Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі міністар параўнаў дзеяньні Бэрліна з пактам Молатава-Рыбэнтропа


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы і іншых краінах Эўразьвязу актыўна камэнтуюць заяву міністра абароны Польшчы Радаслава Сікорскага, які сказаў у Брусэлі, што Расея і Нямеччына будуюць Паўночны газаправод дзеля таго, каб мець магчымасьць перакрыць газ для Беларусі і Польшчы, не спыняючы пастаўкі ў Нямеччыну.

Прамаўляючы ў Брусэлі ў часе міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай супрацоўніцтву ЗША і Эўразьвязу ў энэргетычнай сфэры, Радаслаў Сікорскі скрытыкаваў Нямеччыну за адсутнасьць салідарнасьці зь іншымі краінамі Эўразьвязу што да пабудовы газаправоду з Расеі праз Балтыйскае мора.

“Прыймаць рашэньне, а потым кансультавацца зь іншымі партнэрамі – мы іначай разумеем салідарнасьць”, – заявіў міністар абароны Польшчы.

Пры гэтым ён адзначыў, што газаправод праз Балтыйскае мора каштуе на 6 мільярдаў даляраў больш, чым калі б трубы прайшлі праз тэрыторыю Беларусі і Польшчы. Паводле словаў Радаслава Сікорскага, такія паводзіны Масквы і Бэрліна прыгадваюць “ня вельмі прыемныя падзеі зь мінулага стагодзьдзя”.

“Польшча зьвяртае асаблівую ўвагу на розныя “калідоры” і паразуменьні за нашымі сьпінамі. Гэта традыцыя пакту Молатава-Рыбэнтропа. Гэта было ў 20-м стагодзьдзі, і мы ня хочам, каб гэта паўтарылася... Мы хочам купляць энэргію, але мы ня хочам, каб нас шантажавалі, ці выкарыстоўвалі энэргарэсурсы ў якасьці аргумэнту ў палітычных спрэчках, як гэта робіць Расея”, – заявіў Радаслаў Сікорскі.

У Польшчы частка палітыкаў падтрымала пазыцыю міністра абароны, аднак прэм''ер-міністар Польшчы не зрабіў гэтага наўпрост. Казімеж Марцінкевіч адзначыў, што пазыцыя Польшчы ў гэтай справе вядомая – Варшава супраць будаўніцтва газаправоду праз Балтыйскае мора і “тут нічога не зьмянілася”.

Што да заявы Сікорскага, дык Марцінкевіч адзначыў, то “кожны міністар мае права самастойна выбіраць словы ў дыскусіях і за іх адказваць”.

Прадстаўнік Эўрапейскай камісіі Ёганэс Лайтэнбэрг скрытыкаваў тон выказваньняў польскага міністра, заявіўшы, што яны “не дапамагаюць у пошуках кампрамісу ў гэтай справе”. У сваю чаргу сябра Эўракамісіі ў справах энэргіі Андрыс Пебалгс адзначыў, што “ня можа быць так, каб нейкая краіна Эўразьвязу брала ўдзел у праекце, які непрымальны для іншых сяброў аб’яднанай Эўропы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG