Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 траўня пройдзе суд над актывістам, абвінавачаным у падрыхтоўцы тэракту


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прызначаны дзень пачатку працэсу над актывістам апазыцыі са Шчучына Сяргеем Ляшкевічам. Пракуратура не адказвае на калектыўную скаргу бацькоў актывістаў “Партнэрства”. У Менску, Баранавічах і Лідзе пачаліся крымінальныя працэсы над актывістамі апазыцыі. Спыненая крымінальная справа супроць актывісткі “Маладога фронту” зь Нясьвіжа Насьці Азаркі.

Крымінальная справа Сяргея Ляшкевіча са Шчучына перададзеная ў суд і ўжо прызначаны дзень, калі пачнецца працэс над актывістам апазыцыі. Пра гэта паведаміла маці актывіста Ірына Ляшкевіч, якая 5 траўня наведала гарадзенскую турму, дзе амаль 2 месяцы ўтрымліваюць яе сына.

(Ірына Ляшкевіч: ) “Была ў Гародні, да Сяргея езьдзіла. Там ужо перадалі справу ў суд і прызначылі суд на 25 траўня. Судзіць будуць у Шчучыне. Судзьдзя Сініла Віталь Віктаравіч, які раней працаваў у пракуратуры”.

Нагадаю, Сяргея Ляшкевіча абвінавачваюць у падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту. Пра тое, што нібыта актывіст апазыцыі рыхтаваў тэракт, заявіў падчас сьледзтва жыхар Шчучына Аляксандр Бурдзей. Пра гэтага чалавека вядома, што ўжо пасьля арышту Ляшкевіча ён быў асуджаны за крадзеж на 2,5 гады зьняволеньня. Ірына Ляшкевіч не выключае, што гэтага сьведку неяк прымусілі даць непраўдзівыя паказаньні супроць яе сына.

Паводле Ірыны Ляшкевіч яе сын вінаватым сябе не прызнае, трымаецца мужна, нягледзячы на дрэнныя ўмовы ўтрыманьня ў шчучынскім ізалятары, дзе ён знаходзіўся амаль два тыдні.

(Ірына Ляшкевіч: ) “Сапраўды, там жахлівыя ўмовы. Вакно зачыненае, камэра не праветрываецца, ляжаць фактычна па падлозе, іншыя там паляць вельмі шмат, дыхаць няма чым”.

Між тым, Сяргей Ляшкевіч зь дзяцінства хварэе на астму, цяпер у турме ён прымае лекі.

Адвакат Андрэй Шчапяткоў паведаміў, што ягонае хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня для Сяргея Ляшкевіча не было задаволенае.

Магчыма, падобны лёс напаткае і скаргу, якую на мінулым тыдні накіравалі ў пракуратуру краіны бацькі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Нагадаю, 6 актывістаў гэтай арганізацыі трэці месяц утрымліваюць у турме КДБ. Ім пагражае некалькі гадоў зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Увесь час арышту маладым людзям не дазваляюць сустрэцца з бацькамі. Тыя вырашылі абскардзіць такія дзеяньні сьледчых у пракуратуры, але дагэтуль не атрымалі адказу. Кажа бацька Цімафея Дранчука Валер Дранчук:

(Дранчук: ) “Не, пакуль няма, няма нічога абсалютна. Ані мне не паведамлялі, ані маці Астрэйкі. Гэта ж быў калектыўны ліст. Прынамсі, сёньня я быў у пракуратуры горада , размаўляў са сьледчымі ў справе, яны нічога не казалі пра тое, што іх правяраюць паводле гэтай скаргі. Такім чынам, мяркую, у пракуратуры Беларусі будуць цягнуць з адказам да апошняга, яшчэ два-тры тыдні”.

Паводле Валера Дранчука, зусім не вядуцца і сьледчыя дзеяньні ў справе яго сына і іншых актывістаў “Партнэрства”. Нагадаю, два тыдні таму справу працягнулі яшчэ на два месяцы.

А вось у Менску, Баранавічах і Астраўцы ўжо пачаліся крымінальныя працэсы над актывістамі апазыцыі. У Менску судзяць за графіці актывіста “Маладога фронту” Артура Фінькевіча. Яму пагражае ад 7 да 12 гадоў турмы. Ужо ў першы дзень працэсу высьветлілася, што не пацьверджаныя надзвычай вялікія страты, якія нібыта нанёс актывіст дзяржаўнай маёмасьці напісаньнем палітычных лёзунгаў. У выніку на працэсе абвешчаны перапынак да 10 траўня. Днём пазьней аднавіцца ў Баранавічах працэс над “зубраўцам” Мікітам Сасімам, якога абвінавацілі ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Перапынак выкліканы тым, што юнак запатрабаваў другога адваката.

А ў Лідзе пачалі судзіць актывіста апазыцыі і праваабаронцу з Астраўца Івана Крука, нібыта той ужыў сілу супроць міліцыянта. Іван Крук таксама лічыць, што яго перасьледуюць як палітычнага апанэнта рэжыму.

І толькі з Нясьвіжа прыйшла навіна адваротнага зьместу. Там стала вядома, што прыпыненая крымінальная справа супроць мясцовай актывісткі “Маладога фронту” Насьці Азаркі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG