Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Падгол: “Цытатнік Лукашэнкі — гэта ягоны псыхалягічны гардэроб”


Міхась Скобла, Радыё Свабода (эфір 12 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Кожны сапраўдны правадыр павінен нагаварыць крылатых выразаў. Згадайма цытатнікі Маа Цзэдуна ці палкоўніка Муамара Кадафі. Народ мусіць мець зручныя й падручныя мудраслоўі на ўсе выпадкі жыцьця, каб не абцяжарваць сябе непатрэбным думаньнем. Калі за цябе думае правадыр — навошта думаць табе? Нядаўна ў Менску зьявіўся яшчэ адзін цытатнік. Ягоны аўтар — Аляксандар Лукашэнка, а складальнік — Уладзімер Падгол.

(Міхась Скобла: ) “Уладзімер, на памяць прыходзіць яшчэ адна гістарычная аналёгія. За непісьменным Чынгіс-ханам увесьчасна езьдзіў чалавек, які на гліняных дошчачках запісваў думкі вялікага кагана. Яны потым былі зацьверджаны як своеасаблівыя законы. А ці мела месца нешта падобнае ў дэмакратычным сьвеце?”

(Уладзімер Падгол: ) “Так. У 2002 годзе я быў у Злучаных Штатах Амэрыкі й зайшоў у кнігарню непадалёк ад Белага дому. І там на паліцы ляжала кніжачка выказваньняў Буша — гэтак званыя “бушызмы”. І тады мне падумалася: а няблага было б сабраць і выдаць “лукашызмы”. Яшчэ перад маёй паездкай у ЗША ідэю падобнай кнігі мне падказваў Васіль Сёмуха. Ён шмат гадоў са мной працаваў, дапамагаў мне як рэдактар кнігі “Куля для прэзыдэнта”, дзе было многа цытат з Лукашэнкі. Аднойчы Сёмуха мне й сказаў, што гэтыя цытаты — самастойны мастацкі твор, асабліва калі прыбраць мае камэнтары. Ну, прыбраць дык прыбраць…

Складзены мною зборнік можна чытаць па-рознаму. Вось ты чытаў з іроніяй. А я аднойчы трапіў у нечаканую сытуацыю. Памятаеш, Лукашэнка ў 1996 годзе на першым усенародным сходзе публічна на ўсю краіну заявіў: “Я праваслаўны атэіст”. І калі я расказаў пра гэта адной адукаванай жанчыне, яна раптам кажа: “А што? І я праваслаўная атэістка!”. У мяне быў шок. І тады я зразумеў: тое, з чаго мы з табой сьмяемся, многія людзі ўспрымаюць сур’ёзна. І калі ім даць пачытаць гэты зборнік, то яны падпішуцца пад 70% выказваньняў Лукашэнкі й будуць іх бараніць. Таму тут усё ня так проста наконт абсурду, які некаторымі ўспрымаецца як ісьціна”.

(Скобла: ) “Праглядаючы цытатнік Лукашэнкі, я згадваў: гэта ён гаварыў, адарваўшыся ад паперкі, тут таксама імправізаваў. Не сакрэт, што для некаторых палітыкаў трапныя выказваньні пішуць прафэсійныя афарысты. А тут атрымліваецца, што кіраўнік Беларусі — сам аўтар усіх выказваньняў?”

(Падгол: ) “Чыста фармальна ты маеш рацыю. Але па сутнасьці, з псыхалягічнага пункту гледжаньня, аўтарам выказваньняў зьяўляецца гісторыя ягонага роду. Я ў гэты зборнік ня ўсе абсурдныя цытаты ўключыў. У ім толькі выказваньні, дзе ён праяўляе свой архетып, гэта значыць, від дзейнасьці сваіх продкаў, якія жылі, можа, некалькі тысячагодзьдзяў таму. Гэта таксама від дзейнасьці й паганскіх багоў, зь якімі жылі нашы продкі, абсалютна не адасабляючы боскага жыцьця ад свайго. Падам прыклад. 1996 год, тэлесэлектарная нарада, бітва за ўраджай. Лукашэнка зьвяртаецца да кіраўніка Берасьцейскай вобласьці Заламая: “Ты тройчы скардзіўся мне на засуху — я табе дождж даў!”. Гэта сказаў не Лукашэнка, гэта сказаў Дажбог, паганскі бог. І Лукашэнка ў гэты момант абсалютна верыў у тое, што гаварыў. Такім чынам, ён ёсьць проста рэтрансьлятарам архетыпаў. У гэтым яго ўнікальная здольнасьць — ня кожны такое можа”.

(Скобла: ) “Але, калі адкінуць містыку, у зборніку ўсё ж ягоныя імправізацыі”.

(Падгол: ) “Не, тут я з табою ня згодзен. Гэта не імправізацыі, гэта крыкі, воклічы ягонай душы. Справа ў тым, што архетып нельга праявіць у спакойным стане, ён праяўляецца толькі ў стрэсавай сытуацыі. Што для Лукашэнкі стрэсавая сытуацыя? Пагроза ягонаму жыцьцю альбо пагроза ягонай уладзе. Што адбылося на трэцім усебеларускім сходзе? Лукашэнка адказваў на пагрозы Казуліна. Пасьля выступу Казуліна па тэлевізіі ён перажыў стрэс. І адразу палез архетып з глыбіняў ягонай душы. А калі стрэс праходзіць, ён прамаўляе культурненька, тады на ім цывілізацыйны налёт сучаснага прэзыдэнта. Яшчэ адзін прыклад. У ЗША я быў у адной сям’і. Адчыняю шафу на ўсю сьцяну — а там дзьвесьце пар чаравікаў, сто касьцюмаў вісіць! Вось і ў Лукашэнкі столькі ж душ, якія ён праяўляе ў розных стрэсавых сытуацыях”.

(Скобла: ) “Максім Гарэцкі пісаў пра дзьве душы беларуса. А тут тысяча душ?”

(Падгол: ) “Тысяча душ. Езьдзячы па Беларусі, Лукашэнка сустракаецца з тысячамі людзей, і ён імгненн адчувае псыхалягічныя чаканьні чалавека, зь якім размаўляе. І пачынае гаварыць зь ім, рэзанаваць тою душою, якая найбольш адпавядае ў дадзенай сытуацыі. У гэты момант ён выдатны актор. І мы бачым, што з бабулькай ён так размаўляе, зь дзядулькам — гэтак, з маладзіцай ужо зноў па-свойму. Абсалютна рознымі мовамі. Гэта, нібы, ягоны псыхалягічны гардэроб. Во, і зборнік, пра які мы гаворым, можна было б назваць “Псыхалягічны гардэроб Лукашэнкі”.

(Скобла: ) “Выказваньні, сабраныя ў зборніку, трэба прызнаць, шырокавядомыя ў грамадзтве. Яны цытуюцца ў самых розных слаях насельніцтва. У чым сакрэт іх папулярнасьці?”

(Падгол: ) “Падчас выступаў Лукашэнкі мы назіраем фэномэн дэманстрацыі псыхалягічнага ценю. Тое самае, дарэчы, рабіў і Гітлер. Што гэта такое? Кожны чалавек ведае свае заганы, адмоўныя рысы й якасьці свайго характару. Зазвычай чалавек у жыцьці імкнецца іх не праяўляць, стрымлівае сябе, умоўна кажучы, цывілізацыйнымі абцугамі. А вось палітычныя лідэры, прамаўляючы перад тысячамі й мільёнамі слухачоў (асабліва ў фрустраваным, заціснутым грамадзтве), часам інтуітыўна пачынаюць дэманстраваць свой псыхалягічны цень — свае заганы, адмоўныя рысы. І гэта ўспрымаецца натоўпам як найвялікшая вартасьць. Людзі тады пачынаюць любіць свайго куміра. Лукашэнка адчувае, чаго й калі народ ад яго чакае. Каб далёка не хадзіць, прыгадаем трэці ўсебеларускі сход. Лукашэнка пра Казуліна — “ён бутэлькі зь півам на лыжні адкрываў!” І ўся заля рагоча! Паглядзіце, як вобраз намаляваны суперніку, якога трэба зьнішчыць! У навуцы вядомы сьмехавая іронія й сьмехавая агрэсія. У гэтым сэнсе іранічна-парадыйныя выказваньні Лукашэнкі — гэта своеасаблівыя кулі, якія мусяць забіваць супернікаў. Забіваць сьмехам”.

(Скобла: ) “Пад кожнай цытатай ты пазначаеш: калі й дзе такое гаварылася, дзе было апублікавана. Але ёсьць цытаты й без спасылак, на ўзроўні чутак. Напрыклад, нібыта, сказанае Лукашэнкам мітрапаліту Філярэту: “Ты навошта гэтыя нацыяналістычныя стужачкі начапіў?” (Маецца на ўвазе мантыя Ўладыкі.) Ці не здаецца табе, што гэта пайшла ўжо народная творчасьць, пачаўся другі жанр?”

(Падгол: ) “Не. Я хачу папярэдзіць усіх чытачоў — ува ўсім зборніку толькі некальк цытат без дакладных спасылак. Што да згаданага табою выказваньня, то гэта абсалютна дакладная цытата. І я гатовы назваць крыніцу — Лявон Баршчэўскі. Ён пачуў працытаваныя словы ад самога Філярэта. Гэта было ў 1995 годзе, пасьля таго, як Філярэт напярэдадні рэфэрэндуму аб зьмене нацыянальнай сымболікі выйшаў у тэлеэфір і паўтары гадзіны зь бел-чырвона-белымі стужкамі на мантыі зьвяртаўся да вернікаў з прамовай. Ён выйшаў на дэманстрацыю й прыцягваў увагу да таго, што Беларусь можа застацца адзінай дзяржавай у сьвеце, якая мае сьцяг з хрысьціянскімі колерамі. Вось пасьля таго тэлеэфіру Лукашэнка й папракнуў Філярэта. Падкрэсьліваю: усе выказваньні, зьмешчаныя ў зборніку, — гэта не народная творчасьць, гэта абсалютна дакладныя цытаты з выступаў Лукашэнкі. Дарэчы, ты трымаеш у руках трэцяе выданьне, і рыхтуецца чацьвёртае. Зборнік карыстаецца попытам”.

(Скобла: ) “Падзагаловак зборніка — “з калекцыі Ўладзімера Падгола”. Як тэхнічна адбывалася фармаваньне гэтай калекцыі? Бо наўрад ці магчыма праслухаць усе выступы кіраўніка Беларусі. Табе нехта дапамагаў?”

(Падгол: ) “Памочнікаў практычна не было, яны зьяўляюцца апошнім часам. Што я рабіў? Калі ішлі тэле- ці радыёвыступы, я запісваў. Калі выступ нудны, я нешта раблю сваё. Але калі пачынае праяўляцца архетып, я ўсё кідаю й проста атрымліваю асалоду. Бо перада мной зьяўляецца не цывілізаваны прэзыдэнт, а старажытны чалавек, які жыў пяць ці дзесяць тысячагодзьдзяў таму. Перад сабою ён бачыць племя, у ягоных вачах бляск вогнішча. І пайшоў душу сваю старажытную паказваць! Адбываецца як бы містыфікацыя псыхалягічнай бітвы з кімсьці”.

(Скобла: ) “Неўзабаве прэзыдэнцкія выбары. Неаднаразова Аляксандар Лукашэнка, як заклён, паўтарае й паўтарае словы, што другі прэзыдэнт беларускаму народу не патрэбен. Фактычна, ён хваліць сам сябе. Але ж у народзе ня любяць самахвалаў. Дык навошта шкодзіць самому сабе?”

(Падгол: ) “А ён прыдумаў хітры спосаб. Лукашэнка ніколі сам сябе ня хваліць. Разыгрываецца спэктакаль такі: ён як бы стаіць збоку й бачыць усіх збоку, і разважае пра ўсё таксама збоку — ці пра народ, ці пра супернікаў, ці пра надвор’е жудаснае, ці пра Захад, ці пра Крэмль. І ён сам як бы збоку апісвае падзеі, якія адбываюцца між тым Лукашэнкам, які перад ім, і ўсімі астатнімі. Мы бачым спэктакаль у асобах, які ён паставіў. І атрымліваецца, што ён сам сябе ня хваліць. У зборніку, дарэчы, шмат цытат, дзе ён пра сябе ў трэцяй асобе гаворыць”.

(Скобла: ) “Увесь Менск застаўлены й завешаны плякатамі “За Беларусь!” Пад гэткім жа лёзунгам прайшлі па ўсёй краіне канцэрты папулярных выканаўцаў. Але наколькі “За Беларусь!” азначае “За Лукашэнку!” Ці ўдалося ўладзе зманапалізаваць гэты лёзунг?”

(Падгол: ) “Зьвярні ўвагу на адну рэч. Прыкладна месяц таму Лукашэнка даў інтэрвію беларускім дзяржаўным тэлеканалам. І гаварыў ён там пра сваё галоўнае дасягненьне — усталяваньне незалежнасьці Беларусі. І словы “незалежнасьць” і “сувэрэнітэт” падчас таго інтэрвію ён згадаў каля сарака разоў! У нас Беларусь і стабільная, і спакойная, і багатая, і інтэлектуальная і г.д. Уся гэтая прапаганда накіравана толькі на адно: атаясаміць слова “Беларусь” са словам “Лукашэнка”. Да моманту выбараў падмяніць лёзунг “За Беларусь!” лёзунгам “За Лукашэнку!” І я думаю, што ў пэўнай ступені прапаганда дасягае сваёй мэты. Бо супернікі Лукашэнкі падаюцца ёю ж як людзі, што выступаюць супраць Беларусі. Яны, па афіцыйнай вэрсіі, маюць намер, калі прыйдуць да ўлады, прадаць Беларусь ці Захаду, ці Крамлю, ці алігархам. А Лукашэнка — адзіны абаронца сувэрэнітэту й незалежнасьці”.

(Скобла: ) “Калі ён сорак разоў ужыў словы “незалежнасьць” і “сувэрэнітэт”, значыць, ён усьведамляе іх значнасьць для народу. Дык што яму перашкаджае напоўніць іх адпаведным зьместам?”

(Падгол: ) “Тое, што Лукашэнка часта ўжывае гэтыя словы, зусім ня значыць, што ён усьведамляе іх сапраўдны зьмест для народу. Ён усьведамляе гэты зьмест для сябе. Незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі для яго — гэта незалежнасьць і сувэрэнітэт Лукашэнкі. Проста на дадзеным гістарычным этапе так супала, што, баронячы сябе, сваю ўласную незалежнасьць, ён як сродак вымушаны выкарыстоўваць незалежнасьць Беларусі. Вось так пераплятаюцца ў гісторыі ўласныя інтарэсы й агульнанародныя”.

(Скобла: ) “У прадмове да складзенага табою зборніка ты цьвердзіш, што ў 2005 годзе рэйтынг Лукашэнкі ў Расеі пераўзышоў рэйтынг Пуціна. Але ж кіраўнік Беларусі ў Расеі бывае рэдка, у рэгіёны расейскія яго не пускаюць. Дык адкуль рэйтынг?”

(Падгол: ) “Ставячы сабе за мэту ўзьняць рэйтынг у Расеі, Лукашэнка рэгулярна запрашае расейскіх рэгіянальных журналістаў. Тыя наяжджаюць у Беларусь, як на папас, і вязуць дахаты ўсю патрэбную інфармацыю — і відэазапісы, і аўдыёзапісы. Да таго ж, постсавецкае грамадзтва, грамадзтва інфармацыйнага пост-таталітарызму, яно вельмі ўспрымальнае да мітаў і чутак. Просты прыклад: летась усю Беларусь ахапілі чуткі — у Чарнобылі адбыўся новы выбух. Інфармацыя імгненна распаўсюдзілася па Менску, па ўсёй краіне, мне дачка зь Віцебску званіла, пыталася. Людзі былі агаломшаныя. Нават афіцыйная прапаганда мусіла сыстэматычна аспрэчваць тыя чуткі. Гэты ж эфэкт выкарыстоўвае й каманда Лукашэнкі, ствараючы вакол яго міт пра палітычнага лідэра, які ўтварыў у Беларусі рай на зямлі”.

(Скобла: ) “Аляксандар Лукашэнка выказаўся практычна на ўсе тэмы. Якое ягонае выказваньне магло б быць выкарыстана як эпітафія дыктатуры ў Беларусі?”

(Падгол: ) “Я прыгадаў бы словы Лукашэнкі, сказаныя 14 сакавіка 2003 году на сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Вось яны: “Што такое Лукашэнка? Гэта маленькая, непрыкметная пылінка. І гэта нават не імгненьне — яго дзейнасьць”. Вось такую аўтаэпітафію прыдумаў Лукашэнка сам сабе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG