Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Пачынаюць судзіць маці зьняволенага анархіста Францкевіча разам зь сястрой, сын якой таксама пацярпеў ад рэпрэсій

Пачынаюць судзіць маці зьняволенага анархіста Францкевіча разам зь сястрой, сын якой таксама пацярпеў ад рэпрэсій


Натальля Лабацэвіч і Тацяна Францкевіч, архіўнае фота
Натальля Лабацэвіч і Тацяна Францкевіч, архіўнае фота

10 лютага ў Віцебскім абласным судзе пачынаецца разгляд справы Тацяны Францкевіч, маці палітвязьня Аляксандра Францкевіча, і яе сястры Натальлі Лабацэвіч, маці былога палітвязьня Ільлі Лабацэвіча.

Паводле праваабаронцаў «Вясны» Тацяну Францкевіч і Натальлю Лабацэвіч абвінавачваюць паводле 361-4 арт. Крымінальнага кодэкса — гэта «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», ім пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Тацяну Францкевіч і Натальлю Лабацэвіч затрымалі 19 ліпеня 2024 годe на тэрыторыі Ваўкавыскай калёніі, куды яны прыехалі зь перадачай для палітвязьня Аляксандра Францкевіча. Што дакладна здарылася ў калёніі з жанчынамі, невядома.

Паводле зьвестак з дасьведчаных крыніц, некалькі дзён жанчын трымалі пад вартай у Ваўкавыску, потым выставілі ім абвінавачаньні. Тацяну Францкевіч зьмясьцілі ў СІЗА Віцебску, яе сястры Натальлі Лабацэвіч зьмянілі меру стрыманьня на падпіску. Крыніцы паведамлялі пра Тацяну Францкевіч, што яна стойка вытрымлівае ўсе цяжкасьці, зь якімі сустрэлася ў СІЗА.

Тацяна Францкевіч з Наваполацку. Жанчыне 66 гадоў. Яе сын, Аляксандар Францкевіч — вядомы актывіст анархісцкага руху, які ў 2010-х гадах ужо адбываў пакараньне зьняволеньнем за акцыю пратэсту.

Другім разам Францкевіча затрымалі ў 2020 годзе і асудзілі на 16 гадоў і 9 месяцаў паводле шэрагу абвінавачаньняў, уключна са «стварэньнем экстрэмісцкага фармаваньня»

У калёніі № 22 Аляксандру Францкеівчу дадалі яшчэ год зьняволеньня паводле 411 артыкулу КК («грубае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы») і перавялі ў ПК-11 у Ваўкавыску.

Натальля Лабацэвіч таксама жыве ў Наваполацку, ёй 61 год. Сын Натальлі Ільля — былы палітвязень, у 2020 годзе ён быў асуджаны на 1,5 года зьняволеньня паводле арт. 364 КК («Гвалтоўныя дзеяньні ў адносінах да супрацоўніка міліцыі»).

Паводле паказаньняў Ільлі ў судзе, ён заступіўся за хлопца, якога білі амапаўцы, і сам атрымаў сур’ёзны ўдар па галаве дубінкай. Ільля Лабацэвіч цалкам адбыў пакараньне і ў студзені 2022-га выйшаў на волю.

Судзіць Тацяну Фрацкевіч і Натальлю Лабацэвіч будзе судзьдзя Галіна Бондал.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG