Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле свабоды СМІ, Беларусь на 185-м месцы ў сьвеце


Юры Дракахруст, Прага Напярэдадні ўсясьветнага дня свабоды друку – 3 траўня – амэрыканская арганізацыя "Freedom House" абнародавала свой штогадовы агляд становішча СМІ ў сьвеце. Паводле гэтага дасьледаваньня, Беларусь знаходзіцца на 185 месцы паводле ступені свабоды мэдыяў са 194-х дзяржаваў сьвету.

Паводле аўтараў дакладу, сытуацыя ў галіне свабоды слова ў Беларусі застаецца вельмі кепскай, гэтак жа як у Экватарыяльнай Гвінэі, Эрытрэі і Зымбабвэ. Характэрнымі рысамі для гэтых краінаў зьяўляецца юрыдычны ціск, зьняволеньні і іншыя формы здушэньня свабоды слова, якія ўжываюць аўтарытарныя ўлады гэтых краінаў супраць незалежных мэдыяў.

Значных зьменаў да горшага ў Беларусі экспэрты "Freedom House" не адзначаюць – бо паводле іх сытуацыя і раней была вельмі кепскай. Найбліжэйшая ў сьпісе да Беларусі эўрапейская краіна – гэта Расея, якая знаходзіцца ўсё ж на 158-м месцы, а Беларусь – на 185-м.

Горш, чым у Беларусі, умовы для дзейнасьці свабодных мэдыяў, толькі ў такіх краінах, як Узбэкістан, Зымбабвэ, Эрытрэя, Бірма, Куба, Лібія, Туркмэністан і Паўночная Карэя.

Паводле "Freedom House" становішча ў пяці апошніх краінах у параўнаньні зь мінулым годам яшчэ пагоршылася, незалежныя мэдыі ў іх фактычна адсутнічаюць як зьява.

Экспэрты "Freedom House" паводле адмысловай мэтодыкі падлічваюць рэйтынгі свабоды друку і падзяляюць краіны на тры групы – свабодныя, часткова свабодныя і несвабодныя. Рэйтынг вар''юецца ад 0 – абсалютна свабодны друк да 100 – абсалютна несвабодны друк. Беларусь мае рэйтынг 88 і знаходзіцца сярод несвабодных краінаў.

Найбольш свабодныя мэдыі маюць паводле дакладу Фінляндыі і Ісьляндыя – іх рэйтынгі роўныя 9. Дарэчы, Злучаныя Штаты паводле ацэнкі амэрыканскага цэнтру "Freedom House" знаходзяцца толькі на 17-м месцы з рэйтынгам 16.

У дакладзе адзначаецца пагаршэньне становішча са свабодай друку ў шэрагу важных краінаў: у Азіі гэта Ўсходні Тымор, Нэпал, Філіпіны і Тайлянд, у Афрыцы – Уганда, Батсвана і Этыёпія, сярод краінаў былога СССР – Узбэкістан і Расея.

Выканаўчы дырэктар "Freedom House" Джэніфэр Віндзар гаворыць пра горкую іронію часу, паводле якой здушэньне расейскай свабоды слова адбываецца ў гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, падзеі, якая надзвычай яскрава адлюстравала ступень свабоды слова ў СССР.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG