Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня: “Мы салідарныя зь беларускай моладзьдзю, якая змагаецца за зьмены”


Тацяна Поклад, Вільня Прадстаўнікі 15 краінаў Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну на моладзевым форуме Віленскай канфэрэнцыі-2006 прынялі рэзалюцыю, у якой гаворыцца: “Людзі Беларусі не павінны быць пакінутыя ў адзіноце”. Віленская канфэрэнцыя-2006 прысьвечаная тэме “Агульнае бачаньне агульнага суседзтва”, якую гэтымі днямі ў Вільні абмяркоўваюць моладзь, інтэлігенцыя, прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў з 15 краінаў, у тым ліку і зь Беларусі, а таксама кіраўнікі 9 эўрапейскіх краінаў і прадстаўнікі ўрадаў 20 краінаў сьвету.

У рэзалюцыі абвяшчаецца заснаваньне сталага форуму моладзі новай эўрапейскай дэмакратыі, які будзе “аб''ядноўваць моладзь з краінаў супольнасьці дэмакратычнага выбару і іх сяброў зь міжнароднай супольнасьці”. Сэнс гэтага форуму мае быць у канкрэтных дзеяньнях дзеля ўзмацненьня міжнародных дэмакратычных сілаў.

Сёньняшняя рэзалюцыя – вынік дыскусіяў моладзі зь 15 краінаў Балтыйскага і Чарнаморскага рэгіёнаў. Яе падпісалі і трое ўдзельнікаў зь Беларусі – Алеся Цябус, Аляксей Наркевіч і Лізавета Жэганіна.

У рэзалюцыі моладзь з 15 краінаў заяўляе: “Заклапочаныя цяперашнім становішчам у аўтарытарнай Беларусі, мы выказваем салідарнасьць з моладзьдзю, якая змагаецца за мірную зьмену рэжыму і вызваленьне ад уціску, і заклікаем міжнародную супольнасьць шукаць сродкі спыніць перасьлед за палітычныя перакананьні, падтрымаць грамадзянскую супольнасьць і парупіцца, каб парушэньні правоў чалавека не засталіся без увагі”.

Моладзевы форум распачаў працу Віленскай канфэрэнцыі-2006, у рамках якой дзейнічаюць таксама форум недзяржаўных арганізацыяў, форум інтэлектуалаў і форум кіраўнікоў дзяржаваў з удзелам прэзыдэнтаў 9 эўрапейскіх краінаў і прадстаўнікоў высокага рангу з 20 дзяржаваў, а таксама кіраўніка замежнай палітыкі ў Эўразьвязе Хаўера Саляны.

На канфэрэнцыі кіраўнікоў дзяржаваў заўтра, паводле праграмы, першай заплянаваная дыскусія пра пашырэньне дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе (“Новыя эўрапейскія дэмакратыі і канцэпцыя адзінай і свабоднай Эўропы: як гэта спалучыць”) і асобна пазначаная тэма доўгатэрміновых наступстваў для Эўрапейскага кантынэнту сытуацыі з вынікамі выбараў у Беларусі. Галоўным дакладчыкам на першай сэсіі будзе віцэ-прэзыдэнт ЗША Рычард Чэйні, які ўжо прыляцеў у Вільню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG