Расейскія войскі ў ноч на 1 студзеня 2025 году ўдарылі па Ўкраіне 111 ударнымі дронамі, паведамілі ў Паветраных сілах Узброеных сіл Украіны. У выніку атакі бесьпілётнікаў на Кіеў загінулі два чалавекі, параненыя яшчэ 7 чалавек.
Паводле апошніх зьвестак, вядома пра 2 загінулых у выніку атакі расейскіх войскаў на Кіеў, паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацы Цімур Ткачэнка. Вядома, што адна з загінулых — жанчына, яе цела знайшлі падчас разбору завалаў у жылым доме ў Пячэрскім раёне.
Колькасьць пацярпелых, паводле апошніх зьвестак, вырасла да 7 чалавек, паведамляе Офіс генпракурора Ўкраіны. «Сярод іх дзьве цяжарныя жанчыны», — адзначылі ў ведамстве.
У жылым доме ў Пячэрскім раёне Кіева часткова разбураныя два верхнія паверхі. Абломкі дронаў таксама ўпалі на дах аднаго з будынкаў Нацбанка Ўкраіны (там пашкоджаныя вокны на верхніх паверхах будынка) і на нежылы будынак, а на даху і ў кватэры жылога дома ўзьнік пажар. У Сьвятошынскім раёне за 100 мэтраў ад трамвайнага дэпо пашкоджаныя трамвайныя шляхі, таксама пашкоджанае шкло ў трох трамваях.
Чарговы налёт расейскіх бесьпілётнікаў ва Ўкраіну пачаўся ў першыя гадзіны новага году. Як паведамілі Паветраныя сілы Ўзброеных сіл Украіны, дроны былі зафіксаваныя ў небе над Харкаўскай, Палтаўскай, Чаркаскай і Чарнігаўскай абласьцямі. Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі пра дроны, якія ўвайшлі ў паветраную прастору Сумскай вобласьці.
Пазьней украінскія вайскоўцы ўдакладнілі, што да 9:30 па мясцовым часе зьбілі 63 дронаў у Палтаўскай, Сумскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Запароскай, Жытомірскай, Хмяльніцкай, Кіраваградзкай і Мікалаеўскай абласьцях. 46 дронаў былі лякальна страчаныя, яшчэ два паляцелі ў Беларусь і Расею, гаворыцца ў паведамленьні.
Днём раней расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар па Украіне. У Дарніцкім раёне Кіева абломкі ракеты ўпалі на дах прыватнага дома. У Шостцы ў Сумскай вобласці былі пашкоджаны 12 шматпавярховых жылых дамоў, дзве адукацыйныя ўстановы, разбураны асобныя аб’екты інфраструктуры.
Да гэтага паведамлялі пра напад расейскіх бесьпілётнікаў па паўднёвых абласьцях Украіны, у тым ліку Запароскай. Паводле зьвестак кіраўніка гэтага рэгіёну Івана Фёдарава, у выніку ўдару ў адным з населеных пунктаў загарэліся некалькі прыватных жылых дамоў, выратавалі адну жанчыну.
Форум