З пачатку 2024 году ў Беларусі зарэгістравалі больш за 200 выпадкаў клешчавога віруснага энцэфаліту і больш за 1150 выпадкаў лайм-барэліёзу, што больш у 1,9 і 1,2 раза адпаведна, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году, паведамляе Рэспубліканскі цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя.
Больш за ўсё тых, хто захварэў клешчавымі інфэкцыямі, — на Берасьцейшчыне і Горадзеншчыне.
За 7 месяцаў 2024 году ў арганізацыі аховы здароўя па мэдычную дапамогу з нагоды «прысмоктваньня кляшчоў» зьвярнуліся каля 20 тысяч чалавек, што на 11% больш, чым за аналягічны пэрыяд летась, гаворыцца ў паведамленьні. Найбольшую колькасьць зваротаў зарэгістравалі ў Горадзенскай вобласьці і Менску.
Мэдыкі адзначаюць, што найбольш эфэктыўны сродак прафіляктыкі клешчавога віруснага энцэфаліту — вакцынацыя. Ад лайм-барэліёзу вакцыны не існуе.
У ліпені беларусы стварылі пэтыцыю да Мінздароўя, у якой папрасілі зрабіць прышчэпку ад кляшчоў бясплатнай для ўсіх у сувязі з ростам колькасьці захворваньняў на клешчавы энцэфаліт у Беларусі. На сёньня яе бясплатна могуць зрабіць толькі тыя, чыя прафэсійная дзейнасьць зьвязаная са знаходжаньнем у лесе, а таксама тыя, хто выяжджае на сэзонныя работы ў высокаактыўныя прыродныя ачагі захворваньня.
Міністэрства аховы здароўя на пэтыцыю адказала, што ня бачыць неабходнасьці ў тым, каб рабіць прышчэпку ад клешчавога энцэфаліту ўсім і бясплатна.
Для даведкі: імунізацыя супраць клешчавога энцэфаліту ў адной з сталічных паліклінік цяпер каштуе ад 28 рублёў (вакцына «EnceVir») да 112 рублёў (вакцына «TicoVac»). Курс прафіляктычнай імунізацыі супраць клешчавога энцэфаліту складаецца з 2 прышчэпак з інтэрвалам у 1–7 месяцаў.
Для прафіляктыкі інфэкцыяў, якія перадаюць кляшчы, санслужба рэкамэндуе:
- пры наведваньні лясных і паркавых зонаў апранаць сьветлую аднатонную вопратку, на якой прасьцей убачыць кляшча, максымальна закрываць рукі і ногі;
- выкарыстоўваць сродкі, якія адпуджваюць кляшчоў (рэпэленты);
- не дапускаць, каб дачныя ўчасткі празьмерна зарасталі травой, высякаць на іх непатрэбныя кусты, касіць траву, апрацоўваць ад пацукоў і кляшчоў.
Форум