Шматдзетны бацька з Мар’інай Горкі Віктар Евілін (такое напісаньне прозьвішча ў дакумэнтах у героя публікацыі. — Рэд.) спрабуе аспрэчыць рашэньне Дэпартамэнту міграцыі Літвы, каб застацца жыць у гэтай краіне. Яго прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» і ня сталі падаўжаць дазвол на жыхарства, бо з 1994-га па 2013 год ён служыў у МНС. Пад канец службы займаўся статыстыкай і ацэнкай наступстваў пажараў.
Дазвол Віктар атрымаў раней з мэтай «аб’яднаньня сям’і» (ягоная жонка мае літоўскія карані). У Літве ў Віктара чацьвёра дзяцей: два старэйшыя сыны і дзьве дачкі (адна вучыцца ва ўнівэрсытэце, другая — школьніца). Сям’я жыве ў Вільні з 2020 году, сюды яны прыехалі паводле гуманітарных візаў. Раней Свабода падрабязна расказвала гісторыю сям’і Віктара.
Суд першай інстанцыі ня стаў на бок Віктара і падтрымаў рашэньне Дэпартамэнту міграцыі: не выдаваць дазволу на жыхарства, прызнаць пагрозай нацыянальнай бясьпецы, забараніць уезд у Літву на 30 месяцаў. Падстава — выснова Дэпартамэнту бясьпекі Літвы, якая прыводзіцца ў рашэньні суду (дакумэнт ёсьць у распараджэньні рэдакцыі. — РС). Высновы гэтага заключэньня наступныя:
- Калі чалавек працаваў у МНС, нават даўно, ён мусіў быць ляяльным да беларускіх уладаў.
- Калі чалавек там працаваў, то ў яго маглі захавацца кантакты з супрацоўнікамі.
«Не зьвярнулі ўвагу, што ў Беларусі я быў актывістам»
Пры гэтым ніякіх канкрэтных фактаў ляяльнасьці Евіліна да беларускіх уладаў не прыводзіцца, пра што таксама сказана ў рашэньні суду.
«Суд першай інстанцыі не разгледзеў мае довады, што я быў актывістам, што мне небясьпечна ехаць у Беларусь, што ў мяне тут сям’я. Яны паклалі ў рашэньне высновы Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі», — кажа Віктар.
У Беларусі ён быў актыўны ў розных палітычных суполках, да 2020 году і падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020-га году.
«Я бываў на варце ў Курапатах, калі там адкрылі рэстаран „Поедем поедим“, быў на сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР у Менску. А ў 2020 годзе мы актыўна ўліліся ў хвалю, падтрымлівалі Ціханоўскую. Я ўваходзіў у мясцовую групу ў Пухавіцкім раёне, і мы каардынавалі сустрэчы, выступы, вялі перапіску зь мясцовымі ўладамі. Арганізоўвалі пікеты, запрашалі актывістаў зь Менску. Пасьля ўжо зьбіралі грошы на дапамогу палітвязьням», — пералічвае суразмоўца.
Таксама ён кажа, што дапамагаў палку імя Кастуся Каліноўскага, які аб’ядноўвае беларускіх ваяроў ва Ўкраіне. Віктар сьцьвярджае, што ў Беларусі амаль ні з кім не кантактуе, апроч маці. Перад пераездам сям’я прадала свой дом у Пухавіцкім раёне.
«Яны апэлююць да таго, што ёсьць верагоднасьць маёй ляяльнасьці да ўладаў. І гэта выснова робіцца толькі з таго, што я служыў у МНС. Хаця ў 2013 годзе там была зусім іншая сытуацыя», — дадае Віктар.
Цяпер беларус чакае другі суд вышэйшай інстанцыі, які мусіць адбыцца ў канцы студзеня. У Літве ён можа знаходзіцца, бо падаўся на ўцякацтва як палітычны актывіст. Калі б не зрабіў гэтага кроку, Віктар ужо мусіў бы выехаць зь Літвы. Гэтыя паўгода ён ня мог афіцыйна працаваць, хаця раней меў працу электрамантажнікам, а афіцыйна ў Літве працуе з 2021 году.
Пакуль усе выдаткі на адвакатаў і суды, па словах Віктара, склалі каля 2500 эўра. Большую частку гэтых сродкаў удалося сабраць дзякуючы фонду BySol, які абвяшчаў збор для дапамогі беларусу.
Форум