Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць маці і цёткі анархіста Францкевіча, асуджанага на 16 гадоў калёніі, завялі крымінальную справу


Аляксандар і Тацяна Франкевічы. 2013 год. Архіўны здымак.
Аляксандар і Тацяна Франкевічы. 2013 год. Архіўны здымак.

Тацяну Францкевіч, маці палітвязьня Аляксандра Францкевіча, і ейную сястру Натальлю Лабацэвіч затрымалі 19 ліпеня ў Ваўкавыску, калі яны прыехалі ў калёнію зь перадачай для Аляксандра.

Супраць Тацяны Францкевіч, маці асуджанага анархіста Аляксандра Францкевіча, і яе сястры Натальлі Лабацэвіч завялі крымінальную справу і зьмясьцілі ў СІЗА Віцебску. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла актывістка Яўгенія Доўгая, якая спаслалася на ліст Тацяны зь СІЗА.

Паводле інфармацыі Свабоды, Францкевіч і Лабацэвіч ня выйшлі на свабоду пасьля затрыманьня 19 ліпеня.

Як піша «Новы час», Тацяну Францкевіч абвінавачваюць паводле артыкулу аб удзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні» (арт. 361-1 КК).

Тацяну Францкевіч і Натальлю Лабацэвіч 19 ліпеня затрымалі сілавікі, калі яны прыехалі зь перадачай для Аляксандра Францкевіча ў ваўкавыскую калёнію. Пра гэта Свабодзе раней паведамілі крыніцы з групы сваякоў палітвязьняў, якія спаслаліся на сьведак затрыманьня.

Аляксандар Францкевіч — вядомы актывіст анархісцкага руху, які ў 2010-х гадах ужо адбываў пакараньне зьняволеньнем за акцыю пратэсту. Другім разам Францкевіча затрымалі ў 2020 годзе і асудзілі на 16 гадоў і 9 месяцаў паводле шэрагу абвінавачаньняў, уключна з стварэньнем экстрэмісцкага фармаваньня.

Пасьля суду Аляксандар Францкевіч спачатку адбываў пакараньне ў калёніі № 22 «Ваўчыныя норы», а потым атрымаў яшчэ год зьняволеньня паводле 411-га артыкулу КК («Грубае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы») і быў пераведзены ў ПК-11 у Ваўкавыску. Пра здароўе Аляксандра Францкевіча вядома, што ў яго няма адной ныркі, між тым яго шмат разоў зьмяшчалі ў ШЫЗА.

Аляксандра Францкевіча беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG