Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымасьці для бясплатнай адукацыі зьмяншаюцца


Радыё Свабода Міністэрства адукацыі Беларусі пастанавіла скараціць сёлета прыём студэнтаў на бюджэтную форму навучаньня на 700 месцаў. Як гэта стасуецца з гарантаваным Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правам на даступную і бясплатную адукацыю?

Дэмаграфія і адукацыя

У “Законе аб адукацыі” Рэспублікі Беларусь запісана: “Забараняецца зьмяншаць колькасьць бюджэтных месцаў за кошт павелічэньня платных месцаў”.

Cтаршыня парлямэнцкай камісіі Ўладзімер Здановіч выказаў заклапочанасьць з нагоды скарачэньня колькасьці бюджэтных месцаў у вышэйшых навучальных установах. Ён накіраваў дэпутацкі запыт на імя віцэ-прэм’ера Аляксандра Касінца:

“Ён мне ў адказ прыслаў вялікі ліст у выглядзе табліцы — колькасьць месцаў паводле гадоў да 2010 году. Там напісана, што зьмяншэньня ўвогуле ня будзе, і колькасьць людзей, якія будуць вучыцца за бюджэтныя грошы, будзе вагацца каля 30 тысяч. У залежнасьці ад дэмаграфічнай сытуацыі, ад колькасьці людзей пэнсійнага ўзросту на 2007 год будзе на 700 месцаў менш, на наступны год — зноў павелічэньне”.

Прэстыжная адукацыя збольшага платная

Прэсавая сакратарка Белдзяржунівэрсытэту Вольга Шчадрына паведаміла, што пляны прыёму даводзяцца зьверху, сам унівэрсытэт ня мае права самастойна вызначаць колькасьць студэнтаў:

“Гэтыя лічбы зацьвярджаюцца Міністэрствам адукацыі. У гэтым годзе на бюджэтную форму будзе прынята 1810 студэнтаў. Гэта на 80 месцаў менш, чым у мінулым годзе”.

Што тычыцца пляну прыёму на платныя аддзяленьні, ён пакуль яшчэ не зацьверджаны.

Вольга Шчадрына прывяла леташнія лічбы:

“Паводле пляну прыёму было 1936 на дзённае, бюджэт, і 2030 — на платнае. На факультэт міжнародных дачыненьняў платнікаў было 330 паводле пляну, а бюджэт — 145. Дзяржаўны інстытут кіраваньня і дзяржаўных тэхналёгіяў: 45 — бюджэт, і 190 — платнае. Гуманітарны факультэт амаль што платны: толькі 50 было бюджэтных месцаў і 340 — платных”.

Такім чынам, на прэстыжныя факультэты БДУ колькасьць платных месцаў значна, у некалькі разоў, перавышае колькасьць бюджэтных.

Грошай на бясплатную адукацыю не хапае

Гутару са старшынём парлямэнцкай камісіі ў адукацыі Ўладзімерам Здановічам:

“Ці павінна захоўвацца нейкая прапорцыя бюджэтных месцаў да платных? Якая яна цяпер?”

“Вось гэта законам нідзе ня вызначана. Я над гэтым вельмі шмат задумваюся: ці патрэбная нам такая колькасьць студэнтаў платнай формы навучаньня? Бо іх колькасьць павялічваецца. Сказаць, да прыкладу, што няхай будзе пяцьдзясят на пяцьдзясят, роўная колькасьць тых і гэтых, і замацаваць гэта заканадаўча — таксама будзе дрэнна, бо мы звузім правы нашай моладзі на доступ да навучаньня. Калі ёсьць грошы, калі ёсьць жаданьне — вучыся на здароўе”, — мяркуе парлямэнтар Здановіч.

На думку былога судзьдзі Канстытуцыйнага Суду прафэсара Валер’я Фадзеева, камэрцыялізацыя адукацыі адбываецца, бо бюджэтных грошай не хапае:

“Уводзячы, асабліва ў дзяржаўных вышэйшых навучальных установах, вялікую колькасьць "платнікаў", дзяржава ў нейкай ступені адступае ад гарантыяў, якія замацаваныя Канстытуцыяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG