Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў новы дыск Сержука Сокалава-Воюша “Песьні лісоўчыкаў”


Валянціна Аксак, Менск Кампанія “Воля-мьюзік” выпусьціла новы дыск песьняў знанага барда і паэта Сяржука Сокалава-Воюша. Ён называецца “Песьні лісоўчыкаў”.

Лісоўчыкі —гэта сярэднявечнае беларуская лёгкая коньніца. Ёю кіраваў віленскі шляхціц палкоўнік Аляксандар Лісоўскі. Лісоўчыкі ваявалі пераважна супраць Маскоўскай дзяржавы, але пасьля сьмерці свайго камандзіра сышлі ў Эўропу. Там беларускія ваяры здабылі славу, вартую пэндзля Рэмбранта. Рэпрадукцыя ягонага знакамітага твору “Лісоўчык” зьмешчаная на вокладцы дыску. Гістарычныя песьні на ім займаюць толькі палову.

Сяржук Сокалаў-Воюш: “Нізка “Песьні лісоўчыкаў” няскончаная. Тых песьняў проста не хапала, каб зрабіць паўнавартасную цэдэчку, але іх хапала для таго, каб паказаць слухачу, і таму мы зрабілі такую аб’яднаную цэдэчку. Наступная, напэўна, ужо будзе цалкам прысьвечаная “Песьням лісоўчыкаў”, яна будзе разы ў два большая”.

Творы другой часткі дыску — гэта адкрытая надзённая публіцыстыка, зьмест якое можа шакаваць некаторых цнатліўцаў, як, да прыкладу “Гаўно на троне”. І надзвычай зацікавіць тых слухачоў, хто праяўляе асаблівую “пільнасьць”. Скажам, песьня “Вып’ем за снайпэра”. Аўтар жа пісаў гэтую песьню як алюзію на вядомы шлягер сталінскіх часоў.

Сяржук Сокалаў-Воюш: “Ёсьць вядомая мэлёдыя, якую сьпявае старэйшае пакаленьне, — “Вып’ем за Сталіна”. Варта, напэўна, было напісаць гэты тэкст, каб калі яны яго пачуюць дзе-небудзь, то сьпяваючы “Вып’ем за Сталіна”, у іх ў памяці ўзьнікала, што э-э — ёсьць яшчэ адзін варыянт”.

Нагадаем, што першы дыск Сяржука Сокалава-Воюша “Нефармальны беларус” выйшаў у 2001 годзе і яго даўно ўжо няма ў продажы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG