Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Залескі: Раней ці пазьней Беларусі давядзецца плаціць поўны кошт газу


Ганна Соўсь, Менск Віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка і старшыня праўленьня “Газпрому” Аляксей Мілер пацьвердзілі абавязаньні Беларусі й “Газпрому” паводле кантракту на пастаўку і транзыт газу ў 2007—2011 гадах. Як прагназуюць аналітыкі, абмяркоўваць кошт расейскага газу сёлета больш ня будуць.

Колькі дакладна будзе каштаваць расейскі газ для Беларусі ў наступным годзе, “Свабодзе” не сказалі ні ў “Газпроме”, ні ў “Белтрансгазе”.

Прадстаўніца прэсавай службы расейскай кампаніі Тацяна Галубовіч паведаміла:

“Пакуль мы цаны не прапісваем. Яна будзе пазьней абвешчаная. Калі-небудзь”.

Нагадаю, што ў адпаведнасьці з падпісаным летась паміж “Газпромам” і “Белтрансгазам” кантрактам, цана расейскага газу ў 2007 годзе склала 100 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Паводле дамовы формула цаны з 1 студзеня 2008 году мае адпавядаць формуле цаны пры пастаўках расейскага газу ў Эўропу.

“Літасьці няма чаго чакаць ад Расеі”

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што яшчэ зарана разьлічваць гэтую цану:

“У адпаведнасьці з той формулай цаны, яна разьлічваецца з таго, якой цана газу ёсьць на ўсясьветным рынку — у Польшчы, Нямеччыне. Гэтай цаны нельга цяпер разьлічыць, паколькі яна павінна быць разьлічаная пры канцы году”.

Карэспандэнтка: “На гэты момант гэта якая цана?”

Злотнікаў: “Дзесьці павінна быць 150—160 даляраў. Але гэта не канчаткова. Паколькі цэны да канца году могуць зьмяніцца”.

Леанід Злотнікаў мяркуе, што абмяркоўваць цану на газ сёлета больш ня будуць.

“Торг можа быць, калі гэта палітычны торг. Але цяпер апошні крок — адмова Расеі пракласьці другую нітку газаправоду — сьведчыць пра тое, што вельмі напружаныя дачыненьні й што літасьці няма чаго чакаць ад Расеі”.

“Цяпер наступствы поўнага кошту на газ гасяцца празь зьнешняе крэдытаваньне”

Эканаміст Міхал Залескі гаворыць, што беларускія ўлады ўжо ўсьвядомілі, што трэба адаптавацца да новых умоваў, да новых коштаў на газ.

“Яшчэ як быў першы газавы крызіс, была падрыхтаваная кніга “Энэргетычная бясьпека ва Ўсходняй Эўропе”. І беларускія экспэрты сышліся на тым, што раней ці пазьней нашай краіне прыйдзецца плаціць поўны кошт газу.

І таму што Расея ня будзе спрыяльных умоваў ствараць, і таму што ўсярэдзіне Расеі таксама будуць выходзіць на агульныя кошты дзеля глябалізацыі, уступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю”.

Карэспандэнтка: “Калі наступствы поўнага кошту на газ істотна адчуюць у Беларусі?”

Залескі: “Цяпер наступствы поўнага кошту на газ гасяцца празь зьнешняе крэдытаваньне. Запазычанасьць імкліва ўзрастае. І адмоўнае сальда, якое ўзьнікае дзеля закупкі газу і нафты паводле высокіх коштаў, гасім праз пазыкі.

Пазычаць таксама доўга нельга. І адаптаваць эканоміку трэба хутчэй. Можна трактаваць як першыя спробы адаптацыі тое, што пачынаецца прыватызацыя нейкіх прадпрыемстваў”.

Летась у сьнежні, за некалькі хвілінаў да Новага году, “Газпром” і “Белтрансгаз” падпісалі кантракт на пастаўку газу ў 2007—2011 гадах. Дакумэнт вызначыў цану расейскага газу на 2007-мы — 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Ад пачатку 2008 году цана складзе 67% ад цаны на эўрапейскім рынку.

Ад пачатку году цана на расейскі газ вырасла з 47 да 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. У студзені-чэрвені 2007 году Беларусь аплачвала 55% кантрактнай цаны газу.

Ад 1 ліпеня Беларусь пачала плаціць поўную цану за пастаўкі газу ў Беларусь. Пры гэтым “Газпром” купляе 50% акцыяў “Белтрансгазу” за 2,5 мільярда даляраў — роўнымі плацяжамі цягам чатырох гадоў.

Сёлета “Газпром” ужо пералічыў беларускаму боку 625 мільёнаў даляраў за набыцьцё 12,5% акцыяў “Белтрансгазу”.

Расея: “Для будаўніцтва новага газаправоду празь Беларусь няма падставаў”, 1.11.2007 Аналітыкі зноў сёлета прагназуюць расейска-беларускі газавы канфлікт, 11.10.2007 “Газпром” вызначыць цану газу для Беларусі без дадатковых перамоваў, 30.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG