Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у суседніх зь Беларусьсю краінах заахвочваюць павелічэньне нараджальнасьці?


Ганна Соўсь, Прага Колькі там плацяць бацькам за нараджэньне дзіцяці?

Украіна

З усіх суседніх краінаў найбольш за нараджэньне дзяцей цяпер атрымліваюць украінкі. Віктар Юшчанка пасьля аранжавай рэвалюцыі павялічыў выплаты ў дзесяць разоў, і цяпер гэтая дапамога складае 1 574 даляры. Зь іх 627 даляраў выплачваюць адразу па нараджэньні дзіцяці, а астатнюю суму – цягам году. Праўда, ва Ўкраіне параўнальна зь іншымі суседнімі краінамі невялікая месячная выплата на дзіця – каля 20 даляраў.

Дэмографы ўжо падсумавалі папярэднія вынікі гэтага павелічэньня. У горадзе нараджальнасьць пакуль істотна не павысілася, аднак у сельскай мясцовасьці ўжо заўважаны істотны рост.

Латвія

У суседняй Латвіі бацькі атрымліваюць ад дзяржавы разавую выплату за нараджэньне дзіцяці 672 даляры і потым на працягу году – 79 працэнтаў сваёй заработнай платы. У выпадку, калі жанчына не працавала, яна штомесяц будзе мець ад дзяржавы першы год 85, а другі год –51 даляр.

Літва

У Літве за нараджэньне дзіцяці плацяць 348 даляраў, і, як і ў Латвіі, першы год – 70 працэнтаў ранейшага заробку.

Расея

Сёлета істотна пашанцавала расейскім бацькам, якія зьбіраюцца нарадзіць другое дзіця. Ад 1 студзеня 2007 году дзяржава плаціць 250 тысячаў расейскіх рублёў (гэта амаль 20 мільёнаў беларускіх рублёў) тым, хто народзіць другога, трэцяга, чацьвертага і далей, а таксама двойню.

Польшча

А вось у Польшчы пасьля нараджэньня дзіцяці маці альбо бацька цалкам захоўвае заробак на тэрмін да шасьці з паловай месяцаў. А разавая выплата за нараджэньне дзіцяці ў Польшчы складае 322 даляры.

“Далёкае” замежжа

Сёлета істотна павялічыліся гэтак званыя бацькоўскія выплаты у Нямеччыне. Тым з бацькоў, хто застанецца дома даглядаць дзіця, дзяржава будзе выплачваць цягам году 67 працэнтаў ад апошняга месячнага даходу. Максымальная сума можа дасягаць 1800 эўра. А калі пасьля году эстафэту пяройме іншы, як правіла, бацька, дзяржава прадоўжыць выплату яшчэ на два месяцы.

Гэта рашэньне набыло моц 1 студзеня 2007 году. Адметна, што цяжарныя нямецкія жанчыны, якім надышоў тэрмін нараджаць пры канцы 2006 году, імкнуліся рознымі спосабамі адцягнуць роды, каб пасьпець нарадзіць пры новых выплатах.

Аналягічная сытуацыя была некалькі гадоў таму ў Аўстраліі. Там павялічылі ад 500 да 2100 даляраў выплаты за нараджэньне дзіцяці, і аўстралійкі нават зьвярталіся да лекараў з прозьбай адтэрмінаваць роды да неабходнай даты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG