Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар: “Хвароба Зьмітра Бандарэнкі – справа сур’ёзная”


Жонка палітвязьня “амэрыканкі” Зьмітра Бандарэнкі Вольга занепакоеная станам мужавага здароўя. Пра нэўралягічнае захворваньне Зьмітра (дыскагенная радыкулапатыя з частковым парэзам нагі) і яго наступствы яна ведае ня толькі як блізкі чалавек, але і як прафэсійны спартовы трэнэр, спэцыяліст, які валодае ведамі аб фізіялёгіі чалавека.

Цяпер Вольга Бандарэнка дамагаецца, каб 5-я бальніца Менску, у якой год таму праходзіў лячэньне Зьміцер. афіцыйна накіравала ў СІЗА КДБ яго клінічны дыягназ, вынікі аналізу МРТ ды іншых дасьледаваньняў.

У размове са “Свабодай” Вольга Бандарэнка назвала галоўныя, на яе погляд, прычыны пагаршэньня здароўя сужэнца:

“Прычыны: холад, стрэсавая сытуацыя і, зразумела, усе гэтыя рэчы, пра якія расказваў Міхалевіч. Гэта расьцяжкі, гэта знаходжаньне голымі ў халодным сырым памяшканьні. Я ня ведаю, для чаго іх прымушалі прысядаць. Можа, для таго, каб ім разьдзетым сагрэцца? Можа, гэта быў у іх такі гуманны акт?”

Зьміцер і Вольга Бандарэнкі

Год таму, у такі самы веснавы час, каардынатар “Хартыі’97” Зьміцер Бандарэнка адчуў абвастрэньне сваіх старых праблемаў, зьвязанай з колішняй траўмай пазваночніка.

Моцныя нэўралягічныя болевыя прыступы ён пераносіў на нагах, купіруючы іх анальгетыкамі. Гэта працягвалася да часу, пакуль ён аднойчы ня рухнуў на падлогу. Вольга Бандарэнка згадвае:

“На маіх вачах разьвіваліся ўсе гэтыя праявы. Летась вясной ён хадзіў з жудаснымі болямі. І скончылася тым, што ён проста зваліўся ў пакоі. Проста зваліўся на падлогу. Спачатку ад болю. Мы тады выклікалі хуткую. Потым ён проста ня змог хадзіць. Падаў, бо ня рухалася ступня. Нага ня слухалася, былі задушаны нэрвовыя канчаткі”.

“Ідзе зрушэньне ў бок пазванковага канала, а таму болі невыносныя”

Зьмітра Бандарэнку тады шпіталізавалі ў 5-ы клінічны шпіталь Менску, там ён і атрымаў курс адпаведнага лячэньня. Выпісваючы, лекары настойліва рэкамэндавалі і надалей наглядацца ў нэўролягаў, а пры болевых сындромах, узмацненьні кульганьня і праблемах з органамі малога таза зьвяртацца да спэцыялістаў-нэўрахірургаў. Варыянт хірургічнага лячэньня ў сувязі з зрушэньнем дыска не выключаўся.

Менскі клініцыст, кандыдат мэдычных навук Аляксандар на падставе знаёмства з выпіскай з гісторыі хваробы Зьмітра Бандарэнкі зрабіў наступную выснову:
Тут самае галоўнае – трэба некалькі дзён ляжаць. Прычым у цяпле...


“Так. Уся гэтая карціна зьвязаная з грыжай, якая зьмяшчаецца далей у пазваночны канал, пераціскае там цалкам карэньчыкі, і тады сапраўды парушаецца функцыя органаў малага таза, маю на ўвазе мочаспусканьне, дэфэкацыю. І тут могуць адняцца ногі, можа быць парушаная іх адчувальнасьць. Тое, што ў яго парэз, парушэньне адчувальнасьці, гэта сьведчыць пра нешта сур’ёзнае. Тут трэба глядзець МРТ, наколькі зрушыўся там гэты дыск. Хутчэй за ўсё, там зрушэньне ўбок пазванковага канала, канал у выніку можа быць перакрыты, а ўсе гэтыя карэньчыкі ў сьпінна-мазгавой вадкасьці могуць зьвісаць. Вядома, болі невыносныя. Тут самае галоўнае – трэба некалькі дзён ляжаць. Прычым у цяпле. Калі ўставаць, то толькі ў прыбіральню ці паесьці. А так трэба нэўрахірургічна ўсё вырашаць”.

“У выпадку інваліднасьці ані хворы, ані яго сваякі ніколі не дакажуць, што гэта зьвязана з затрымкай аказаньня яму належнай мэдычнай дапамогі”

Як кажа Вольга Бандарэнка, няспынныя і моцныя болі, пра якія паведамляе ў сваіх лістах зь СІЗА яе муж, зьвязаныя таксама і з абвастрэньнем іншых хвароб – падагры, язвы страўніка. Напрыклад, пры падагры пальцы ног пачынаюць распухаць і балець настолькі, што чалавек ня можа ня толькі хадзіць, але і спаць. Без болепатольных прэпаратаў пачынаеш літаральна лезьці на сьценку:

“Тыя таблеткі, якія я яму перадаю, ён атрымлівае, таксама ўколы болесуцішальныя. Але яго асноўнае захворваньне палохае мяне больш. Бо тут яшчэ ёсьць і праблемы з органамі малога таза. Зразумела, у ізалятары ня змогуць яго лячыць. Тут два варыянты. Або апэрацыя, або, калі ёсьць шанец на кансэрватыўную тэрапію – гэта блякады. У любым выпадку тут магчымае толькі стацыянарнае лячэньне. Заключэньні, якія яны патрабавалі, я перадала разам з адвакатам у мэдсанчатку. Адвакат пры мне спыталася адносна часу адказу. На што ёй сказалі: цягам месяца. Хаця такія тэрміны дзейнічаюць у дачыненьні да прыватных пэрсонаў, сваякоў, а з адвакатам павінна быць усё значна хутчэй. Аднак ёй сказалі – усё роўна месяц. Прычым ёй не далі ніякіх тэлефонаў. Ні з мэдсанчаткай адвакат ня можа зьвязацца, ні з канцылярыяй”.

Паводле лекара Аляксандра, самае сумнае і трагічнае ў гэтай сытуацыі, што ў выпадку інваліднасьці ані хворы, ані яго сваякі ніколі не дакажуць, што гэта зьвязана з затрымкай аказаньня яму належнай мэдычнай дапамогі:
А што такое нэўралягічныя хваробы з гледзішча дзяржаўных інтарэсаў? Нічога...


“Гэта не апэндыцыт, не пэрытаніт, не пнэўматоракс, якія патрабуюць неадкладнага хірургічнага ўмяшаньня паводле жыцьцёвых паказаньняў. А што такое нэўралягічныя хваробы з гледзішча дзяржаўных інтарэсаў? Нічога. Колькі людзей, асабліва на вёсцы, якія кульгаюць, маюць праблемы з хрыбетнікам і г.д.?”

Мэдык з жалем сьведчыць пра тое, што заявы Міхалевіча пра катаваньні вязьняў праз тую ж расьцяжку, якая ў адзін сэанс можа вывесьці са строю суставы ды хрыбетнік чалавека, засталіся для многіх мэдыкаў або не пачутымі, або не ўспрынятымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG