Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На форуме кіраўнікоў краінаў абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня у Вільні адбудзецца форум кіраўнікаў дзяржаваў, на якім прэзыдэнты дзевяці краінаў Чарнаморскага і Балтыйскага рэгіёну (Украіны, Літвы, Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Грузіі, Баўгарыі), віцэ-прэзыдэнт ЗША Дзік Чэйні, прадстаўнікі высокага рангу з 20 краінаў сьвету будуць абмяркоўваць перамены, якія адбыліся пасьля пашырэньня НАТО і Эўразьвязу, пэрспэктывы умацаваньня дэмакратыі у рэгіёне і ролю заходняй дэмакратыі у гэтым працэсе. У парадку дня – і наступствы прэыздэнцкіх выбараў у Беларусі. У працы канфэрэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі Беларусі, у іх ліку старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Станіслаў Шушкевіч і жонка зьняволенага экс-кандыдата у прэзыдэнты А. Мілінкевіча Іна Кулей.

На канфэрэнцыі кіраўнікоў дзяржаваў сёньня першай заплянаваная дыскусія пра пашырэньне дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе (“Новыя эўрапейскія дэмакратыі і канцэпцыя адзінай і свабоднай Эўропы: як гэта спалучыць”) і асобна пазначаная тэма доўгатэрміновых наступстваў для Эўрапейскага кантынэнту вынікаў выбараў у Беларусі. Галоўным дакладчыкам на першай сэсіі будзе віцэ-прэзыдэнт ЗША Дзік Чэйні, які ўчора прыляцеў у Вільню.

Дзік Чэйні ўчора увечары адзначыў, што Віленскі форум зьяўляецца добрай магчымасьцю нагадаць сьвету пра каштоўнасьці свабоды і дэмакратыі. У часе сустрэчы з прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам віцэ-прэзыдэнт ЗША Дзік Чэйні вітаў посьпехі Літвы цягам апошніх 15 гадоў.

(Чэйні: ) “Сёньня можам прызнаць той посьпех, якога Літва дасягнула за апошнія 15 гадоў, але ня менш істотна тое, што тут у Вільні мы ізноў можам прапагандаваць каштоўнасьці дэмакратыі і свабоды ў гэтым рэгіёне. У ім яшчэ ёсьць краіны, дзе людзі ня могуць цешыцца гэтымі каштоўнасьцямі.”

Напярэдадні на сваіх форумах у рамках Віленскай канфэрэнцыі-2006 інтэлектуалы і прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў адзначылі, што пасьля пашырэньня НАТО і Эўразьвязу Эўропа зрабілася як ніколі бясьпечнай. Аднак, паводле іх высноваў, эўрапейская палітыка суседзтва не апраўдала сябе, паколькі дасюль жыхары Беларусі і Расеі ня могуць цешыцца свабодай і дэмакратыяй, а ў Малдове, Грузіі, Нагорным Карабаху і Чэчэніі застаюцца нявырашанымі канфлікты.

Віленскія канфэрэнцыі склікаюцца ўжо дзевяць гадоў, іх мэта – спрыяць разьвіцьцю добрасуседзкіх дачыненьняў, рэгіянальнаму супрацоўніцтву і умацаванью дэмакратыі. Віленская канфэрэнцыя-2006 на тэму “Агульнае бачаньне дзеля агульнага суседзтва” адбываецца пад патранажам двух прэзыдэнтаў – Літвы і Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG