Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: «Я прадстаўлю шмат фактаў. Калі мяне не заб’юць»


Гэта радкі зь ліста на «Свабоду» беларускага палітвязьня Мікалая Аўтуховіча. У сваім допісе колішні ваўкавыскі прадпрымальнік апісвае тыя зьдзекі і катаваньні, якія ўжываліся ў дачыненьні да яго і яго сукамэрнікаў у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску зь лютага 2009 году па чэрвень 2010-га.

Мікалай Аўтуховіч піша:

«Заўсёды, знаходзячыся ў месцах пазбаўленьня волі, зьбіраў і зьбіраю факты сваволі, зьдзекаў, катаваньняў з боку тых, хто мае ўладу, а таму магу расказаць пра шмат якія эпізоды, якія тычацца зьнявагі чалавека і ўціску ягонай годнасьці. Хачу зьвярнуць увагу на тое, што падобныя рэчы ўжываюцца да тых людзей, якіх хочуць неабгрунтавана асудзіць, атрымаць ад іх неабходныя паказаньні і гарантыі таго, што яны нікуды скардзіцца ня будуць.

«Спосабы ціску ў арсэнале сыстэмы — самыя розныя»

У СІЗА ня грэбуюць ні фізычным, ні маральным ціскам на чалавека. Паколькі я адмовіўся даваць паказаньні, то яны мяне не выклікалі на допыты каля сямі месяцаў. Увесь гэты час мяне пастаянна імкнуліся зламаць, а таму рэпэціравалі са мной самыя розныя сцэны з запалохваньнем. За 18 месяцаў я зазнаў на сабе выпрабаваньне самых розных спосабаў. У апэратыўнікаў тут цэлая навука.
Сэксоты спрабавалі данесьці да мяне «надзейную інфармацыю» наконт таго, што нехта зьбіраецца «мачыць» Аўтуховіча…


Па-першае, адразу пасадзілі ў адну з найгоршых камэр. Як правіла, разьмеркаваньнем вязьняў па камэрах займаюцца апэратыўнікі. Я трапіў у камэру 179, дзе на 15 нараў было 24 чалавекі. Спаць трэба было па чарзе. Калі турэмнікі зразумелі, што я здатны пастаяць за сябе і маю сталае спальнае месца, то яны зьвярнуліся па дапамогу да так званых «сэксотаў».

У кожнай камэры СІЗА ёсьць людзі, якія працуюць на апэратыўнікаў. Іх, як правіла, ад 2 да 5 чалавек. Праз сукамэрнікаў сэксоты спрабавалі данесьці да мяне «надзейную інфармацыю» наконт таго, што нехта зьбіраецца «мачыць» Аўтуховіча. Аднак мне ўдалося разьвязаць і гэтую праблему.

Час ад часу кантынгент маіх сукамэрнікаў мянялі на больш дзёрзкі. Гэтыя людзі шукалі падставы для канфлікту са мной. Карацей, імкнуліся ціснуць і справакаваць на кожным кроку.

«Камэра, якая ня грэецца з волі»

У СІЗА пра камэры кшталту той, дзе сядзеў я, кажуць: «яна ня грэецца з волі». Гэта значыць, што ў ёй сядзяць людзі, якім ніхто не прыносіць перадач.

Калі ж перадачы прыносілі мне, то сукамэрнікі глядзелі на мяне як на ворага і спрабавалі разьмеркаваць мае прадукты. Калі опэры зразумелі, што і тут мяне не зламалі, пачаліся мэтадычныя ператрусы. Усю камэру заганялі ў сутарэньне, а ў самой камэры пераварочвалі ўсе нашы рэчы. Клетка ў сутарэньні халодная, і там заўсёды былі скразьнякі. Трымаюць па гадзіне, па дзьве, часам па тры, нават могуць і палову дня. Вяртаесься ў камэру — там усё перавернута. З усіх торбаў вывернулі ўсё, аднак назад гэтыя рэчы далёка не заўсёды клалі. Часам у маёй торбе знаходзілася чужое, і наадварот. Я ўвесь час сварыўся з адміністрацыяй наконт маіх рэчаў, і мне іх вярталі.

Пачынаючы з красавіка і да верасьня вада ў кранах была рэдкасьцю. Набіралі ў што толькі можна. Калі вады не было, то ў прыбіральню схадзіць было нельга.

Усю камэру выводзілі ў калідор і ставілі на расьцяжкі, прычым ня ўсіх, а выбарачна. Уначы ніколі не выключалі сьвятла.

«Дагрукацца да лекараў было немагчыма»

Былі выпадкі, калі лекар прыходзіў толькі раніцай, хоць у дзьверы грукалі зь вечара. На адным такім выпадку спынюся падрабязьней.

Некаторы час я быў на санчастцы, у камэры 26. А ў суседняй камэры 27 былі псыхічна неўраўнаважаныя людзі. Іх часта прыходзілі супакойваць опэры-кантралёры. Яны прывязвалі «псыхаў» да нараў і білі, так бы мовіць, праводзілі выхаваўчую працу. Праз вэнтыляцыйнае акно нашай камэры можна было бачыць, што робіцца ў суседзяў.
Калі ўсё ж прыйшоў лекар, то стала зразумела, што гэты прывязаны да нараў чалавек — мёртвы…


Аднойчы ўвечары супакойвалі ці то «псыха», ці таго, хто «касіў» пад псыха. Яны прывязалі чалавека да ложка і білі. Дзьверы ў камэру былі адчыненыя, а таму арыштаваныя ўсё бачылі. Сьведкамі зьбіцьця былі Ганчароў Яўген, Падвысоцкі Сяргей, а таксама Ягор і Вова, прозьвішчы якіх таксама можна ўдакладніць. Зьбіўшы гэтага чалавека, кантралёры сышлі. Прайшло некалькі гадзін, прайшла вячэрняя праверка, і сукамэрнікі пабітага заўважылі, што чалавек не варушыцца. Яны пачалі грукаць у дзьверы і клікаць лекара. І так грукалі хвілін 40, хоць пост дзяжурнага лекара знаходзіцца за пяць мэтраў. Калі лекар усё ж прыйшоў, то стала зразумела, што гэты прывязаны да нараў чалавек — мёртвы. Прозьвішча забітага было Семяновіч, прозьвішча жорсткага кантралёра — Бабко. Выклікалі хуткую. Чалавека «сьпісалі як памерлага натуральнай сьмерцю».

Яшчэ адзін выпадак. У маёй камэры сядзеў чалавек, якому людзі ў масках выбілі зубы. Гэтыя выбітыя зубы ён прынёс у камэру ў руках. Яго спрабавалі прымусіць не пісаць скаргаў. Чалавек супраціўляўся, і яго штучна «прышылі» да гучнай справы гомельскага аўтарытэта па мянушцы «Салдат». Карпусны, забіраючы гэтага чалавека з камэры, надзеў яму кайданкі, чаго звычайна не практыкуюць.

Яго завялі ў сутарэньне, у так званую камэру для буяных, або гумовую. Гэта маленькае памяшканьне, абабітае мяккім матэрыялам, каб, зьбіваючы, не разьбіць чалавеку галаву.

У гумовай камэры майго суседа чакалі двое ў масках. Яны пачалі яго біць і пры гэтым казалі: «Ну што, скардзіцца не перадумаў?».
Суседа завялі ў сутарэньне, у так званую камэру для буяных, або гумовую. Гэта маленькае памяшканьне, абабітае мяккім матэрыялам, каб, зьбіваючы, не разьбіць чалавеку галавы…


Яшчэ мне давялося сустракацца з чалавекам, якога скалечылі падчас сьледзтва. Ён афіцыйна атрымаў паперы аб інваліднасьці. Калі ў мяне пачаўся суд, я хацеў агучыць гэты факт зь ягонай згоды. Але пра гэта стала вядома адміністрацыі. Інваліда запалохалі. Паабяцалі «павесіць» на яго яшчэ адно забойства. Ён моцна забаяўся, а таму я не агучыў гэты факт. Сядзельцу далі 12 гадоў і паабяцалі: калі ён будзе маўчаць, яму дапамогуць найхутчэй вызваліцца.

Таксама ў нашай камэры быў чалавек, які ноч праляжаў у кабінэце міліцыі ў позе «ластаўка». Рукі і ногі зашпільваюць за сьпінай разам. Нават празь месяц у яго настолькі былі сінія рукі, што было зразумела, чаму гэта. Прозьвішчы ўсіх удзельнікаў у мяне ёсьць. І я гатовы іх назваць.

«Мэтады запалохваньня часта спрацоўваюць, і зь людзей робяць зомбі або падатлівых жывёлін»

Тое, што сёньня адбываецца ў турмах і калёніях, нельга назваць папраўчым працэсам. Мэтады запалохваньня часта спрацоўваюць, і зь людзей робяць зомбі або проста падатлівых жывёлін. З нас робяць краіну баязьліўцаў, сэксотаў, нягоднікаў. Гэтая палітыка нашай дзяржавы ідзе, напэўна, ад вялікай любові да свайго народу. А потым мы дзівімся, чаму так сумна.

Сумна таму, што шмат баязьліўцаў і мала мужчын. У гэтай сувязі хачу расказаць яшчэ пра аднаго чалавека, зь якім мне давялося сядзець у СІЗА на «Валадарцы». Ёсьць нямала людзей, якія ня хочуць пакідаць сьледчыя ізалятары і ехаць у калёнію. Як правіла, гэта такая катэгорыя, як былыя опэры, сьледчыя. Яны літаральна просяцца пакінуць іх у СІЗА, і, як я ведаю, некаторыя нават плацілі, каб там застацца. Нягледзячы на такі плюс калёніі, як сьвежае паветра, у СІЗА гэтыя людзі адчуваюць сябе нашмат больш камфортна. Тут, напрыклад, можна штомесяц атрымліваць пасылкі, перадачы. Зь неабходнымі для чалавека рэчамі таксама нашмат менш праблем. Адзін з чатырох сядзельцаў у маёй камэры належаў да такіх былых. Ён браў на сябе ўсе «вісякі».
Калі кожны, хто зазнаў на сабе катаваньні, раскажа пра гэта, то ім нядоўга хадзіць на свабодзе…


Ён ужо атрымаў 3 гады за свае 22 эпізоды крадзяжоў. Аднак ён захацеў узяць на сябе яшчэ 28 эпізодаў. Нярэдка ён таргаваўся з апэратыўнікамі: вам плацяць за раскрытыя злачынствы па 330 тысяч рублёў прэміі, значыць, палова зь іх — мая. Быў нават выпадак, калі па дакумэнтах ён у адзін і той жа дзень зьдзейсьніў два злачынствы. Спачатку — у Менску, а праз 45 хвілін — у Горадні, дзе быццам бы абрабаваў кватэру. Гэта замалёўка аб прафэсіяналізьме супрацоўнікаў нашай пэнітэнцыярнай сыстэмы.

Службоўцы разумеюць, што ўлада, якая ўсё гэта пакрывае, ня вечная. Калі кожны, хто зазнаў катаваньні, раскажа пра гэта, то нядоўга такім чыноўнікам хадзіць на свабодзе.

Час усё зьменіць, і я выкладу мноства фактаў, калі яны, вядома, мяне не заб’юць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG