Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожную літару графіці ацанілі на 100 даляраў


Любоў Лунёва, Менск У Першамайскім судзе Менску пачаўся суд над актывістам незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артурам Фінькевічам. Яго абвінавачваюць у злосным хуліганстве, а таксама ў пашкоджаньні дзяржаўнай маёмасьці. Хлопца затрымалі яшчэ 31 студзеня супрацоўнікі дэпартамэнту аховы ў той момант, калі ён маляваў графіці “Мы хочам новага” і “Достал”. Да суду Артура трымалі пад вартай у сьледчым ізалятары.

На суд прыйшлі дзясяткі паплечнікаў Артура Фінькевіча. Усім не хапіла месца ў вялікай судовай залі. Каля сарака чалавек правялі пікет на знак салідарнасьці з Артурам. Яшчэ некалькі дзясяткаў стаялі каля будынку суду. Пракурор зачытала абвінавачаньне — паводле яго, выдаленьне надпісаў каштуе 35 мільёнаў рублёў. Такім чынам, кожную літару ацанілі на 100 даляраў.

На судзе Артур Фінькевіч патлумачыў, што надпісы рабіў падчас выбарчай кампаніі на знак пратэсту супраць таго, што ў СМІ ні слова не казалася пра кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, апроч аднаго.

(Фінькевіч: ) “Я вырашыў падраўняць шанцы кандыдатаў хаця б такім чынам. Намеру пашкодзіць маёмасьць у мяне не было”.

Адвакат настойвае на правядзеньні незалежнай экспэртызы, бо прадстаўнікі арганізацыяў і камунальных службаў падалі суду, паводле адваката, супярэчлівыя зьвесткі, якія ня маюць дакумэнтальнага пацьверджаньня. Найбольш прэтэнзіяў суд мае да кіраўнікоў ЖЭС №6, якія заявілі, што выдаткавалі 33 мільёны рублёў, каб зафарбаваць некалькі надпісаў. Ніякай дакумэнтацыі, якая б пацьвердзіла выдаткі, яны суду не падалі. Судзьдзя Вікторыя Зайцава запатрабавала, каб камунальнікі да заўтрашняга дня прынесьлі доказы таго, што страцілі 33 мільёны. Артур Фінькевіч не пагаджаецца з сумай ацэнкі нанесеных стратаў.

Маці Артура Марыя Фінькевіч вельмі непакоіцца за здароўе і лёс свайго сына. Канваіры не дазволілі ёй перадаць сыну нават шакалядку. На абед хлопца таксама не адвозілі. Выглядае Артур вельмі бледным і стомленым.

(Фінькевіч: ) “Нам нават спатканьня не дазволілі. Сьледчы казаў мне, што нават ня будзе запытваць дазволу на спатканьне ў свайго кіраўніцтва, бо інакш на яго падумаюць, што я дала яму хабар. Я спадзяюся, што ўсё будзе добра. Але гэтую суму яны са столі ўзялі, зь неба… Якія ўказаньні зьверху паступілі, такое рашэньне й прымуць”.

На судзе прысутнічаў Аляксей Шыдлоўскі, якога ў 1998 годзе за графіці пакаралі пазбаўленьнем волі на паўтара году. Ён заявіў, што гэта звычайная практыка, калі камунальныя службы сьпісваюць грошы за капітальны рамонт на апазыцыянэраў, якіх арыштавалі за графіці.

Гл.таксама • Фотарэпартаж з акцыі пратэсту • На пікеце ў падтрымку Фінькевіча былі затрыманы 8 чалавек
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG