Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму акцыя 1 траўня была нешматлікай?


Любоў Лунёва, Менск У першатравеньскай акцыі апазыцыі ўдзельнічалі больш за тысячу чалавек. Лёзунгам акцыі было патрабаваньне вызваленьня ўсіх палітвязьняў. У параўнаньні зь іншымі вясновымі акцыямі апазыцыі 1 траўня выйшла меншая колькасьць людзей. Чаму? Даць адказ на гэтае пытаньне карэспандэнтка Свабоды прасіла прадстаўнікоў розных палітычных рухаў.

Я размаўляла з прадстаўнікамі камуністычнай партыі, прафсаюзнымі лідэрамі, моладзевых рухаў. Усе яны лічаць, што акцыя адбылася на высокім арганізацыйным узроўні. Асноўная колькасьць удзельнікаў Першатравеньскай акцыі – моладзь. Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Барыс Гарэцкі ўдакладніў, што на вуліцы выйшлі пераважна студэнты-менчукі.

(Гарэцкі: ) “Сёньня Радуніца, і рэгіянальная моладзь вымушана была зьехаць да сваіх бацькоў, каб упарадкаваць магілы сваіх дзядуляў, бабуляў. На жаль, мала інфармацыі было пра гэтую акцыю. Традыцыйна раней першатравеньскую дэманстрацыю ладзілі сацыял-дэмакраты на чале з Міколам Статкевічам.”

Міколу Статкевіча, як і Паўла Севярынца, і Андрэя Клімава, ізалявалі ад 29 красавіка да 3 траўня ў спэцкамэндатурах. Сацыял-дэмакраты ад 1996 году ладзілі дэманстрацыі 1 траўня. Потым, калі ім ужо не давалі дазволу, партыйцы фармавалі сваю калёну і ішлі на плошчу.

(Статкевіч: ) “Мы зводзілі людзей з плошчы, бо яны туды былі прымусова мабілізаваныя. Адрозьніваліся калёны: наша і тыя “палонныя”, якіх туды загналі. Пасьля іх на асфальце заставаліся партрэты Лукашэнкі, усялякія транспаранты… У выніку ўлады вымушаныя былі пасьля 1999 году забараніць першатравеньскія дэманстрацыі ў Менску. Па-сутнасьці, упершыню за шмат гадоў, бо нават у часы фашысцкай акупацыі першатравеньскія дэманстрацыі праводзіліся.”

Рабочыя ня ўдзельнічалі ў акцыі 1 траўня. Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Антончык лічыць, што пытаньне неактыўнага ўдзелу рабочых у акцыях апазыцыі вельмі складанае і патрабуе глыбокага аналізу.

(Антончык: ) “Адна прычына – кантрактная сыстэма і страх страціць працу. Другая – на менскіх заводах у рабочых дастаткова высокія заробкі. Пратэстнага электарату няма.”

Маладыя людзі, якія выйшлі на дэманстрацыю 1 траўня, выказваліся, што для іх гэтая акцыя ёсьць праявай салідарнасьці з палітвязьнямі. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” прыйшлі пасьля акцыі да турмы на Акрэсьціна і правялі пікет супраць арыштаў лідэраў апазыцыі. За кратамі трымаюць Аляксандра Мілінкевіча, Сяргея Калякіна, Вінцука Вячорку, Аляксандра Бухвостава і Зьмітра Дашкевіча. Станіславу Шушкевічу ўручылі позву ў міліцыю пасьля заканчэньня першатравеньскай акцыі апазыцыі. 3-га траўня ягонае прозьвішча можа падоўжыць сьпіс вядомых палітыкаў, якіх рэпрэсавалі цягам апошняга тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG