Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы папрасілі Мінздароўя зрабіць прышчэпку ад кляшчоў бясплатнай для ўсіх. У ведамстве адказалі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі адказала на пэтыцыю, у якой беларусы прасілі ўнесьці прышчэпку ад клешчавога энцэфаліту ў нацыянальны каляндар прышчэпак, то бок зрабіць яе бясплатнай для ўсіх.

Цяпер бясплатна прышчэпку супраць вірусу клешчавога энцэфаліту ў Беларусі могуць зрабіць толькі тыя, чыя прафэсійная дзейнасьць зьвязаная са знаходжаньнем у лесе, а таксама тыя, хто выяжджае на сэзонныя работы ў высокаактыўныя прыродныя ачагі захворваньня.

Аўтары пэтыцыі выказвалі занепакоенасьць ростам колькасьці захворваньняў на клешчавы энцэфаліт у Беларусі. Яны прывялі зьвесткі з дасьледаваньня, выкананага ў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі (цяпер ліквідаваная) і Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі. Згодна з дасьледаваньнем, з 1995 па 2022 год штогадовы тэмп прыросту захворваньняў на клешчавы энцэфаліт у Беларусі складае 2,7%.

Таксама, згодна з дасьледаваньнем, у 2022 годзе захворваньне на клешчавы энцэфаліт у цэлым па Беларусі аказалася 2,62 выпадка на 100 тысяч чалавек, з рэзкім скачком па Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях — 11,5 і 5,8 выпадка на 100 тысяч адпаведна, што «пераводзіць гэтыя рэгіёны ў разрад высокаэндэмічных» паводле клясыфікацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя (5 і больш выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва), адзначаюць аўтары пэтыцыі. Яны просяць вылучыць бюджэтныя сродкі на вакцынацыю ад клешчавога энцэфаліту ўсяго насельніцтва ў раёнах, дзе хвароба высокаэндэмічная, і ўнесьці прышчэпку ад клешчавога энцэфаліту ў Нацыянальны каляндар прышчэпак.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі на пэтыцыю адказалі, што ня бачаць неабходнасьці ў тым, каб рабіць прышчэпку ад клешчавога энцэфаліту ўсім і бясплатна. У ведамстве заявілі, што ў Беларусі паказчык захворваньня на клешчавы энцэфаліт складае 2,2 выпадка на 100 тысяч насельніцтва, а калі ў краіне на працягу 5 гадоў рэгіструюць менш за 5 выпадкаў захворваньня на 100 тысяч, САЗ рэкамэндуе рабіць прышчэпкі ад кляшча толькі тым групам насельніцтва, якія найбольш рызыкуюць захварэць.

У той жа час у Мінздароўя адзначылі, што з 1 студзеня 2025 году ў Беларусі пашыраць сьпіс катэгорый людзей, якія падлягаюць прафіляктычным прышчэпкам: у яго дададуць студэнтаў, вайскоўцаў і работнікаў, якія выконваюць работы ў лясістай мясцовасьці.

«Прышчэпкі астатнім ажыцьцяўляюцца за кошт грамадзян», — гаворыцца ў адказе Мінздароўя.

Для даведкі: імунізацыя супраць клешчавога энцэфаліту ў адной з сталічных паліклінік цяпер каштуе ад 28 рублёў (вакцына «EnceVir») да 112 рублёў (вакцына «TicoVac»). Курс прафіляктычнай імунізацыі супраць клешчавога энцэфаліту складаецца з 2 прышчэпак з інтэрвалам у 1–7 месяцаў.

  • САЗ рэкамэндуе прапаноўваць вакцынацыю супраць вірусу клешчавога энцэфаліту ўсім, у тым ліку дзецям, а таксама ўводзіць вакцыну ў нацыянальны каляндар прышчэпак (гэта значыць зрабіць масавай і бясплатнай) у раёнах, дзе хвароба высокаэндэмічная — калі колькасьць захворваньняў (да ўвядзеньня вакцын) складае 5 і больш выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.
  • Раней паведамлялі, што ў Беларусі расьце попыт на вакцыну супраць клешчавога энцэфаліту. Для вакцынацыі беларускія мэдыкі выкарыстоўваюць тры прэпараты: два расейскія і адзін заходні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG