Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Вольга Іпатава, Анатоль Сідарэвіч, Севярын Квяткоўскі


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Аўтары: Валянціна Аксак, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Скобла. Рэдактар: Сяргей Абламейка.

ЛІТПРАЦЭС

ВОЛЬГА ІПАТАВА: “ПРЫХОДЗЬЦЕ НА МАГІЛЫ ЗМАГАРОЎ ЗА СВАБОДУ”

“Свабода да апошняга дыханьня” – так называецца новая кніга Вольгі Іпатавай. У яе ўвайшлі дарожныя эсэ пісьменьніцы. Але гэта ня проста літаратурныя нататкі з вандроўных уражаньняў, а нататкі пра месцы апошняга спачыну дзеячаў нацыянальнае культуры і гісторыі ды змагароў за свабоду і незалежнасьць Беларусі. Гэтая кніга – адмысловы нацыянальны нэкропаль, наведваць які пісьменьніца заклікае сваіх чытачоў. З Вольгай Іпатавай гаворыць наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадарыня Вольга, жанрам сваёй новай кнігі вы выбралі ня проста падарожныя нататкі, а запрашаеце чытачоў усьлед за аўтаркай наведаць магілы рыцараў-змагароў за свабоду Беларусі. Гэткі адмысловы літаратурны нэкропаль напісалі. Як вы прыйшлі да думкі зрабіць кнігу менавіта ў такім жанры?”

Вольга Іпатава: “Мяне калісьці ўразіў прачытаны сказ пра тое, што палякі ў свой час, калі нельга было зьбірацца і рабіць нейкія маніфэстацыі пасьля таго, як яны страцілі незалежнасьць, зьбіраліся каля магіл паўстанцаў. Там яны маглі гаварыць пра Айчыну, пра страту свабоды, пра будучыню. Адным словам, нэкропаль стаў для іх падмуркам адраджэньня дзяржаўнай самастойнасьці. У наш час, калі тры-чатыры чалавекі зьбіраюцца ў кватэры і іх могуць там арыштаваць, я думаю, што мы маглі б таксама зьбірацца каля магіл людзей, якія аддалі свае жыцьці за свабоду”.

Аксак: “Спадарыня Вольга, вы знаходзіце гэтыя магілы ў самых розных месцах як самой цяперашняй адміністрацыйнай тэрыторыі Беларусі, так і за мяжой”.

Іпатава: “Я пісала для тых, хто захоча паехаць па Беларусі, каб ведалі, чые магілы ў нас ёсьць. Таму што я сама заўсёды там адчувала глыбокае хваляваньне і нейкі ўздым, духоўны і душэўны. І я хацела б таксама запрасіць сваіх суайчыньнікаў-беларусаў гэта рабіць – прыходзіць да канкрэтных магіл. Ня проста любіць герояў у прасторы і часе наагул, а канкрэтнымі справамі. Таму што калі прыходзіш, да прыкладу, да магілы Міхася Явара на Падбаранскія могілкі, то прыходзіш на абсалютна пустэльныя могілкі. Нідзе нікога, ні вёсачкі ня бачна, толькі адны могілкі пад ліпеньскім сонцам. І вось мы, купка людзей, якія выдралі траву там, дарожкі пратапталі – зрабілі нейкую канкрэтную справу. Гэта ж таксама застаецца. Калі нешта з гэтага, што ўсхвалявала там маю душу, дойдзе да чытачоў, я буду шчасьлівая”.

Аксак: “А колькі ўсяго вы, спадарыня Вольга, прапануеце сваім чытачам гэтых адрасоў вандровак да магілаў? Скажам, я прачытала, што ў Вішневе вы апісваеце тры магілы славутых людзей, у Вільні больш дзясятка...”

Іпатава: “Больш у Вільні, значна больш... Я хачу заклікаць іншых да таго, каб апісаць нэкропалі беларусаў у замежжы. Можа быць, знойдзецца нехта з маладых, хто напіша пра беларускі нэкропаль у Амэрыцы, альбо беларускі нэкропаль у Канадзе, у Нямеччыне і гэтак далей. Гэта вельмі важна, мне здаецца, таму што людзі ўсё сваё жыцьцё прысьвяцілі Беларусі, аддалі ёй сябе, а мы – такія няўдзячныя нашчадкі – нават ня ведаем, дзе яны пахаваныя”.

Аксак: “А ў гэтай кніжцы колькі такіх адрасоў?”

Іпатава: “Ведаеце, я неяк не палічыла іх. Можа быць таму, што для мяне было больш важнае маё духоўнае ўспрыняцьце гэтых мясьцінаў, мая духоўная памяць. Я палічу, каго я ўжо ўзгадала, і параюся сама з сабой, што я яшчэ змагу і ці змагу яшчэ напісаць пра такія падарожжы. Бо і сілы, і магчымасьці паехаць нават па Беларусі ў які-небудзь глухі куточак не заўсёды ёсьць. І безь некаторых людзей я не знайшла б, мабыць, многіх магіл. Да прыкладу, безь Лявона Карповіча не знайшла б я магілы сарака паўстанцаў. А гэта ж нашы паўстанцы, наша з Польшчай агульная гісторыя.

Дарэчы, я там пабачыла, што палякі памятаюць пра гэта. І як толькі пры канцы 80-х пачатку 90-х зьявілася магчымасьць, яны адразу гэтыя магілы пастараліся аднавіць. Паставілі там крыжы, дзе ўказалі людзі, якія з пакаленьня ў пакаленьне перадавалі памяць пра сорак паўстанцаў. Пра іх напісала Эліза Ажэшка ў рамане “Над Нёманам”. Я пасьля наведваньня тых магілаў перачытала гэты раман, хаця я яго чытала ў маладосьці на польскай мове. Але калі ты ня ведаеш усіх нюансаў гэтага паўстаньня, яго задач, вось гэтай барацьбы за агульную Айчыну, але найперш барацьбы беларускіх патрыётаў, то ты не зразумееш мастацкі твор той жа Элізы Ажэшкі, як гэта ня дзіўна.

Тым, што я зразумела за час маіх гэтых падарожжаў, мне захацелася падзяліцца з маімі чытачамі і заклікаць да стварэньня такіх кніг памяці, сапраўдных кніг памяці. Добра, канечне, што выйшла дзяржаўная сэрыя кніг “Памяць”, але там пра паўстанцаў, пра беларускіх патрыётаў, пра эмігрантаў амаль што нічога не гаворыцца”.

КРЫТЫКА

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ: “ГЭТА ІНШАЯ, АЛЕ ЎСЁ Ж НАША БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА”

Каханы горад: Зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы. Менск: Беларускі кнігазбор, 2006.

Эквівалент: Зборнік эміграцыйнай гістарычнай прозы. Менск: Беларускі кнігазбор, 2005.

Пачаўшы ў 2004 годзе, Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” выдае кніжкі ў сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Тутака і працы з гісторыі беларускае эміграцыі, яе газэтаў і часопісаў. Іншы раз гэта і перавыданьні раней чытаных кніг з пэўнымі папраўкамі, дапаўненьнямі, удакладненьнямі, як, прыкладам, праца Лявона Юрэвіча “Мэмуары на эміграцыі” ці Барыса Рагулі “Беларускае студэнцтва на чужыне”.

Надаецца ў гэтай сэрыі пэўная ўвага і белетрыстыцы. Кідаецца ў вочы такая асаблівасьць: калі выдавецтва “Беларускі кнігазбор” надае ўвагу эміграцыйнай паэзіі і ўжо выпусьціла ў сваёй знакамітай сэрыі зборнікі твораў Натальлі Арсеньневай ды Рыгора Крушыны, дык “Бацькаўшчына” зьвяртаецца да эміграцыйнае прозы. У 2005 годзе яна выдала зборнік эміграцыйнае гістарычнае прозы “Эквівалент”, а праз год – зборнік эміграцыйнай ваеннае прозы “Каханы горад”. Абодва гэтыя зборнікі ўклаў Лявон Юрэвіч. Падзякаваўшы ўкладальніку за працу, застаецца толькі пашкадаваць, што да зьмешчаных у зборніках тэкстаў няма мінімальных камэнтароў: калі яны напісаныя, калі й дзе ўпершыню надрукаваныя, колькі публікацыяў мелі.

Як відаць з падзагалоўкаў абодвух зборнікаў, у іх прадстаўлены пісьменьнікі-эмігранты, якіх мала ведаюць або зусім ня ведаюць нават шмат якія выкладчыкі беларускае літаратуры ў мэтраполіі. Праўда, можна паспрачацца, ці ўсіх аўтараў можна аднесьці да эмігрантаў. І наагул, можна паставіць пытаньне: ці ёсьць чыста эміграцыйная беларуская літаратура? Наколькі мне ведама, на эміграцыі не нарадзіўся ніводзін больш-менш прыкметны беларускі пісьменьнік. Усе аўтары, прэзэнтаваныя ў зборніках “Эквівалент” і “Каханы горад”, нарадзіліся ў Беларусі. Мала таго, толькі адзін зь іх пачаў сваю літаратурную кар’еру за мяжою. Гэта Ўладзімер Случанскі, якому на пачатку вайны было 14 гадоў. Янка Юхнавец, наколькі мне вядома, да вайны ўжо нешта пісаў. Што тычыцца Сяргея Хмары-Сіняка, дык яго літаратурны шлях пачаўся ў Заходняй Беларусі. Астатнія ж – і Юрка Віцьбіч, і Ўладзімер Дудзіцкі, і Антон Адамовіч, і Мікола Цэлеш, і Лявон Савёнак – пачалі сваю літаратурную кар’еру ў Савецкай Беларусі, а Ўладзімер Сядура дык праславіўся як вульгарны крытык і, не пабаюся гэтага слова, даносчык (маю на ўвазе перш за ўсё яго адкрыты ліст да Юлія Таўбіна). Гэта праўда: у 1930-х гадох Сядура быў рэпрэсаваны, але дзіўным чынам здолеў, выйшаўшы на волю, абараніць кандыдацкую дысэртацыю. Я не выключаю, што крытык Уладзімер Сядура, як і крытык Антон Адамовіч, быў у цесных стасунках з НКВД, з яго знакамітым галоўным упраўленьнем дзяржаўнае бясьпекі.

Усе названыя аўтары сталі эмігрантамі ў канцы Другое ўсясьветнае вайны. І дзіўна бачыць сярод іх прозьвішча Васіля Быкава, які, што праўда, жыў у Фінляндыі, Нямеччыне і Чэхіі, але меў у сваёй кішэні пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Паспрачацца можна было б і наконт падбору твораў. Я б не насьмеліўся сказаць, што ў сьціслым сэнсе слова гістарычнаю прозаю зьяўляюцца тэксты Сяргея Хмары “Аб багох крывіцкіх сказы (Беларуская міталёгія)”. Ці можна аднесьці да жанру гістарычнае прозы творы Ўладзімера Дудзіцкага, у якіх паказваецца яшчэ нядаўняя – бо савецкая – пара, ці апавяданьне Антона Адамовіча “Афрадыта – Ост” з часоў Другое ўсясьветнае вайны. Зрэшты, твор Лявона Савёнка “Запіскі эмігранта”, напісаны з адчуваньнем жанру, мне быў цікавы менавіта як гісторыку, бо ў ім паказана штодзённае жыцьцё менскага мяшчанства на пачатку вайны. Шкада, што гэты твор ня стаў адной з крыніц для працы гісторыка Бэрнгарда К’яры “Штодзённасьць за лініяй фронту”. Гэты твор, над асобнымі радкамі якога я ад душы рагатаў, цікавы таксама вобразамі і яго нібыта-аўтара І. І. Чужанінава, і народнага філёзафа Сымона.

Цікава яшчэ раз прачытаць творы Антона Адамовіча. Цікавасьць падвойная: як да літаратурнага крытыка, які стаў празаікам. Ягоны “Каханы горад” з нумару ў нумар друкавала свайго часу “Наша Ніва”, але чытаць твор у газэце ды зь перапынкамі і чытаць яго ў кнізе – вельмі адрозныя рэчы. Да таго ж у зборніку “Каханы горад”, апрача аднайменнага твору, зьмешчаныя яшчэ – я б назваў – тры экспрэсіі Антона Адамовіча, а ў зборніку “Эквівалент” – ужо названае апавяданьне “Афрадыта – Ост”.

“Каханы горад” Антона Адамовіча, жанр якога пазначаны як “завязка раману”, зьяўляецца, па-мойму, апавяданьнем. І то ня проста апавяданьнем, а апавяданьнем пра задуманы твор, яго, калі можна так сказаць, канспэктам. Акрамя “Каханага горада”, у беларускай літаратуры мне запомніліся яшчэ два творы пра задуманыя творы. Гэта апавяданьне Анатоля Кудраўца “Сцяпан Ігнатавіч Вапшчэткі”, якое стала завязкаю раману “Сачыненьне на вольную тэму”, твор сам па сабе хрэстаматыйна-анталягічны, і знакамітае, таксама хрэстаматыйна-анталягічнае “Смаленьне вепрука” Міхася Стральцова. Параўнаньню гэтых трох твораў можна было б прысьвяціць навуковае дасьледваньне, калі б у нас знайшоўся такі знаўца жанру. Антон Адамовіч, калі гаварыць пра ваенную прозу, выйграе ў аўтараў з мэтраполіі пастаноўкай праблемы. Але калі казаць аб прозе, аб законах жанру апавяданьня-завязкі, апавяданьня-канспэкту, твору пра задуманы твор, Антон Адамовіч прайграе сваім калегам у мэтраполіі. Яму ўласьцівы той недахоп, пра які ў 1920 годзе пісаў Антон Луцкевіч, рэцэнзуючы “Дзьве душы” Максіма Гарэцкага: мова твора “мамэнтамі... здаецца цяжкой: як быццам самы працэс чытаньня адцягвае ўвагу ад зьместу чытанага”. Тое ж, бадай, можна сказаць і аб прозе Янкі Юхнаўца, творцы вельмі самабытнага і яшчэ грунтоўна не прачытанага ўдумлівым дасьледчыкам.

На жаль, у кароткай рэцэнзіі ня скажаш больш-менш грунтоўна пра ўсе творы, зьмешчаныя ў зборніках “Бацькаўшчыны”, але аматару роднай літаратуры, тым болей літаратару, выкладчыку іх трэба чытаць. Гэта іншая, але ўсё ж наша, беларуская літаратура.

АЎТАР І ТВОР

СЕВЯРЫН КВЯТКОЎСКІ: “ФРАШКІ Ў ЧАС ІНТЭРНЭТУ АСУДЖАНЫЯ НА ПАПУЛЯРНАСЬЦЬ”

Днямі ў кавярні “Стары Менск” адбылася прэзэнтацыя кнігі пісьменьніка й журналіста, нашага калегі Севярына Квяткоўскага “Фрашкі да пляшкі”, якая складаецца з кароткіх жыцьцёвых гісторый з рэальнымі героямі. Пасьля сустрэчы аўтара з чытачамі зь ім спаткаўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Севярын, словы ў назове тваёй кнігі хораша рыфмуюцца: “Фрашкі да пляшкі”. Другое слова ўсім зразумелае, а што азначае першае – фрашкі?

Севярын Квяткоўскі: “Слова “фрашка” я ўпершыню пачуў у рэдакцыі “Нашай Нівы” ў 1990-х гадах ад Сяргея Дубаўца. Калі пачаў пісаць свой цыкль зацемак, то зразумеў, што гэта і ёсьць фрашка. Пашукаў, што яно азначае. Слова прыйшло са старапольскай мовы, азначае кароткі анэкдот з жыцьця”.

Скобла: “Любая кніга дадаткова прыцягвае ўвагу, калі яе героі – вядомыя гістарычныя асобы. Каго падыходзіць з гледзішча слыннасьці ды вядомасьці, каго можна сустрэць на старонках тваёй кнігі?”

Квяткоўскі: “З палітыкаў – Станіслава Шушкевіча, Зянона Пазьняка. З музыкантаў – Касю Камоцкую, Аляксандра Кулінковіча, Зьмітра Бартосіка. З мастакоў – Алеся Пушкіна, Міхала Анемпадыстава. З мовазнаўцаў – Юрася Бушлякова. З пісьменьнікаў – Уладзімера Арлова. Таксама я спадзяюся, што мае гісторыі цікавыя ня толькі тым, што яны пра вядомых людзей. У мяне шмат фрашак і пра паспаліты люд: гэта і міліцыянты, і журналісты, пэнсіянэры, бізнэсоўцы, прадавачкі, мытнікі, таксісты, памежнікі, прадстаўнікі самых розных народаў... Асобная нізка – дзіцячыя гісторыі”.

Скобла: “Як правіла, героі тваёй кнігі – людзі пітушчыя. Партвэйн, гарэлка, піва шчодра льюцца па старонках кнігі. Ці не залішне ў такім невялікім зборніку паклонаў Бахусу? Цьвярозыя чытачы могуць папракнуць аўтара за прапаганду алькаголю.”

Квяткоўскі: “Я працытую ўласны ўступ да кніжкі: “Большасьць сабраных тут фрашак зьвязаныя з выпіўкай. Але кніжка ня ёсьць одай Бахусу. Мінздраў мае рацыю, цьвердзячы пра шкоднасьць алькаголю ў вялікіх дозах. Гісторыі, распаведзеныя ў фрашках, не пра алькаголь, а пра людзей”. Зрэшты, у кнізе хіба толькі палова гісторыяў зьвязаная з алькаголем”.

Скобла: “Я зьвярнуў увагу, што твае “Фрашкі да пляшкі” адрозьніваюцца ад “сУчасьнікаў” Адама Глёбуса, адрозьніваюцца дабрынёй. Ты нікога не зьневажаеш, нікога не выкпіваеш. Нават міліцыянтам сымпатызуеш. Адзіныя, да каго ты бязьлітасны – гэта бэпээсэмаўцы. За што ты так ня любіш БПСМ?”

Квяткоўскі: “Быць міліцыянтам – значыць мець пэўную прафэсію. Міліцыянты патрэбныя ў любой краіне, як бы яны ні называліся. У міліцыі служаць розныя людзі, а да ўласна прафэсіі мець нейкія прэтэнзіі мне аніяк не выпадае. А быць бэпэсээмаўцам – зрабіць палітычны выбар. На 99 працэнтаў гэта кан’юнктурны выбар, у адрозьненьне ад савецкіх перакананых, шчырых камсамольцаў. Я сустракаў выключна кан’юнктурных сяброў БПСМ, таму ў мяне да іх грэблівае стаўленьне”.

Скобла: “Што яшчэ кідаецца ў вочы на старонках тваёй кнігі – гэта нецэнзурная лексыка. Якое тваё стаўленьне да табуяваных словаў?”

Квяткоўскі: “Ну, табуяваныя словы ў мяне падаюцца ня цалкам, а з трохкроп’ямі. Там, дзе было магчыма, я замяніў мат на больш цэнзурныя сынонімы. Мая кніжка для шырокага кола чытачоў. А нават ангельская каралева, відаць, хоць раз у жыцьці ўжыла нецэнзурнае слова. Калі, напрыклад, ёй на нагу цагліна звалілася. Я папросту напачатку кнігі папярэдзіў чытача, што падобная лексыка ў кніжцы ёсьць. І асабліва датклівыя і ранімыя людзі могуць яе не чытаць”.

Скобла: “Некаторыя фрашкі ў кнізе належаць іншым аўтарам. Хто твае суаўтары, і дзе ты іх знаходзіш?”

Квяткоўскі: “Большасьць гэтых фрашак я пачаў публікаваць на сайце Літара . Я стварыў асобную галінку пад назвай “Фрашкі да пляшкі”. Я вельмі ўсьцешаны, што некаторыя людзі пачалі на гэтым форуме публікаваць свае гісторыі...”

Скобла: “Ты справакаваў актыўную народную творчасьць”.

Квяткоўскі: “Так. У нас атрымаўся маленькі супольны праект. Перад тым як выдаць кніжку, я зьвярнуўся да аўтараў пад псэўданімамі з просьбай працытаваць іхнія гісторыі ў кніжцы. Цешуся, што ніхто ня быў супраць. Таму іхнія гісторыі й атрымалі працяг жыцьця на паперы”.

Скобла: “У ХІХ стагодзьдзі Ян Чачот хадзіў па вёсках і запісваў свае “Песьні з-над Нёмна і Дзьвіны”. У ХХ стагодзьдзі Арсень Ліс ужо з магнітафонам езьдзіў і запісваў народную творчасьць. У ХХІ стагодзьдзі Севярын Квяткоўскі лазіць па інтэрнэце й таксама запісвае створанае народам. Ці твой занятак адрозны ад працы названых зьбіральнікаў?”

Квяткоўскі: “Я напісаў у сваім блогу http://abrykos.livejournal.com/, што раблю працу сучаснага фальклярыста. То бок, я пішу ўласныя гісторыі, я пераказваю й стылёва афармляю гісторыі, пачутыя ад іншых, і сапраўды шукаю гісторыі ў сеціве. Бывае, чалавек штосьці напіша, і ня бачыць, што калі крыху падрэдагаваць, атрымліваецца гатовы маленькі твор”.

Скобла: “Севярын, фрашкі ад гэтай пары ў беларускай літаратуры будуць асацыявацца з тваім прозьвішчам. Цяпер мусіш несьці пэўную адказнасьць за лёс жанру. Як ты прагназуеш ягонае разьвіцьцё?”

Квяткоўскі: “Яшчэ да выхаду кніжкі я пачаў выстаўляць у інтэрнэце свае творы й адразу заўважыў крокі насустрач некаторых аўтараў. Я мяркую, што ў імклівы час інтэрнэту фрашкі ды іншыя кароткія літаратурныя формы проста асуджаныя на папулярнасьць”.

СЕВЯРЫН КВЯТКОЎСКІ. ФРАШКІ ДА ПЛЯШКІ

СІЛА МОВЫ

Зьміцер Бартосік распавёў, як рабіў рэпартаж пра вёску Аляхновічы Маладзечанскага раёну. Пытаецца ў выхавацелькі дзіцячага садка, маўляў, а ці ведаюць дзеткі дзядулю Леніна? Выхавацелька са скрухай: “Не, ня ведаюць. Затое ведаюць дзядзьку Лукашэнку!” “А вы іх у нацыянальным духу выхоўваеце, беларускую мову вучыце?” – “Канечне! Яны ўжо нават ведаюць, што такое “хадзіць на дыбачках”.

ГОНАР І ГОРДАСЬЦЬ

Пасьля восьмай клясы ўлетку я прыйшоў уладкоўвацца на раскопкі Сьвята-Духаўскай царквы, чый падмурак захаваўся ў Верхнім горадзе. Кіраўнік афармляў мяне на працу, пытаўся толькі абавязковае: калі нарадзіўся, дзе вучуся, ці ёсьць мэдычная даведка і дазвол бацькоў? Пытаньні задаваліся па-беларуску. Гледзячы ў вочы гэтага чалавека, я на сэкунду здранцьвеў. Язык не павярнуўся прамовіць па-расейску. Я адказаў. Гэта былі мае першыя сьвядома прамоўленыя беларускія словы па-за школьным урокам. Вочы належалі Зянону Пазьняку.

НАШЫ ГРОШЫ

Сюжэт на ОНТ – пра фірму, якая нелегальна вазіла гомельскіх рабочых у Маскву на заробкі. Герой сюжэту распавядае, маўляў, нават некваліфікаваны рабочы атрымлівае ў Маскве шэсьць-дзевяць тысячаў расейскіх рублёў.

Карэспандэнтка:

– Колькі гэта на нашыя?

Рабочы:

– 280–300 даляраў.

ПРА НЕМЦАЎ

Кінасцэнарыст і аўтар-выканаўца Лёша Чэканас любіць распавядаць пра сваю бабулю. Дакладней, пра ейную адну фразу. Бабуля ў дзяцінстве была пад акупацыяй. Яна распавядае пра цяжкі час, калі ўсе, хто мог, забіраў у сялянаў каровы ды іншую жыўнасьць, пра тое, як яны – дзеці – хадзілі да нямецкіх салдатаў прасіць ежу і часам атрымлівалі цэлы бохан белага хлеба. Звычайна гісторыя заканчваецца фразай-падсумаваньнем:

– Гэээх... Калі б ня немцы, мы ў вайну ня выжылі б.

СЫС І САПРАЎДНАЯ СМАГА

Паэт Анатоль Сыс быў чалавек жарсны. І ў паэзіі, і ў звычайным жыцьці. Як для кожнага вялікага чалавека, для Сыса не было “вышэйшага” й “ніжэйшага”. Усё-усё – кожная драбностка рэчаіснасьці – важнае й споўненае глыбокага сэнсу. Распавядаюць, як аднойчы пасьля сур’ёзнага party ў Сысавай кватэры прачнуўся літаратар Мікола. Мікола прыўзьняў цяжкую галаву і прагна пацягнуўся да вады. Раптам кватэру здрыгануў поўны драматызму крык гаспадара:

– Стой! Што ты робіш!

– ???

– Паберажы смагу для піва!

ГУРТ “ЛІЦЬВІНЫ” Й “МУРКА”

Litara.net, напiсаў pan:

“Выступаў аднойчы вядомы гурт “Ліцьвіны” з канцэртамі ў Польшчы. Пасьля выступу вырашылі сабе на ахвоту, а людзям на забаву тое-сёе агучыць проста на вуліцы старога гораду. Сталі ў пекных народных строях пад мурам камяніцы дый зайгралі нешта жаласьліва-сьлёзнае. Адна песенька, другая… Хтосьці падыходзіў, іншыя ішлі сабе далей. Але адзін слухач, які стаяў насупраць ля сьцяны, уражваў сваёй пільнай увагай. І вось раптам гэты п’янаваты дзядзька падышоў і, пераўзмагаючы някволы хмель, папрасіў: “Паньство, проша зайграч “Мурку”!..”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG