Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя дэпартавала ў Таджыкістан грамадзкага дзеяча, якога не было ў афіцыйным вышуку. На радзіме яго адразу арыштавалі


Фарход Нягматаў, архіўнае фота
Фарход Нягматаў, архіўнае фота

У Таджыкістане затрымалі дэпартаванага са Швэцыі Фархода Нягматава разам з трыма дочкамі. Дзяцей перадалі сваякам, а мужчыну арыштавалі адразу па прыбыцьці.

Пра дэпартацыю і арышт паведаміла таджыцкая служба Радыё Свабода/Азадзі. Якія абвінавачаньні выставілі Нягматаву, невядома. МУС і іншыя ведамствы не камэнтуюць гэтыя паведамленьні. У сьпісах асоб, якія шукаюцца Таджыкістанам, ягонага імя няма.

Фархода Нягматава і трох ягоных дачок дэпартавалі са Швэцыі 27 сьнежня 2024 году. Пасьля прылёту ў таджыцкую сталіцу яго адразу затрымалі, а дачок перадалі сваякам, выкліканым у Душанбэ з Бабаджону ў Сагдыйскай вобласьці.

Жонка Нягматава цяпер жыве ў іншай эўрапейскай краіне.

У 2019 годзе сям’я Нягматавых эмігравала ва Ўкраіну, але з пачаткам поўнамаштабнага расейскага ўварваньня яны пераехалі ў швэдзкі Гётэборг. «Фарход Нягматаў неаднаразова прасіў там палітычнага прытулку, але яму кожны раз адмаўлялі», — расказаў суразмоўца Радыё Азадзі, знаёмы зь сям’ёй Нягматавых.

Некалькі крыніц выданьня паведамілі, што ўлады Таджыкістану абвінавачваюць Нягматава ў супрацоўніцтве з арганізацыяй «Хізб ут-Тахрыр», прызнанай у Таджыкістане экстрэмісцкай. Аднак сваякі актывіста адмаўляюць ягоную сувязь з рухам. Яны сьцьвярджаюць, што прычынай затрыманьня Нягматава стала крытыка ўладаў у сацыяльных сетках і перапост відэа пра ісламскі халіфат.

Праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі эўрапейскія краіны не высылаць просьбітаў прытулку ў Таджыкістан, бо на радзіме ім пагражаюць катаваньні і працяглыя тэрміны зьняволеньня.

У Таджыкістане дзейнасьць «Хізб-ут-Тахрыр» была забароненая рашэньнем Вярхоўнага суду ў 2001 годзе. Празь сем гадоў «Хізб-ут-Тахрыр» увайшла ў сьпіс экстрэмісцкіх арганізацый, удзельнікі якіх перасьледуюцца законам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG