Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бо калі Каліноўскага пакаралі вісельняй, дык беларускі народ — забаронай друку”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 31 кастрычніка ў розныя гады мінулага.

На гэтым тыдні 1927 году “Сялянская ніва” паведамляе пра першае выступленьне Беларускага народнага тэатру ў Вільні: “Тое, што паказалі артысты на сцэне, разыграўшы п’еску пад назовам “Паўлінка”, зьяўляецца творам твайго песьняра і прарока — Янкі Купалы. Вытварыўшы сцэнічныя абразы з тваіх жыцьцёвых праяваў ён, як запраўдны прарок, ня мог ня ўсьніць сабе, што ты, Беларускі Народ, заб’еш сумліў у прыяцеляў і надзею на тваё няісненьне ў ворагаў... глыбокай любоўю і прыхільнасьцю да шэрае сьвіткі-сярмягі. Што гэта? Гэта ня толькі адзнака жывучасьці, але-ж і сымболь...”

У “Віцебскім пролетарыі” 1937 году зьвяртае на сябе ўвагу такая рэклямная абвестка: “Віцебская дзяржаўная абутковая фабрыка “Прагрэс” выпускае абутак павышанай якасці: жаночыя розных фасонаў і расцветак, на каблуках (нізкі, венскі, англійскі), мужчынскія бацінкі і поўбацінкі розных фасонаў, дзіцячыя і недамеркі. Уся прадукцыя выпускаецца з высокаякаснага верхняга і ніжняга тавару”.

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1957 году дае слова Янку Запрудніку, які да 10-годзьдзя газэты піша: “Сілу беларускага друкаванага слова выявіў яшчэ Кастусь у сваёй “Мужыцкай Праўдзе”. Бо калі Каліноўскага пакаралі вісельняй, дык беларускі народ — забаронай друку. Гэта мелася быць вісельняй нашае нацыянальнае душы. Цары, каб адабраць сілу, адабралі друк. Іхныя чырвоныя нашчадкі далі друк, каб параліжаваць сьвядомасьць, розум. І адным, і другім робіцца страшна, калі народ думае ўголас. У прэсе-ж рэалізуецца ня толькі найпершае дамаганьне чалавека — свабода слова, праз прэсу выяўляецца ўва ўсёй сваёй вайстрыні і сама сіла гэтага слова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG