Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цукар бяруць мяхамі, алей — скрынкамі


Пакупніцкі ажыятаж, выкліканы адсутнасьцю ў банках валюты, ахапіў усе рэгіёны Беларусі. Людзі скупляюць цукар, алей, макароны, рыс ды іншыя прадукты, кошты якіх прывязаныя да даляра. Пакупнікі ўпэўненыя, што ў выпадку дэвальвацыі рубля ўсё гэта непазьбежна падаражэе.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Курс эўра — 6000 рублёў. Цукар разьбіраюць мяхамі


На Гарадзеншчыне ў некаторых крамах ужо выкупленая месячная норма цукру. Людзі чакаюць чарговых падаражэньняў.

У некаторых вёсачках і мястэчках ужо здараецца, што ў крамах па некалькі дзён не бывае цукру, але потым яго падвозяць. Адзін спадар зь Бераставіцкага раёну распавядае, што ў іхнай краме бралі цукар мяхамі, а цяпер завезьлі толькі рафінад, які ўжо даражэйшы.

Са слоў спадара, даражэе ўсё, пачынаючы ад паліва. Каўбасы ў крамах — па 40 тысяч рублёў, іх амаль ніхто не купляе. Пытаюся — што людзі ў вёсцы кажуць наконт гэтага?

Спадар: «Ой, ну што людзі кажуць? Ёсьць такія „цямноты“, ды яшчэ з вышэйшай адукацыяй, нясуць лухту з лукашэнкаўскай прапаганды. Яны нават ня ведаюць, што сядзяць дагэтуль кандыдаты ў прэзыдэнты».

У адной з гарадзенскіх крамаў спадар і спадарыня ў дзьвюх руках нясуць закупы. Цікаўлюся — што так купляецца зараз у крамах?

Спадар: «Вунь паглядзіце, цукар бяруць мяхамі: па два, па тры, па чатыры… Кажуць людзі, што будзе даражэць…».

Спадарыня: «Алей, крупы. Грэчку купляюць, кажуць, што і мука будзе дарагая, некаторыя кажуць, што хлеб будзе каштаваць 5 тысяч…».



«У краме ўжо кошты пераводзяць на эўра»

А ў Лідзкім раёне спадарыня распавядае, што ў вясковых крамах ня толькі цукар зьнікае —праблематычна набыць і іншыя тавары, якія прывозяць з-за мяжы, бо вельмі высока пачалі пералічваць курс эўра і даляра.

Спадарыня: «Я сама хацела купіць для летняй кухні ўцяпляльнік і сайдынг, але ў краме ўжо лічаць за эўра, і за адзін эўра лічаць шэсьць тысяч нашых рублёў. Давялося ўстрымацца, бо валюты ў нас няма».

Што будзе далей з цэнамі і валютай, на вёсцы ня ведаюць, але спадарыня кажа, што людзі з 14 красавіка чакаюць чарговага падаражэньня.
кажуць, што з 14-га ізноў падаражае і паліва, і харчы …

Спадарыня: «Бачыце, на паліва паднялі кошты, а цяпер кажуць, што з 14-га ізноў падаражае і паліва, і харчы. Цукар нібыта будзе каштаваць 7 тысяч, а алей — за літар аж да 15 тысяч…».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Як толькі па Беларускім радыё пачула, што алей і цукар даражэць ня будуць, то адразу бягом у краму!»

Віцебская пэнсіянэрка Галіна Люмарава даведалася пра ажыятажны попыт на алей і цукар зь дзяржаўнага радыё:

«Чую, па радыё нейкі дзядзька прамаўляе: „Ня бойцеся, таварышы, алей і цукар даражэць ня будуць!“. Як толькі я гэта пачула — бягом у краму. Цукар — гэта мяне не турбуе, я яго амаль не ўжываю, а вось алей — гэта сур’ёзна! Прыбягаю, пытаюся, а гандлярка мне і кажа: „Вы ўжо спазьніліся, ужо два дні як падаражэла!“ Аё-ёй! Гляджу, алей „Кум“, які каштаваў 5100–5200, ужо каштуе 6100 — 6200. Я хутчэй паехала на кірмаш, а там жа ўжо і па 7, і па 8 тысяч было!».

Паліцы з алеем у Віцебску не пустыя. Зьявіўся, да прыкладу, кукурузны алей амаль па 8 тысяч рублёў, ці рапсавы — па 6 тысяч. Сланечнікавы алей каштуе ў сярэднім пад 7 тысяч, таму спадарыня Людміла лічыць, што ёй пашанцавала:

«Знайшла алей па 5 900, а цяпер пайду купляць крупы»
знайшла алей па 5 900, а цяпер пайду купляць крупы …

«А знайшла алей па 5 900, а цяпер пайду купляць крупы. Зараз проса куплю і рысу болей! На грэчку я не гляджу ўжо, для мяне яна непад’емная… Хаця і проса непад’ёмнае ўжо: летась я купляла яго па 1 200, а цяпер 3 900. Але да канца месяца, думаю, і яно падаражэе!».

Ажыятаж вакол алею і цукру ахапіў ня толькі абласны цэнтар, але і рэгіёны. Спадарыні Тацьцяне з Глыбокага набыць цукар зь першага разу не ўдалося:

«У нас ёсьць гуртовая крама. Туды меліся завезьці цукар. А ў мяне дома скончыўся, нават на бліны не было… Прыходжу, а мне кажуць, што ўжо няма. Як, пытаюся, яго ж толькі ўчора прывезьлі? „Разабралі“, — кажуць. „А колькі ж прывезьлі вам яго?“, — пацікавілася. Кажуць: „Дык тону, і за суткі ўсё разабралі“. Вядома, яго потым прывозяць зноў, але зноў разьбіраюць. Мы знайшлі ў адной краме, купілі 10 кіляграмаў, і ўжо зноў там яго няма».

Падаражэў і алей, адзначае спадарыня Тацяна:

«Я была ў нядзелю на кірмашы. Дык па 10 тысяч прадаюць ужо алей. Мінімальны кошт — 7500, 7800, а некаторыя і 10 тысяч просяць. І галоўнае, ніхто не таргуецца, ні тысячы ніхто ня скіне цану! Усе кажуць: „Ведаеце, ня можам, зараз у краіне такая складаная абстаноўка…“. Я думаю, што даляраў няма, дык людзі ўкладаюць грошы ў цукар, хто ў што можа. А зь іншага боку, усе кажуць, што падвышэньне коштаў будзе…».



Чуткі ў рэгіёне: «Ужо завезены цукар па 7 тыс. руб. за кг»

На Віцебшчыне ходзяць чуткі, што ў крамы ўжо завезьлі цукар па 7 тысяч за кіляграм — гэта ўдвая даражэй за ягоны цяперашні кошт. Афіцыйных папярэджаньняў пра падвышэньне цэнаў ніхто ня чуў, але ў тым, што падаражэе ўсё што можна, амаль ніхто не сумняваецца.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Няма веры ўладзе, што цэны застануцца ранейшымі

Крупы, цукар, мука — попыт на гэтыя харчы найбольшы ў Магілёве. Дэфіцыту на гэтыя прадукты няма. Людзі іх бяруць у запас.

Скупляюць харчы пераважна людзі сталага веку, бо не даюць веры запэўніваньням, што цэны застануцца ранейшымі і дэфіцыту ня будзе. Гэтая катэгорыя пакупнікоў зранку абыходзіць крамы і рынкі ў пошуках таньнейшых тавараў. Якія харчы найбольш запатрабаваныя і на якія найбольш імкліва растуць цэны? Вось некаторыя зь меркаваньняў.

Спадарыня:
«Грэчка — вы ж ведаеце, быў ажыятаж, а потым падаражэла. Вось проса стала 4400 за кіляграм. Цяпер во цукар — ажыятаж. Нібыта падаражэе. Таму людзі й бяруць».

«Сёньня цукру не было і алей падаражэў»

Спадарыня: «Алей падаражэў. І крупы, асабліва рыс. На тысячу дык пэўна падаражэў. Во сёньня цукру не было».

Спадарыня: «І макароны, і крупы, і масла. Але ж перадалі, што ня трэба раскупляць».

«Колькі будзе доўжыцца ажыятаж, ніхто ня кажа»

Пакупнікі маладзейшага веку на ажыятаж рэагуюць спакайней. Яго тлумачаць — вось як гэтая спадарыня:

«Камусьці няма чаго рабіць, дык яны робяць усё наўмысна. Вось гандлю выгадна. І яшчэ некаму таксама выгадна, таму так і робяць».

На пытаньне, хто гэты таямнічы «нехта», маладзіца толькі адмахнулася. І хутка выйшла з гандлёвага павільёну, бо там не было цукру. Гандлярка ж у павільёне заявіла, што ў яе ўсё ёсьць.

У крамах пацьвярджаюць, што ажыятаж на харчы існуе. Колькі ён яшчэ пратрывае, невядома:

«Як бралі муку, так і бяруць. Сёньня яшчэ людзі на працы, але будуць ісьці й будуць браць. Я чаго з касы зьняла дзяўчыну, каб фасавала, бо цукар як бралі, так і бяруць. Народ — ня чуе, што ў нас усё ў парадку», — зазначае загадчыца адной з харчовых крамаў.
Суседка ўзяла, і я пайду. Яна ўзяла 5 кіляграм, а я вазьму 10 …

Яе калега зь іншай крамы спрабуе патлумачыць, з чым зьвязаны ажыятажны попыт на харчы:

«Гэта быў псыхоз часовы, але, на мой погляд, гэта ўсё спала ўжо».

«Суседка ўзяла, і я пайду. Яна ўзяла 5 кіляграм, а я вазьму 10»

Карэспандэнт: «А што раней разьбіралі?».

«Цукар, алей. Зьвязана гэта, па-мойму з чуткамі, што будзе расьці курс даляра, і з павышэньнем цэн. Стадны інстынкт. Суседка ўзяла, і я пайду. Яна ўзяла пяць кіляграм, а я вазьму дзесяць. Вось такая сытуацыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG