Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мае сумневы ў неабходнасьці адмаўляцца ад запрашэньня замежных назіральнікаў на выбары 26 студзеня.
«Трэба з Цэнтральнай камісіяй яшчэ раз сустрэцца і вызначыцца, ці будзем мы запрашаць гэтых іншаземцаў на выбары. Усе кажуць „ды ня трэба, яны зразумела, што скажуць“. Ня ведаю. Мяркую, што ёсьць і іншая думка. Прыедуць — няхай едуць усе гэтыя заходнікі. Не прыедуць — значыць, не прыедуць. Гэта іхнае права. Я мяркую, што ў цяперашняй кампаніі, зыходзячы з таго, што адбываецца, варта сур’ёзна падумаць, ці ёсьць сэнс нам ад нечага адмаўляцца. Прыходзьце, глядзіце», — працытавала Аляксандра Лукашэнку зь ягонай сустрэчы з даверанымі асобамі дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У той жа час Лукашэнка дадаў, што заходнія назіральнікі «прыедуць на выбары з ужо падрыхтаванымі заявамі: усё кепска, канкурэнцыі не было, не было шоў, як, напрыклад, у ЗША».
«Не стралялі, ні ў вуха не пацэлілі, ні ў галаву, [...], значыць кепска. Але вы зразумейце, гэта ж ня тыя, хто камандуе, камандуюць адмысловыя цэнтры ўхваленьня рашэньня. Людзі, якія прыедуць, усё ж нешта людзкое ў іх ёсьць. Яны ж будуць бачыць рэальную карціну ў Беларусі. Так, у іх гэта шоў. У нас не, у нас выбары — сур’ёзнае мерапрыемства. Паверце, калі б трэба было правесьці шоў, мы б такое зладзілі, што тут грымела б уся краіна. Але потым па інэрцыі гэты гром пакоціцца аж да ліпеня-жніўня, ніхто ж працаваць ня будзе. А ў нас сытуацыя ня тая, каб адпачываць. Час няпросты, вельмі няпросты», — патлумачыў Лукашэнка.
На сустрэчы з кіраўнікамі абласных выканкамаў, якая адбылася пасьля сустрэчы з даверанымі асобамі, Аляксандар Лукашэнка заявіў аб вонкавым ціску на сяброў выбарчых камісій і заклікаў выкарыстоўваць міліцыю і вайскоўцаў, каб «навесьці парадак».
«Дапамажыце выбарчым камісіям на ўчастках. Таму што гэтыя нягоднікі, зразумела, што яны ўжо падціскаюць нашых сяброў камісій, асабліва кіраўніцтва. [...] Я вельмі рады, што ніхто іх не баіцца. Яны адкрыта заяўляюць: „Так, мы сябры камісій, і мы будзем праводзіць і арганізоўваць выбары“. Але падключыцца трэба. Дзе трэба, міліцыю, дзе трэба — вайскоўцаў сьмела падключайце. Так, каб быў парадак», — заявіў Лукашэнка.
Адначасова Лукашэнка пракамэнтаваў, як ставіцца да закліку Сьвятланы Ціханоўскай да беларускіх грамадзян галасаваць супраць усіх. Сьвятлану Ціханоўскую ў 2020 годзе ўлады прымусілі выехаць у Літву.
«Вядома, нашы беглыя ўжо настроілі Захад. Вы і самі бачыце іхную палітыку: „Галасуем супраць усіх“ (гэта Лукашэнка вымавіў па-беларуску. — РС). Яшчэ галасаваньня не пачалося, можа, нехта зьнімецца з гэтай дыстанцыі і гэтак далей, а ўжо „супраць усіх“. Яшчэ не пачулі, пра што гэтыя кандыдаты будуць гаварыць, не, „супраць усіх“. Але гэта іхная справа, іх права заяўляць. З-за мяжы лёгка вякаць. Трэба прыяжджаць сюды і ўдзельнічаць у выбарах. Як прыехаць — на гэтае пытаньне ўжо некалькі разоў адказвалі», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго, у Беларусі «ніякіх зьдзекаў, ніякіх палітвязьняў няма».
«Не зьбіраюся я там як прэзыдэнт ціснуць на некага. Гэта перадвыбарная кампанія, гэта выбары — тут людзі павінны вырашаць так, як яны палічаць патрэбным. Ужо потым, як я казаў: прабачце, выбралі — давайце будзем працаваць», — заявіў Лукашэнка.
У пачатку сьнежня 2024 году старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка заявіў аб запрашэньні калег з краін СНД зь місіямі назіраньня за выбарамі прэзыдэнта 26 студзеня 2025 году, а таксама прадстаўнікоў шэрагу выбарчых камісій, зь якімі беларускі бок узаемадзейнічае ў рамках Усясьветнай асацыяцыі выбарчых органаў — арганізацыі, якая ня ставіць сваёй задачай назіраць за выбрамі. Яе стваралі ў 2013 годзе для ўзмацненьня супрацы між органамі адміністраваньня выбараў з мэтай забесьпячэньня даверу да выбарчых працэсаў у сьвеце, а таксама для абмену тэхналёгіямі.
Летась у лістападзе Ігар Карпенка расказаў, якой бачыць ролю міжнародных назіральнікаў у часе выбарчых кампаній у Беларусі.
«Роля назіральніка вельмі простая: назіраць, глядзець, як працэдурна ўсё арганізавана. Назіральнік можа рабіць выснову, ці адпавядаў выбарчы працэс нацыянальнаму заканадаўству. Калі не адпавядаў, то чаму; якія, на ягоны погляд, былі парушэньні, на што варта зьвярнуць увагу. Назіральнік павінен паважаць сувэрэнітэт краіны», — сказаў старшыня ЦВК Беларусі. У той жа час, паводле яго, удзел замежных назіральнікаў для Беларусі не прынцыповы.
З 2001 году вынікі выбараў у Беларусі не прызнае міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі.
У 2020 годзе ўлады Беларусі накіравалі запрашэньне для назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ на прэзыдэнцкія выбары са спазьненьнем. Арганізацыя адмовілася накіроўваць сваіх прадстаўнікоў. Тая кампанія скончылася масавымі затрыманьнямі, а супраць удзельнікаў пратэстаў ужылі зброю. Дзясяткі тысяч людзей трапілі за краты, сотні тысяч вымушаныя былі эміграваць.
У 2022 годзе ўлады ўвогуле не запрасілі місію БДІПЧ АБСЭ для назіраньня на так званым канстытуцыйным рэфэрэндуме 27 лютага.
Беларусь як дзяржава АБСЭ з уласнай волі ўзяла на сябе абавязаньне ладзіць свабодныя і справядлівыя выбары.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
- 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
Форум