Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Аляксандра Бароўскага: шыны ці бітум?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былому кіраўніку канцэрну “Белнафтахім” Аляксандру Бароўскаму выставілі абвінавачаньне — і з затрыманых перавялі ў арыштанта. Між тым, у чым дакладна вінавацяць галоўнага нафтавіка краіны, сьледчыя дагэтуль ня кажуць. Справу Аляксандра Бароўскага вывучаў наш карэспандэнт.

Мінуў тыдзень, як у “амэрыканку”, турму КДБ, зьмясьцілі былога старшыню канцэрну “Белнафтахім” Аляксандра Бароўскага. Але дагэтуль дакладна невядома, у чым падазраецца высокі чыноўнік.

Нагадаю, генэральны пракурор Беларусі Пятро Міклашэвіч, паведамляючы на калегіі пракуратуры пра гэтае затрыманьне, казаў, што Аляксандар Бароўскі падазраецца ў службовых злоўжываньнях.

Таксама Міклашэвіч паведаміў, што разам з Бароўскім затрымалі іншых асобаў, і што пры ператрусах ў затрыманых знайшлі вялікія сумы грошай і каштоўнасьці.

5 чэрвеня з КДБ паведамілі, што адносна Аляксандра Бароўскага выбралі меру стрыманьня — арышт. Аднак якія папярэднія абвінавачаньні выставілі галоўнаму нафтавіку краіны, у КДБ не паведамляюць.

Эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак мяркуе, што прэтэнзіі да Аляксандра Бароўскага маглі выклікаць праблемы з продажам беларускіх шынаў аб’яднаньня “Белшына”, якое ўваходзіць у канцэрн “Белнафтахім”:

“Быў вялікі попыт на шыны, прадстаўнікі фірмаў стаялі ў чарзе на “Белшыне”, але кіраўніцтва канцэрну “Белнафтахім” вырашыла прадаваць шыны праз свой гандлёвы дом, праз электронную сыстэму гандлю. Ведаю, што на“Белшыне” былі супраць, казалі пра сэзонны попыт. І так сапраўды атрымалася. Сабраўся вялікі запас шын на складах”.

Гандлёвым домам канцэрну “Белнафтахім” кіруе Валер Іванковіч, якога, паводле некаторых недзяржаўных мэдыяў, затрымалі ў адзін дзень з Аляксандрам Бароўскім.

Але 5 чэрвеня спадар Іванковіч быў на працоўным месцы — мне ўдалося да яго дазваніцца. Праўда, камэнтаваць зьвесткі пра затрыманьне Валер Іванковіч адмовіўся і паклаў слухаўку.

Паводле іншых крыніц, кіраўніка гандлёвага дому “Белнафтахіму” вызвалілі пад падпіску пра нявыезд пасьля двух дзён затрыманьня. Як і менскага прадпрымальніка Юр’я Чыжа, які валодае вядомай фірмай “Трайпл”.

Ужо ў дзень затрыманьня Аляксандра Бароўскага праз інтэрнэт распаўсюдзілі зьвесткі, нібыта Юры Чыж таксама затрыманы.

Сёньня ў прыёмным пакоі прадпрымальніка абверглі зьвесткі пра датычнасьць Юр’я Чыжа да справы Бароўскага і паўтарылі ягоныя ранейшыя аптымістычныя камэнтары:

“Іх сэнс у тым, што нас гэта ўсё ня тычыцца, “Трайпл” працуе па-ранейшаму. У нас усё добра”.

Злучыць мяне зь Юр’ем Чыжом адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што “дырэктар на важнай сустрэчы”.

Другая з асноўных вэрсіяў арышту старшыні “Белнафтахіму” тычыцца продажу за мяжу прадуктаў нафтаперапрацоўкі — у прыватнасьці, паставак у Польшчу бітуму.

Як паведамляе інтэрнэт-выданьне “Ежедневник”, гэтаму камэрцыйнаму праекту Аляксандар Бароўскі нібыта аддаваў перавагу.

Прэсавая служба КДБ ніякай інфармацыі пра справу не дае. Таксама невядома, хто са сьледчых 3-й управы гэтай установы расьсьледуе справу Бароўскага.

Гл. таксама:

За што арыштавалі старшыню “Белнафтахіму”?

Як ў Менску камэнтуюць затрыманьне Аляксандра Бароўскага?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG