Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне "Свабоды": ці дастаткова ў Беларусі свабоды прэсы?


Радыё Свабода 3 траўня адзначаецца Ўсясьветны дзень свабоды прэсы. Паводле амэрыканскай арганізацыі “Freedom House”, Беларусь знаходзіцца на 185-м месцы паводле ступені свабоды СМІ са 194-х дзяржаваў сьвету. Ці дастакова ў Беларусі свабоды прэсы? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці дастаткова ў Беларусі свабоды прэсы?”

(Спадар: ) “Пэўна, не дастаткова, бо іх душаць, прыцясьняюць і гэтак далей. А зь іншага боку, газэты выходзяць, пачытаць нешта можна. А прыцясьняюць усюды”.

(Юначка: ) “Мне так здаецца, што ў Беларусі няма свабоды прэсы. І ўсе беларускія выданьні, як “Советская Белоруссия” і ім падобныя, цалкам падпарадкаваныя дзяржаўным кіраўнікам”.

(Спадар: ) “Па праўдзе сказаць, не чытаю беларускай прэсы: аб’ектыўнасьці няма, няма разумнага падыходу да праблемаў. І ў гэтым вінаватыя мы ўсе”.

(Спадарыня: ) “Я чытаю ў асноўным тое, што трапляецца мне на вочы. Гэта “Комсомолка”, можа быць “Аргументы и факты”. А беларускіх газэтаў я проста не знаходжу, я іх не чытаю”.

(Спадар: ) “Я лічу, што ў нашай дзяржаве свабода прэсы існуе. Бо ў нас ёсьць шмат незалежных выдавецтваў”.

(Спадар: ) “Калі аналізаваць нарматыўна-прававыя акты, то яна, натуральна, на паперы ёсьць. А ў сапраўднасьці яе няма”.

(Юначка: ) “Нават няёмка адказваць на такое пытаньне. Канечне, недастаткова. У постмадэрне існуе такое разуменьне, што ўвесь сьвет — гэта тэкст. І ўсе меркаваньні пра сьвет — гэта ягоная інтэрпрэтацыя. Дык вось, што тычыцца афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, то ў іхнай падачы гэта ўжо не інтэрпрэтацыя, а зусім іншы тэкст абсалютна”.

(Спадар: ) “Канечне, сказаць, што свабоды прэсы няма, гэта нічога не сказаць. Вельмі вялікі прыгнёт, вельмі вялікі адміністрацыйны й камандны ціск — гаварыць так, як трэба. Як калісьці ў Кітаі было: пісалі толькі тое, што патрэбна было Мао. Нават рыс фэнам сушылі каля дарогі, дзе ён праяжджаў, каб ураджай лепш выглядаў. Вось такое становішча, мне падаецца, цяпер і ў беларускай прэсы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці дастаткова свабоды ў беларускай прэсы?”

(Юнак: ) “Няма, няма й няма. Тое, што было на Кастрычніцкай плошчы, і як гэта хавалі на дзяржаўным тэлебачаньні! Праўду можна было пабачыць толькі ў Інтэрнэце й тое ад людзей, якія самі там былі”.

(Спадар:) “Я так разумею, што яе няма зусім гэтай свабоды прэсы. Бо калі ў нас нешта адбываецца, то прэса, якая пад дзяржкантролем, паведамляе зусім ня тое, што адбываецца насамрэч. Маё разуменьне праблемы такое, што нашая дзяржава не жадае, каб нашае насельніцтва ведала пра тое, што ў нас адбываецца”.

(Юнак: ) “У Беларусі няма свабоды прэсы. Вы ведаеце пра закрыцьцё “Нашай Нівы” і іншых газэтаў. Я нават удзельнічаў у флэш-мобе з гэтай нагоды. Увогуле лічу, што свабода прэсы ў нас пад прэсам. Прэса пад прэсам”.

(Юначка: ) “Лічу, што свабоды прэсы ў нас недастаткова, пра гэта сьведчыць тое, што закрылі шэраг газэтаў. Мне таксама шкада, што журналістамі працуюць людзі, якія проста ня маюць сумленьня, бо яны хлусяць. А галоўная задача журналіста — гаварыць праўду. Але я віншую ўсіх сапраўдных журналістаў з гэтым днём і жадаю, каб у іх было ўсё добра. І будзем спадзявацца, што ва ўсіх у нас усё будзе добра”.

Гл.таксама • Найлепшымі журналістамі 2005 году названыя... міністры, старшыні судоў і Лідзія Ярмошына
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG