага міру», — сказаў ён.
На зварот Зяленскага адрэагавала дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
«Дзякуй, прэзыдэнт Зяленскі, за ваш магутны заклік падтрымаць беларусаў, якія абараняюць свабоду. Нас аб’ядноўвае барацьба за годнасьць і дэмакратыю. Разам мы даказваем, што ніводзін дыктатар ня зможа зламаць дух тых, хто верыць у свабоду», — напісала Ціханоўская ў сацыяльнай сетцы Х.
Форум