Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандажэўскі: “Выкіды з Фукусімы – небясьпека для Беларусі”


Кіраўнік каардынацыйнага аналітычнага цэнтру "Экалёгія і здароўе" (Кіеў), доктар мэдычных навук, прафэсар Юры Бандажэўскі лічыць, што выкіды радыяцыі на "Фукусіме-1" зьяўляюцца небясьпечнымі для насельніцтва Беларусі.

Паводле яго, беларускае насельніцтва зазнала інтэнсіўнае радыяактыўнае ўзьдзеяньне яшчэ з 1960-х гадоў. "Улічваючы радыяцыю, атрыманую пасьля аварыі на ЧАЭС, у арганізьме практычна кожнага жыхара Беларусі ёсьць радыяактыўныя элемэнты, — сказаў Бандажэўскі. — У тым ліку, вынікам гэтага зьяўляецца дрэннае здароўе беларусаў. У такой сытуацыі дадатковая колькасьць радыяактыўнага ёду і цэзію, які, ня выключана, таксама прыйдзе на нашу тэрыторыю, зьяўляецца падставай для заклапочанасьці, таму што можа выклікаць новыя праблемы са здароўем насельніцтва".

Бандажэўскі падкрэсьліў, што адносна невялікія дозы радыяцыі –небясьпечныя для здароўя чалавека, яны назапашваюцца ў галаўным мозгу, іншых жыцьцёва важных органах, запускаючы паталягічныя працэсы. Гэта выклікае ў ліку іншых неспрыяльных фактараў рост анкалягічных, сардэчна-судзіных захворваньняў, асабліва ў людзей, якія жывуць у зоне радыяактыўнага заражэньня. Асабліва неспрыяльнае становішча для людзей, якія ўжо атрымалі высокія канцэнтрацыі радыенуклідаў. "Таму неабходна прымаць меры, зьвязаныя з радыяцыйнай абаронай насельніцтва", — гаворыць ён.

Бандажэўскі раіць у такой сытуацыі прымаць прэпараты ёду, "каб хаця б абараніць шчытападобную залозу". Пры гэтым ён сказаў, што "дазіроўку прэпарата трэба ўзгадніць з доктарам". Таксама прафэсар Бандажэўскі раіць уключыць у мэню морапрадукты, марскую капусту і іншыя марскія водарасьці. Пры разьвіцьці атамнай энэргетыкі ёдапрафіляктыка, адзначыў Бандажэўскі, зьяўляецца неабходнай, і займацца ёю трэба было даўно.

Бандажэўскі дадаў, што "будаваць АЭС у Беларусі пры такім разьвіцьці атамнай энэргетыкі ў сьвеце — поўнае вар'яцтва". Ён лічыць, што ў краіне ўжо "назіраецца экалягічная катастрофа і выміраньне насельніцтва".

"Калі гавораць пра тое, што без атамнай энэргетыкі ня будзе прагрэсу, я адказваю: у вас хворае насельніцтва, а вы гаворыце аб прагрэсе пры дапамозе атамнай энэргетыкі. Вы хочаце пабудаваць яшчэ адну крыніцу пагібелі людзей? Вы хочаце зьнішчыць беларускую нацыю? Мая пазыцыя: новая атамная будоўля — гэта новая ўмова для зьнікненьня беларускай нацыі", — сказаў прафэсар Бандажэўскі.

У Беларусі, як і ў Расеі і краінах Эўразьвязу, былі выяўленыя сьляды радыяактыўных рэчываў у выніку выкідаў на "Фукусіме-1". Аднак паводле інфармацыі дэпартамэнту па гідраметэаралёгіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, іх узровень у Беларусі аказаўся вельмі нізкім. Міністар аховы здароўя Васіль Жарко таксама лічыць, што падстаў для трывогі ў насельніцтва няма.

Як заяўляюць у Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнага кантролю, «радыяцыйная сытуацыя ў Беларусі застаецца стабільнай». Магутнасьць дозы гама-выпраменьваньня ў паветры на назіральнай сетцы па стане на 28 сакавіка складае ў зонах «чарнобыльскага забруджваньня» ад 20 мікрарэнген у гадзіну ў Чачэрску да 55 мікрарэнген у гадзіну ў Брагіне і 10-12 мікрарэнген у гадзіну на астатняй тэрыторыі. Гэта адпавядае сярэднім дадзеным на працягу многіх гадоў.


Ад 22-й гадзіны у эфіры “Начной Свабоды” прафэсар Юры Бандажэўскі адкажа на пытаньні Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG