Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі арыштаваных актывістаў "Партнэрства" накіравалі скаргу ў пракуратуру


Радыё Свабода Бацькі арыштаваных актывістаў незарэгістраванай арганізацыі "Партнэрства" зьвярнуліся са скаргай у Пракуратуру Беларусі. Яны скардзяцца на тое, што за больш як два месяцы сьледзтва ім не далі магчымасьці сустрэцца са сваімі дзецьмі. На мінулым тыдні зь лідэрам "Партнэрства" Мікалаем Астрэйкам у турме КДБ сустрэлася адвакат.

Маці актывіста, Яўгенія Астрэйка, распавяла "Свабодзе":

(Астрэйка: ) "Фізычны стан нармалёвы, маральны таксама, але вы ж разумееце, якія там умовы... Турма ёсьць турма. Хвалюецца пра жонку, пра нас. Былі мы ўпэўнены, што, можа, нешта зьменяць, а тут, бачыце, яшчэ на два месяцы ўсё гэта працягнулася, і што будзе?"

Нагадаю, Мікалая Астрэйку, Цімафея Дранчука, Аляксандра Шалайку, Эніру Браніцкую і Дзяніса Нібійку абвінавацілі ў дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэта перад выбарамі ў Беларусі стала крымінальным злачынствам.

Тым часам дайшлі да суду справы некаторых актывістаў дэмакратычнага руху. Праз 4 дні ў Менску і Баранавічах пачнуць судзіць лідэраў маладзёвага руху Артура Фінькевіча і Мікіту Сасіма. Фінькевічу пагражае 12 гадоў зьняволеньня за пашкоджаньне дзяржаўнай маёмасьці. Віна юнака ў тым, што ён намаляваў на плоце надпіс "Мы хочам новага!". Пазьней яго абвінавацілі ў напісаньні яшчэ некалькіх лёзунгаў на будынках у Менску.

А Мікіту Сасіма будуць судзіць нібыта за ўхіленьне ад вайсковай службы. Яму пагражае тры гады турмы. Пры гэтым добра вядома, што летась пасьля разгону пікету супраць зьнікненьня апазыцыянэраў міліцыянты нанесьлі хлопцу траўму, пазьней ён атрымаў адтэрміноўку ад вайсковай службы. Напярэдадні выбараў у Менску Мікіту Сасіма арыштавалі.

На мінулым тыдні ў Горадні пачаўся суд над Ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам, якога абвінавачваюць у няўплаце падаткаў. М.Аўтуховіч лічыць, што яго перасьледуюць з-за канфлікту зь мясцовымі ўладамі. Ён абвінавачвае мясцовых чыноўнікаў у службовых злоўжываньнях.

Яшчэ адна палітычная справа заведзена ў Воршы. Там пасьля праверкі пракуратура распачала крымінальную справу супраць мясцовага апазыцыянэра Мікалая Разумава. Яго абвінавацілі ў паклёпе на прэзыдэнта.

Нагадаю, паводле гэтага артыкулу ў Беларусі адбывае пакараньне лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі. Днямі яго выпісалі з турэмнага шпіталя, але сваякі кажуць, што Леванеўскі па-ранейшаму адчувае сябе дрэнна, у яго баліць сэрца.

28 красавіка выйшаў на волю актывіст партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч, якога пакаралі 3 месяцамі арышту за спробу сарваць з будынку Менскага гарвыканкаму дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг. Цікава было пачуць камэнтар Зьмітра да падзеяў, якія адбыліся за час ягонага арышту:

(Касьпяровіч: ) "Усьцешна, што столькі людзей выйшла, што ўсё ж такі краіна абудзілася, і я вот зараз адчуў у атмасфэры: у людзей нейкае такое жаданьне працягваць змагацца. Што ня ўсё страчана, пэўна, нават такі, быць можа, пералом, што рэжым дайшоў да свайго піку".

Тым часам у Жодзінскім ізалятары па-ранейшаму знаходзіцца Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта, якога абвінавацілі ў арганізацыі вулічных беспарадкаў і хуліганстве. Ад удзелу ў сьледчых дзеяньнях сп. Казулін адмовіўся і не саступае. Пра гэта паведамілі ягоныя сваякі, якія бачыліся зь ім учора ў турме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG