Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапоўненыя турэмныя камэры — прыніжэньне чалавечай годнасьці


Фэдэральны канстытуцыйны суд у Карлсруэ — галоўная судовая інстанцыя Нямеччыны — зрабіў гэтымі днямі беспрэцэдэнтную заяву. Судзі жорстка скрытыкавалі нямецкую турэмную сыстэму і падкрэсьлілі, што калі дзяржава ня можа забясьпечыць зьняволеных адпаведнымі, не прыніжальнымі для чалавечай годнасьці ўмовамі ўтрыманьня, яна мусіць выпусьціць арыштантаў на волю. Пра гэта гаворыцца ў 19-старонкавай рэзалюцыі Канстытуцыйнага суду: калі турэмныя ўлады ня могуць ліквідаваць перапоўненасьць у камэрах, то трэба "неадкладна адмовіцца ад прэтэнзіяў на выкананьне пакараньняў". Акрамя перапоўненасьці камэраў, да абставін, якія парушаюць правы чалавека і лічацца фізычным і псыхалягічным зьдзекам, адносяцца праблемы з прыбіральнямі, вэнтыляцыяй ды іншымі санітарна-гігіенічнымі ўмовамі.

Падставай для гэтага рашэньня стала скарга 27-гадовага зьняволенага-наркамана, які сядзіць у адной з турмаў Паўночнага Райну-Вэстфаліі.

Кёльнскі наркаман патрабаваў ад турэмнікаў кампэнсацыі за маральную шкоду


Аўтар скаргі, малады вязень-наркаман з Кёльну, правёў у турме 151 дзень. Увесь гэты час ён праседзеў у камэры, разьлічанай на двух чалавек, плошчай у 8 квадратных мэтраў. Для даведкі: у нямецкіх турмах арыштанты звычайна сядзяць па двое-трое ў камэрах агульнай плошчай прынамсі 12 квадратных мэтраў. Прыбіральня звычайна бывае ў самім памяшканьні. У кёльнца прыбіральня была ў камэры за гіпсакардоннай перагародкай, аднак асобнай вэнтыляцыі ў ёй не было.
Калі б тых швайцарцаў ды немцаў, як мяне, пасадзілі ў самалёт і яны празь некалькі гадзін трапілі ў беларускую турму, яны б, пэўна, надоўга страцілі дар мовы ды прытомнасьць.

Сутнасьць скаргі была ў тым, што ўсе суседзі арыштанта (акрамя яго, склад сядзельцаў тут увесь час мяняўся) былі заўзятымі курцамі. Арыштант праводзіў зь імі 23 гадзіны ў суткі, акрамя гадзіннай прагулкі. Прымаць душ было дазволена толькі 2 разы на тыдзень. Таму паветра ў камэры стаяла невыноснае — сумесь пахаў прыбіральні, целаў, тытуню. Аўтар скаргі прыраўняў сваё ўтрыманьне да фізычных і псыхічных зьдзекаў і запатрабаваў ад турэмных уладаў фінансавай кампэнсацыі за маральную шкоду.

Тое, што для швайцарцаў прыніжэньне, для беларусаў — анэкдот


Колішні прадпрымальнік зь Меншчыны, 30-гадовы Сяргей, які цяпер адбывае пакараньне ў адной зь беларускіх калёніяў, мае досьвед адседкі ў швайцарскай турме. Ён сьведчыць, што тамтэйшыя зьняволеныя і іх сваякі рэгулярна скардзяцца ў самыя высокія судовыя інстанцыі на неадэкватныя ўмовы ў вязьніцах, малыя перапоўненыя камэры, праблемы са сьвятлом, сьвежым паветрам, цяплом, адсутнасьць матрацаў, коўдраў. Усё гэта яны характарызуюць як парушэньне правоў чалавека.

"Калі б гэтых людзей, як мяне, пасадзілі ў самалёт і яны празь некалькі гадзін трапілі ў беларускую турму, яны б, пэўна, надоўга страцілі дар мовы ды прытомнасьць", – мяркуе беларус.

Некалькі гадоў таму Сяргей з-за праблемаў зь беларускімі законамі ўцёк да сяброў у Базэль. Аднак там ён парушыў візавы рэжым, паліцыя яго злавіла, і за нелегальнае знаходжаньне ў краіне ён трапіў пад арышт. Цягам некалькіх месяцаў ён чакаў у базэльскай турме рашэньня аб дэпартацыі. Потым на самалёце яго даставілі ў Менск.
Для этапу выбралі сьпякотны дзень з тэмпэратурай паветра +37. Іх напхалі ў мэталічны грузавік як селядцоў.. Можаце сабе ўявіць, якая тэмпэратура была там усярэдзіне.

Ніколі раней не судзімы ў Беларусі Сяргей так апісвае свае першыя ўражаньні ад знаёмства з турэмнай сыстэмай Бацькаўшчыны.

"Адразу з аэрапорту мяне адвезьлі на Валадарку ў так званую транзытную камэру, якая па-народнаму называецца адстойнікам. У яе зьмяшчаюць людзей пасьля судоў, этапаў. Каго на гадзіны, каго на суткі, каго на некалькі сутак. Людзей там было прыкладна як селядцоў у слоіку. Першае, што я сказаў у адстойніку, калі за мной зачынілася дзьверы: "Ну і справы. Учора ў Базэлі было 5 чалавек на ўсю турму, а сёньня толькі ў адстойніку 25". На гэта мне адказалі: "Сардэчна запрашаем на Бацькаўшчыну, зямляк!".

Як чалавек, які паміж адстойнікам і зонай пабываў у розных камэрах СІЗА, Сяргей сьцьвярджае, што ня ведае аніводнай, якая б не была перапоўненая. У разьлічаным чалавек на 8 памяшканьні сядзелі тры дзясяткі. Спаць даводзілася па чарзе, па двое-трое на ложак. Прычым ложкам тую трох'ярусную, з мэталічных пласьцінаў канструкцыю можна было назваць толькі ўмоўна. Усе сядзельцы курылі, пераважна танны тытунь. У каго ад гнілой ежы быў панос, той ня злазіў з парашы. Шмат хто ня мыўся і, праўдападобна, ніколі не мяняў шкарпэтак ды нацельнай бялізны. Апісаць такі водар ня здолеў бы аніводзін немец ці швайцарац, мяркуе Сяргей. Насельнікі беларускіх турмаў, кажа ён, успрынялі б судовыя скаргі эўрапейцаў як анэкдот.

Горшае за СІЗА — толькі этапаваньне


Горшым за ўтрыманьне ў СІЗА, лічыць зьняволены, можа быць толькі этапаваньне на месца пакараньня. Асабліва цяжка яго пераносяць жанчыны ў сілу фізіялягічных ды псыхалягічных асаблівасьцяў. Дарэчы, некаторыя міжнародныя экспэрты прыроўніваюць этапаваньне да катаваньняў.

28-гадовую Натальлю, якая чакала прысуду ў зьвязку з абвінавачаньнем у эканамічным злачынстве на Валадарцы, этапавалі на зону летась, у самую сьпёку. Расказвае яе маці:

"Праўдападобна, яны выбралі самы гарачы дзень, калі ў паветры было +37. Іх напхалі як селядцоў у мэталічны грузавік. Можаце сабе ўявіць, якая тэмпэратура была там усярэдзіне. Там было шмат хворых жанчын. Некаторых рвала. Яны выкарыстоўвалі розныя кулькі. Таксама выкарыстоўвалі кулькі, калі хацелася па малой патрэбе. Здаецца, у прыбіральню выводзілі толькі аднойчы. У некаторых дзяўчат быў моцны крывацёк. Мая дачка заразілася за час паездкі нейкай інфэкцыяй і потым доўга лячылася ад яе".

"Этап — гэта жудасны шлях", — кажа колішні палітвязень, стваральнік інтэрнэт-праекту "Зона" Валер Леванеўскі. — "Ён вельмі моцна адбіваецца на псыхіцы, на агульным здароўі".

"Калі чалавек ідзе па этапе, у так званых перасыльных сталыпінскіх вагонах, там шмат інфікаваных, і ён рызыкуе падхапіць усё што заўгодна. Там бруд, паразыты, вошы, самыя розныя хваробы. Нездарма для ўсіх, хто прыбывае, існуе 15-дзённы карантын. Гэтых людзей трымаюць асобна, правяраюць на хваробы, мыюць і гэтак далей".

Як адзначаецца ў дакумэнтах ААН, пакуль у Беларусі няма ніводнай турмы, якая б адпавядала стандартам Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ) што да інфэкцыйнага кантролю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG