Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Дашкевіча арыштавалі на 14 сутак (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Сустаршыню незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча арыштавалі на 14 сутак. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгах і шэсьці 26 красавіка. Зьміцер — пяты арыштаваны ўдзельнік "Чарнобыльскага шляху".

Зьміцер Дашкевіч сам прыйшоў у аддзел міліцыі. Там на яго ўжо былі падрыхтаваныя паперы для перадачы справы ў суд. Пасьля таго, як Зьміцер паставіў свой подпіс на адміністрацыйным пратаколе, хлопца адвялі ў суд, які знаходзіцца побач зь міліцыяй.

Спэцназаўцы ўжо былі ў будынку суду і не пускалі туды паплечнікаў Дашкевіча. Пасьля скаргаў і тэлефанаваньняў у Вярхоўны Суд маладафронтаўцам і журналістам дазволілі прысутнічаць на паседжаньні.

Зьміцер Дашкевіч не адмаўляў, што браў удзел у акцыі. Ён заявіў, што заклікаў людзей прайсьці ад Акадэміі навук да капліцы на вуліцу Карастаянавай па маршруце, які быў дазволены ўладамі.

Судзьдзя Аляксандар Карпінчык ня стаў абвяшчаць перапынку для вынясеньня прысуду і адразу агучыў пастанову суду: 14 сутак арышту. Судзьдзя папрасіў спэцназаўцаў адвезьці Зьмітра, а ўсе неабходныя паперы забраць пазьней. Міліцыянты не далі падысьці да Зьмітра ягоным паплечнікам і журналістам. Яны хутка пацягнулі яго ўніз па сходах і зачынілі ў памяшканьні, дзе трымаюць падсудных у крымінальных справах.

Паплечнікі Зьмітра Дашкевіча з абурэньнем успрынялі прысуд. Гаворыць Барыс Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) "“Малады фронт” абураны такім рашэньнем суду. Дашкевіч прызнаў у судзе, што ўдзельнічаў у зборы людзей на Акадэміі навук і заклікаў людзей прайсьці да Чарнобыльскай капліцы, якая знаходзіцца на плошчы Бангалор. Безумоўна, гэта палітычны прысуд. Зьмітра Дашкевіча пасадзілі на 14 сутак, каб ён ня мог удзельнічаць у працы дэмакратычных сілаў, каб ён ня мог удзельнічаць у акцыі 1 траўня, на якую зьбіраецца “Малады фронт”. Усё адно, моладзь гэтым не запалохаць, і мы выйдзем на акцыю 1 траўня”.

Паплечнік Зьмітра Дашкевіча, актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук дадаў:

(Хведарук: ) “Усе гэтыя суды працягваюцца толькі дзеля таго, каб запалохаць моладзь, каб моладзь не выходзіла на вуліцы й не пратэставала супраць гэтага рэжыму. Але Зьміцер Дашкевіч і ўвесь “Малады фронт” паказваюць усёй краіне, што арыштам аднаго чалавека моладзь не спыніць. Свабода ня спынецца ад арышту аднаго чалавека”.

Зьміцер Дашкевіч — пяты арыштаваны ўдзельнік Чарнобыльскага шляху. 27 красавіка арыштавалі Аляксандра Мілінкевіча, Сяргея Калякіна, Вінцука Вячорку і Аляксандра Бухвостава.

Супрацоўнікі міліцыі шукаюць Віктара Івашкевіча, Анатоля Ляўковіча і Віктара Карняенку. Яны выступалі на мітынгу каля прэзыдыюму Акадэміі навук. Паводле міліцыянтаў, гэта сьведчыць пра іхны актыўны ўдзел у апазыцыйнай акцыі.

Гл.таксама • А.Мілінкевіч пакараны арыштам на 15 сутак, С.Калякін – на 14 (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG