Пэрсаналісцкая ўлада, якая трымаецца на адным чалавеку; турмы, запоўненыя іншадумцамі; цалкам рэпрэсіўная палітыка і поўнае беспрасьвецьце наперадзе. А яшчэ — надзвычайная стомленасьць грамадзтва і вялізная эміграцыя...
Сцісла:
- І Лукашэнка, і Пуцін упэўненыя, што Беларусь і Ўкраіна мусяць быць часткамі Расеі. Пры гэтым Лукашэнка заклапочаны толькі тым, каб пры гэтым ня страціць уладу.
- Імпэрская прыдумка пра трыадзіны народ зноў аказалася фэйкам як у рэальнай гісторыі, так і ў рэальнасьці.
- У сырыйскай і беларускай сытуацыі шмат падабенства.
Крыху гісторыі
Яшчэ да свайго прыходу на пасаду прэзыдэнта Лукашэнка дэкляраваў аднаўленьне СССР, «стаўку на КДБ па ўсёй вэртыкалі», гатовасьць «паўзьці ў Маскву на каленях» і што «белорусы — те же русские со знаком качества». Трэба прызнаць, што за ўсе больш як трыццаць гадоў прэзыдэнцтва гэтыя пастуляты ягонае ўлады не зьмяніліся, хоць нічога добрага для Беларусі і беларусаў не прынесьлі. А рэфэрэндум пра дзьве дзяржаўныя мовы (што на справе азначала адну, расейскую) адкінуў нацыю ў яе разьвіцьці кудысьці ў ХІХ стагодзьдзе.
Малады прэзыдэнт уяўляў сябе першым сакратаром ЦК КПБ і часта наведваўся ў Маскву, дзе ўлагоджваў «генэральнага сакратара» Ельцына аж да таго, што ўявіў сябе ягоным фаварытам і пераемнікам на пасадзе кіраўніка Расеі. Беларусь Лукашэнка тады пасьпяшаўся аб’явіць пройдзеным для сябе этапам: «Я этат клачок зямлі ўжо перарос».
Але здарылася так, што на пачатку новага тысячагодзьдзя стомлены Ельцын паміж ім і Пуціным выбраў Пуціна. Для Лукашэнкі гэта стала ўдарам. Ён зразумеў, што Беларусь, «клачок зямлі» — гэта яго сініца ў руках, то бок уся ягоная ўлада. Але і ранейшыя намеры ня зьніклі. Яны толькі адкладаліся на пэўны час.
Тут трэба адзначыць, што і ў незалежнасьць Беларусі ад Расеі Лукашэнка наўрад ці верыў. Прынамсі, будучы дэпутатам, за незалежнасьць не галасаваў. Але, паколькі гэта была ўся ягоная ўлада, якая дазваляла трымацца з Пуціным на роўных, давялося казаць пра каштоўнасьць незалежнасьці.
Тым часам ўсе ягоныя захады ў бок інтэграцыі з Расеяй (саюзная дзяржава, адсутнасьць мяжы, русыфікацыя), якія былі на справе ўразаньнем незалежнасьці краіны, у ягоным уяўленьні былі інтэграцыяй сваёй улады ў Расею. Варта згадаць ягоную супрацу з расейскімі рэгіёнамі, якая давала яму магчымасьць адчуць сябе кіраўніком у тым ліку і Расеі.
Зэдлік на трох нагах
Тым часам Пуцін не зьбіраўся дзяліцца ўладай зь беларускім калегам і таксама ня верыў у беларускую незалежнасьць, а верыў у далучэньне Беларусі да Расеі, хай сабе і ня хуткае, але магчымае хоць зараз — «шасьцю абласьцямі». Бянтэжыла Пуціна хіба тое, што зь Беларусьсю «справа вырашаная», але чаму ён павінен «карміць яе» ў якасьці іншай дзяржавы, а не свайго расейскага рэгіёну. Выглядала так, што ён такім чынам «корміць» Лукашэнку і ягоную ўладу, а Лукашэнка тым часам «працуе» з расейскімі рэгіёнамі з пазыцый «свайго» прэзыдэнта, кіраўніка «саюзнай дзяржавы». Пры гэтым уся палітычная вага Лукашэнкі нічога ня вартая, бо складаецца з адных дэклярацыяў.
Зразумела, што паміж двума «фаварытамі» Ельцына ўзьнікла калізія. Пуцін даваў грошы, а Лукашэнка шмат гаварыў. На нейкі час нават пачаліся эканамічныя войны, ультыматумы, а на расейскіх тэлеканалах зьявіўся антылукашэнкаўскі сэрыял пра «хроснага бацьку» (2010).
І тут Лукашэнку давялося праявіць цуды выкрутлівасьці, каб ня толькі вярнуць сабе ранейшыя пазыцыі, але і ўмацавацца на новых.
Аб’яднаньне дзьвюх «рускіх дзяржаваў» і для Пуціна, і для Лукашэнкі было і застаецца справай відавочнай і неаспрэчнай. Толькі ж выглядае яна канцэптуальна незавершанай. Бо насамрэч «рускіх дзяржаваў» ня дзьве, а тры. Прычым трэцяя — самая старажытная і каранёвая Русь: Кіеўская Русь, Украіна. Як тое і было заўсёды ў расейскіх гісторыкаў і ідэолягаў: Русь вялікая, малая і белая. Зэдлік стаіць як мінімум на трох нагах. Русь мусіць быць трыадзінай, інакш нічога не атрымаецца, пераконваў Лукашэнка.
Сама ідэя будавалася на замшэлых імпэрскіх прыдумках і ня мела нічога агульнага ані з рэальнай гісторыяй, ані з воляю беларускага і ўкраінскага народаў, якія зусім не жадалі быць ножкамі гэтага зэдліка. Таму ідэя фікс магла быць рэалізаваная толькі сілаю. Але важным было іншае — стаўшы фактычным натхняльнікам вайны, Лукашэнка прывязаў сябе да Пуціна і вярнуў сабе пазыцыю роўнага з роўным.
Пачаліся доўгія «інтымныя» сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна пры зачыненых дзьвярах. Аналітыкі гадалі: пра што лідэры некалькі гадзінаў гавораць? Невядома. Тым часам Лукашэнка становіцца найбліжэйшым саюзьнікам і ледзьве ня сябрам Пуціна. У сьвеце яго называюць «суагрэсарам», што таксама па-свойму цешыць ягонае самалюбства. Што ні тыдзень яны то ў Маскве, то ў Сочы, то на Валдаі. Ня раз заўважана, што ў рэпрэсіўнай палітыцы ў Расеі Пуцін ідзе сьледам за Лукашэнкам у Беларусі, паўтарае ягоныя крокі, засвойвае ягоны досьвед.
Напад Расеі на Ўкраіну адбыўся з тэрыторыі Беларусі. Ніхто толкам і не зразумеў прычыны. Фармулёўкі пра дэнацыфікацыю і дэмілітарызацыю гучалі нават больш няўцямна, чым гістарычныя прыдумкі пра трыадзіную Русь, у што так фанатычна вераць Пуцін і Лукашэнка. Ім яўна было і ёсьць пра што пагаварыць, яны стратэгі, прычым роўныя, толькі што Лукашэнка не ваюе. Але не ваюе пакуль.
Гэта, вядома, вэрсія, якая шмат што тлумачыць. Анамальная ўлада Лукашэнкі шукае такія самыя анамальныя спосабы самазахаваньня. Натуральна, на справе ўсё пайшло ня так, як было задумана. «Кіева за тры дні» не атрымалася, украінцы не сустрэлі кветкамі (дый ніхто ў Расеі ўжо не назаве ўкраінцаў «братнім народам») і галоўны вораг (для саліднасьці) цяпер — NATO...
Лукашэнка як Асад
У Сырыі, вядома, усё вырашылі паўстанцы розных колераў і масьцей. Вырашыла збройная сіла. Урадавае войска пасіўна супраціўлялася, а пасьля ўвогуле зьнікла. І калі сырыйскі сцэнар прыкладаць да Беларусі, трэба ў першую чаргу гаварыць пра збройную сілу. А тут без Украіны не абысьціся.
Удзел беларускай арміі ў расейска-ўкраінскай вайне — адкладзены фактар. Мне ўяўляецца, што калі такі ўдзел стане рэальным, то многія беларускія салдаты далучацца да ўкраінцаў і тых беларусаў, якія ўжо ваююць на ўкраінскім баку. Бо беларусы ў масе сваёй супраць вайны, уцямных мэтаў ваяваць супраць украінцаў, а пагатоў гінуць няма зусім. Мэты ўкраінцаў — бараніць сваю зямлю і свой дом — адвечныя і беларусам зразумелыя. Таму далучэньне да ўкраінцаў — адзіны тут варыянт заставацца адэкватным чалавекам, быць на баку справядлівасьці і дабра.
Літаральна зараз сябра зь Менску ў сацсетках напісаў: «Годна. Еду ў тралейбусе па Маякоўскага. Каля вайсковай часткі ў тралейбус зайшлі некалькі групак салдат. Групка з 3 чалавек стала непадалёк ад мяне і штосьці жвава абмяркоўваюць. Прыслухаўся: пра Нясьвіскі замак і Радзівілаў, і на беларускай мове!».
Ня будзе нічога дзіўнага, калі беларускія вайскоўцы прыйдуць у Беларусь і паўтораць сырыйскі сцэнар. На тэлевізійных кадрах з Сырыі — усё, пра што мараць сёньня беларусы: падзеньне дыктатара, адчыненыя палітычныя турмы і тысячы машын вяртанцаў з эміграцыі...
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум