Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін выказаў салідарнасьць з арыштаванымі лідэрамі апазыцыі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандар Казулін сёньня выказаў салідарнасьць з Аляксандрам Мілінкевічам і іншымі лідэрамі апазыцыі, якіх пакаралі за арганізацыю Чарнобыльскага шляху. З экс-кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным у Жодзінскай турме сустрэўся ягоны адвакат.

3 траўня з Аляксандрам Казуліным у Жодзінскай турме сустрэўся ягоны адвакат Ігар Рынкевіч. Паводле адваката, экс-кандыдат на прэзыдэнта выказаўся адносна палітычнай сытуацыі ў краіне і, у прыватнасьці, адрэагаваў на новыя рэпрэсіі ўладаў супроць актывістаў апазыцыі.

(Рынкевіч: ) “Казулін выказаў словы салідарнасьці на адрас арыштаваных дэмакратычных лідэраў. Ён сказаў, што бачыў па тэлебачаньні Мілінкевіча за кратамі, з усьмешкай на твары. Казулін перакананы, што той не згубіў мужнасьці. Мой падабаронны перакананы, што сумесная барацьба прагрэсіўных сіл беларускага народу ня спыніцца”.

У крымінальнай справе супроць Аляксандра Казуліна, якую завялі пасьля падзеяў 25 сакавіка, ідуць пэўныя сьледчыя дзеяньні, паведаміў адвакат. Паводле ягоных дадзеных, цяпер дапытваюць пацярпелых з боку міліцыянтаў. Нагадаю, у міліцыі сьцьвярджалі, што ў выніку сутычкі з дэманстрантамі, якія накіроўваліся да турмы на Акрэсьціна, нібыта пацярпелі 8 супрацоўнікаў. Ігар Рынкевіч паведаміў таксама, што абарона прапанавала сьведкаў і зь ліку пацярпелых дэманстрантаў. Аляксандр Казулін па-ранейшаму ня ўдзельнічае ў сьледчых дзеяньнях, бо лічыць, што яго перасьледуюць паводле палітычных прычын.

Што да вынікаў мэдычнай экспэртызы, якую правялі з удзелам Аляксандра Казуліна яшчэ напачатку красавіка, яе вынікі пакуль сьледзтва не паведаміла, распавёў адвакат. Нагадаю, раней сваякі Аляксандра Казуліна ўжо выказвалі меркаваньне, што абвяшчэньне гэтых вынікаў зацягваецца наўмысна.

Паводле Ігара Рынкевіча, яго падабаронны ня скардзіцца на здароўе і не губляе аптымізму. У турме ён напісаў некалькі вершаў, якія праз пошту накіраваў сваякам. Гэта ня толькі лірычныя вершы – некаторыя творы Аляксандра Казуліна-паэта напісаны ў жанры, блізкім да палітычнага памфлету, мяркуе адвакат.

Ігар Рынкевіч таксама паведаміў, што ягоны падабаронны вырашыў узмацніць сваю юрыдычную абарону.

(Рынкевіч: ) “Паколькі ціск на абарону можа павялічыцца, а крымінальная справа можа стаць вялікай, мне Казулін даручыў стварыць адвакацкую групу. Каб, на выпадак, калі ўлады прадпрымуць рэпрэсіўныя захады, нас было некалькі адвакатаў”.

Нагадаем, на мінулым тыдні адваката Ігара Рынкевіча спрабавалі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Адвакату пагражала 15 сутак арышту. Аднак гэты працэс адвакат Рынкевіч выйграў. Як лічаць назіральнікі, дзякуючы свайму прафэсіяналізму і прынцыповасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG