Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшоў V зьезд "Моладзі БНФ"


Маладзёвая камісія Партыі БНФ "Моладзь БНФ" на сваім V зьезьде, які прайшоў 9 красавіка ў Менску, вырашыла скасаваць пасаду старшыні арганізацыі і дэлегаваць каардынацыйныя паўнамоцтвы радзе, што будзе зьбірацца кожны месяц.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 26 дэлегатаў са сталіцы і рэгіёнаў. Першапачаткова колькасьць удзельнікаў мусіла быць 39, але частка дэлегатаў на зьезд не прыехалі. Апрача прадстаўнікоў лякальных суполак "Моладзі БНФ" на сустрэчы прысутнічала кіраўніцтва Партыі БНФ, а таксама госьці з украінскага "Нацыянальнага альянсу".

"Шмат хто да нас далучаецца ва ўзросце 27-28 гадоў, і за некалькі год яны не пасьпяваюць дарасьці, каб пачаць рабіць партыйную кар'еру. Таксама шмат хто хоча нейкага драйву і ўступае ў маладзёвую арганізацыю — мы ня можам чалавека не прыняць і адправіць у партыю", — адзначыў былы намесьнік старшыні "Моладзі БНФ", а зараз адзін з прадстаўнікоў рады камісіі Антон Каліноўскі. Але дэлегатамі была адхіленая папраўка аб павелічэньні ўзроставага парогу членаў маладзёвай камісіі Партыі БНФ да 33—35 гадоў.

Дэлегаты амаль аднагалосна прынялі рэзалюцыю "Аб салідарнасьці з палітзьняволенымі", у якой выказалі "гатоўнасьць рабіць усё магчымае для вызваленьня палітвязьняў, затрыманых беларускай міліцыяй і КДБ і прыцягнутых да крымінальнай адказнасьці па сфабрыкаванай справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня". Тэкстам рэзалюцыі "Моладзь БНФ" зацьвердзіла, што арганізацыя гатовая "аказваць канкрэтную дапамогу ахвярам рэжыму ды іх сем'ям", а таксама "спрыяць прыцягванню да адказнасьці ўсіх прадстаўнікоў улады, якія праводзяць рэпрэсіўную палітыку рэжыму".

Удзельнікі зьезду таксама прынялі рэзалюцыю "Рукі прэч ад "Выспы Свабоды" ў цэнтры Менску!", у якой патрабуюць "неадкладнага скасаваньня палітычнага матываваньня рашэньня аб спыненьні арэнды памяшканьня", дзе знаходзіцца ўправа Партыі БНФ. У рэзалюцыі сьцьвярджаецца, што ўдзельнікі маладзёвай камісія Партыі БНФ гатовыя распачаць "бестэрміновую акцыю негвалтоўнага супраціву", калі арэнда памяшканьня ня будзе прадоўжана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG