Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмсілы Беларусі ў траўні будуць папулярызаваць рух "За свабоду"


Уладзімер Глод, Менск Нягледзячы на тое, што многія з тых, хто ўваходзіць у Палітычную раду аб''яднаных дэмакратычных сілаў, цяпер знаходзяцца за кратамі альбо за межамі Беларусі, сёньня ў Менску адбылося чарговае паседжаньне рады. Ягоныя ўдзельнікі падвялі вынікі першамайскай акцыі і вызначылі плян дзеяньняў на травень.

У адсутнасьць кіраўніка Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, які знаходзіцца пад арыштам за ўдзел у "Чарнобыльскім шляху", вынікі акцыі падсумаваў сакратар ЦК гэтай партыі Валеры Ухналёў. На ягоную думку, акцыя адбылася, хаця на яе правядзеньне нэгатыўна паўплывалі і шматлікія арышты лідэраў апазыцыі, і сталічныя ўлады, якія забаранілі ў самы апошні момант правядзеньне заплянаванага канцэрту ў парку Дружбы народаў.

Паводле намесьніка старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Альфэра, які ўдзельнічаў у паседжаньні, вызначальным сёньня было агульнае жаданьне не спыняць працу ў фармаце аб''яднаных сілаў:

(Альфэр: ) "Пагаварылі пра тое, каб не спыняцца, вырашылі, што трэба рабіць бліжэйшым часам, каб наша праца нейкім чынам гучала. Больш дакладна гэта вызначаць лідэры, якія выйдуць на наступным тыдні на волю".

Пакуль жа дэмакраты лічаць неабходным пачаць актыўна папулярызаваць рух "За свабоду", у які яны хочуць сабраць разам усіх, бяз выключэньня, прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў. Толькі тады, на іх думку, рух стане моцнай сілай. Дзеля гэтага рыхтуюцца агітацыйныя матэрыялы, адпаведная сымболіка. Гэтай працай гатовы заняцца адразу пасьля выхаду з-за кратаў Аляксандар Мілінкевіч. Ягоныя памочнікі ўжо складаюць графік паездак былога кандыдата на прэзыдэнта ў рэгіёны Беларусі. Гэтыя паездкі будуць мець дзьве мэты: рэгіянальнае афармленьне структураў руху "За свабоду" і абмен думкамі з мясцовым актывам пра тое, як больш эфэктыўна працаваць прыхільнікам дэмакратычных перамен.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG