Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акцыі апазыцыі ўзялі ўдзел больш за тысячу чалавек


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі й спэцслужбаў знаходзіліся побач з удзельнікамі акцыі падчас шэсьця і на мітынгу. Затрымалі некалькіх чалавек. Пасьля высьвятленьня асобаў людзей адпусьцілі. Станіславу Шушкевічу далі позву ў міліцыю на 3 траўня.

Людзі сабраліся каля Акадэміі навук і прайшлі праспэктам Незалежнасьці й адтуль вуліцай Сурганава.

На вуліцы Сурганава насупраць унівэрсаму “Рыга” супрацоўнікі ДАІ спынілі таксі, на якім быў усталяваны бел-чырвона-белы сьцяжок. Кіроўца сыгналіў калёне на знак салідарнасьці з дэманстрантамі. За гэта яму выпісалі штраф на адну базавую велічыню. Людзі абураліся і крычалі міліцыянтам: “Ганьба!”.

Намесьнік дырэктара коласаўскага ліцэю Лявон Баршчэўскі зазначыў, што сярод дэманстрантаў пераважаюць маладыя твары. Ён лічыць гэта сьведчаньнем пратэстнага настрою ў грамадзтве:

(Баршчэўскі: ) “Прапаганда мае свае меры ўзьдзеяньня. Рана ці позна ў людзей наступае ўнутраны пратэст. Я стаяў бліжэй да галавы калёны. Глядзеў і хвілінаў дзесяць ня бачыў ніводнага знаёмага твару. Гэтыя ўсе кантракты і прымусовыя разьмеркаваньні, усё што прыдумана, прымусовая ідэалёгія — гэта ўсё выклікае да жыцьця лёзунг “Свабоду!”. Гэты лёзунг пакуль што не падхоплены рабочай клясай, іншымі. Але гэта ўнівэрсальны лёзунг, і рана ці позна ён прывядзе да таго, што выйдуць сотні тысяч людзей”.

Калі калёна дэманстрантаў патрапіла на канцэртную пляцоўку ў парку Дружбы народаў, там іх сустракалі сябры Партыі камуністаў беларускай і ўдзельнікі мітынгу, усяго каля дзьвюх соцень чалавек. Тое, што ўдзельнікаў акцыі было крыху больш за тысячу чалавек, паводле Валянціны Палевіковай, таксама ёсьць паказчыкам вулічнай актыўнасьці.

(Палевікова: ) “Гэта вельмі важная слова — “салідарнасьць”. Тут людзі яднаюцца. Вельмі важна, што нас падтрымліваюць і з намі салідарныя ўсе краіны. Калі зайсьці ў Інтэрнэт, вы ўбачыце вельмі шмат віншаваньняў, падтрымкі ад дэмакратаў усіх краінаў. Гэта ёсьць для моладзі маральным стымулам і, а таксама важна тое, што ўсе яднаюцца і ўсе разам”.

У парку Дружбы народаў перад прысутнымі выступілі Аляксандар Дабравольскі, Іна Кулей, Станіслаў Шушкевіч, Віктар Хадыка ды іншыя. Паміж выступамі палітыкаў сьпявалі Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, рок-гурты “Imperator”, “Чырвоным па белым”, “Партызанская школа”.

На мітынгу прынялі дзьве рэзалюцыі. Першую супраць прымусовых кантрактаў і разьмеркаваньняў, другую — агульнапалітычную, з патрабаваньнем прызнаць, што выбары сфальсыфікаваныя, і выправіць у адстаўку Аляксандра Лукашэнку.

Кіраўніка менскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігара Шынкарыка затрымалі каля плошчы Бангалор ва ўласным аўтамабілі. У яго ў машыне былі хлопцы, якіх спрабавалі затрымаць спэцназаўцы пасьля завяршэньня акцыі, а таксама сьцягі АГП. Хлопцам удалося сысьці, а Шынкарыка міліцыянты завезьлі ў Савецкі РУУС. Яму патлумачылі, што ў ягоным аўтамабілі танаванае задняе шкло, якое забаронена новымі правіламі. Некалькіх чалавек, якіх затрымалі міліцыянты на вуліцы Сурганава пасьля таго, як людзі разыходзіліся, адпусьцілі на волю. Папярэдне ў іх перапісалі пашпартныя зьвесткі.

Пасьля мітынгу, калі Станіслаў Шушкевіч вяртаўся дахаты, яго аўтамабіль заблякавалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і прымусілі кіроўцу выйсьці з машыны. Высьветлілася, што ўсё гэта рабілася дзеля таго, каб уручыць яму позву ў міліцыю Першамайскага раёну Менску. 3 траўня спадар Шушкевіч мусіць зьявіцца, каб на яго склалі адміністрацыйны пратакол за парушэньне грамадзкага парадку падчас правядзеньня вулічнай акцыі.

Гл.таксама • Дэманстранты патрабавалі вызваліць палітвязьняў • Онлайн-рэпартаж зь першатравеньскай дэманстрацыі апазыцыі • Фотарэпартаж зь першатравеньскай акцыі апазыцыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG