Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Лукашэнка — марыянэтка Крамля? Тлумачэньне расейскага экспэрта


Барыс Ельцын, Аляксандар Лукашэнка, Біл Клінтан, Максім Самарукаў, Каляж
Барыс Ельцын, Аляксандар Лукашэнка, Біл Клінтан, Максім Самарукаў, Каляж

Ці быў і ці ёсьць Лукашэнка марыянэткай Крамля? Чаму ні яму, ні Маскве не ўдалося далучыць Беларусь да Расеі? Чаму Лукашэнка ня здолеў паразумецца з Захадам?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае навуковы супрацоўнік Бэрлінскага цэнтру Карнэгі па вывучэньні Расеі і Эўразіі Максім Самарукаў.

— У першыя гады пасьля распаду СССР лідэрамі постсавецкіх краін былі альбо былая буйная намэнклятура (Ельцын, Краўчук, Лучынскі, Кебіч), альбо дысыдэнты (Гамсахурдыя, Эльчыбей), альбо савецкая акадэмічная эліта (Акаеў, Шушкевіч). Чаму Беларусь стала выключэньнем? Былы дырэктар саўгаса, шараговы дэпутат парлямэнту. Пра што гэта гаворыць?

— Не абавязкова гэта пра нешта гаворыць. Той факт, што Гамсахурдыя прыйшоў да ўлады ў Грузіі — ці зьяўляецца ён адлюстраваньнем таго, што ў Грузіі быў магутны дысыдэнцкі рух? Хутчэй не. Калі там быў магутны дысыдэнцкі рух, то чаму ж усё так хутка пачало развальвацца ў ягоных руках? Мы бачылі шэраг намэнклятурных дзеячоў, якія прыйшлі да ўлады ў той жа Малдове ці Ўкраіне і не змаглі ўтрымацца. Ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках ступень хаосу на пачатку 90-х была даволі высокая, і як вынесьці наверх магло каго заўгодна, гэтак жа магло і абрынуць.

Гэта хутчэй асабістыя заслугі Лукашэнкі. Вось такі ён дзіўны самародак, які, ня маючы ніякага адміністрацыйнага досьведу, ня маючы ніякага сілавога досьведу, за некалькі гадоў здолеў усіх пашыхтаваць. Мы глядзім на мінулае, ведаючы, што было потым. І задняй датай некаторыя дзеяньні выглядаюць лёгкімі і лягічнымі. Але можна прыгадаць канфлікты Лукашэнкі з намэнклятурай Кебіча ці забойства былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Зь сёньняшняга дня, ведаючы, хто такі Лукашэнка сёньня, нам здаецца цалкам натуральным, што тыран узяў і забіў былога міністра-сілавіка, узяў і разагнаў парлямэнт.

А калі мы паглядзім з таго моманту, то гэта быў выпадковы чалавек, які ня меў ніякіх сур’ёзных сувязяў ні ў сілавых структурах, ні ва ўладным апараце. У тым жа парлямэнце сядзела куча людзей, значна больш дасьведчаных, чым ён. Захаранка ўсё жыцьцё правёў у сілавых структурах. А аказаўся безабаронны перад чужаком, перад чалавекам, які ня меў досьведу працы ў гэтых структурах. Лукашэнка прадэманстраваў моцную волю да ўлады і талент падпарадкоўваць сабе ўсё навокал.

— У жніўні 1993 году газэта КПРФ «Правда» апублікавала інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі пад загалоўкам «Хай адродзіцца!». «Трэба неадкладна стварыць адзіную дзяржаву хаця б зь дзьвюх нашых рэспублік», — казаў ён тады. Менш чым праз год ён узначаліў адну з гэтых рэспублік. Дык што ж перашкодзіла рэалізаваць тую запаветную мару? Апазыцыя, Захад, уладная эліта, народ?

— Хутчэй за ўсё, яго ўласнае жаданьне заставацца ва ўладзе. Больш за ўсё замінала яно. Паводле яго ўяўленьняў пра тое, як павінна быць уладкаваная дзяржава, яна павінна быць жорстка цэнтралізаваная, адзін начальнік павінен аддаваць усім указаньні, інакш нічога не працуе. Гэта шчырае перакананьне. Такім яно было ў яго ў 90-я, такім засталося і цяпер. А далей, відаць, прага да ўлады ўвайшла ў супярэчнасьць з жаданьнем аднавіць СССР. Таму што адна справа, калі ёсьць магчымасьць аднавіць Савецкі Саюз з самім сабой на чале, гэта задаволіла б. А калі такая магчымасьць зьнікае, то, напэўна, жаданьню ўзнавіць Савецкі Саюз даводзіцца заняць другое месца. Паміж захаваньнем улады і ўзнаўленьнем СССР давялося абраць нешта адно. Ён абраў уладу.

— У сваім артыкуле 2021 году пра адзінства расейскага і ўкраінскага народаў Уладзімір Пуцін спрабаваў даказаць менавіта гэтую тэзу. Пры гэтым адзінства расейскага і беларускага народаў там было згаданае толькі мімаходзь — з гэтым, маўляў, усё і так ясна. Чаму ж Крэмль ня робіць дзеяньняў па анэксіі Беларусі тут і цяпер? Далучыцца да РФ шасьцю губэрнямі Пуцін прапаноўваў Беларусі яшчэ ў далёкім 2002 годзе.

— Чаму за дзесяцігодзьдзі інтэграцыі Расея да гэтага часу не анэксавала Беларусь? У адказ на гэтае пытаньне напісаныя тамы. Гэтае пытаньне асабліва актуальнае цяпер, калі вайна і калі Расея, так здаецца, можа не пераймацца наконт міжнародных наступстваў і санкцыяў, бо ўсе магчымыя санкцыі ўжо ўведзеныя. Але ніякага дакладнага адказу на гэтае пытаньне няма. І, магчыма. яго няма ў прынцыпе. Бо ў кожным канкрэтным моманце ніякіх адмысловых прычын далучаць Беларусь не было. Улічваючы тое, наколькі расейска-беларускія адносіны пэрсаналізаваныя ў фігурах іх лідэраў, далучэньне было б пакараньнем Лукашэнкі. А яго, з пункту гледжаньня Крамля, няма за што караць.

Вось Ігар Сечын кіруе «Раснафтай» ужо шмат гадоў — больш за 20, з таго часу, як пасадзілі Хадаркоўскага. Правалаў у Сечына было дастаткова, няўдачаў было дастаткова, але нічога прынцыпова недапушчальнага Ігар Іванавіч не зрабіў, таму ён працягвае кіраваць «Раснафтай». Яго няма за што караць, каб яго здымаць з гэтай пазыцыі. Ці Кадырава ўзяць, ці Мілера, які кіруе «Газпрамам» ужо, здаецца, тысячу гадоў. Вось і Аляксандар Рыгоравіч таксама не зрабіў за ўсе гэтыя гады нічога такога, за што яго варта было б пакараць тым, што ў яго адабраць краіну. І калі самога Лукашэнку няма за што караць, то і сьпяшацца з далучэньнем няма патрэбы.

У Крамлі абсалютна ўпэўненыя, што сытуацыя пад кантролем, што ніхто нікуды не сплывае, усё ідзе ў правільным кірунку ў адносінах зь Беларусьсю. Таму навошта адмаўляцца ад сваіх паняцьцяў аб справядлівасьці і справядлівых адносінах з васаламі, псаваць наогул усю карцінку для ўсіх, парушаць унутраныя негалосныя правілы і адбіраць краіну? Лепш мы дачакаемся, калі ў гэтым узьнікне рэальная неабходнасьць, і далучым, разважаюць у Крамлі. Там лічаць, што зрабіць гэта можна ў любы момант, таму і сьпяшацца з гэтым няма чаго.

— Былыя слупы камуністычнай сыстэмы — Ельцын, Краўчук, Аліеў, Шэварднадзэ, Назарбаеў — наладжвалі даволі эфэктыўныя адносіны з Захадам. А ў Лукашэнкі гэтыя адносіны не заладзіліся ад самага пачатку. І потым таксама, нягледзячы на пэрыяды пацяпленьня. Чаму?

— Ну, і дапамагло гэта, скажам, Краўчуку? Ці застаўся ён ва ўладзе дзякуючы наладжваньню адносінаў з Захадам? Не, праз 4 гады ён уладу страціў. А вось Лукашэнка не марнаваў час на ўсякае наладжваньне, а займаўся ўтрыманьнем улады. І застаўся пры ёй. Ельцын, Краўчук, Аліеў былі на самым версе намэнклятуры. А Лукашэнка там ня быў і блізка. Адпаведна, кругагляд у яго быў іншы. Ён фактычна са старшыняў саўгаса стаў прэзыдэнтам. І ён шчыра ня ведае, што такое Захад, як ён працуе, ён ня вельмі гэта разумее. А незразумелае палохае. Я ўпэўнены, што ён лічыць, што яго ўвесь час Захад падманвае. Што ён зрабіў шмат жэстаў насустрач Захаду, а Захад гэта ці не паважаў, ці рабіў выгляд, што паважае, а потым здраджваў, учыняючы пратэсты, рэвалюцыі і г.д. Ён пакрыўджаны на Захад, ён лічыць, што Захад не трымае слова, што яму нельга давяраць.

Але ёсьць і іншы аспэкт. Летась Натальля Качанава сустракалася з ткачыхамі, і тыя яе спыталі, дзе яна апранаецца. Качанава адказала, што ў наваполацкім Доме гандлю альбо ў атэлье Саўміну шые сабе строі. Я ўпэўнены, што яна была шчырая ў гэтым адказе, ёй няўтульна было б апранацца ў Міляне ці ў Парыжы. Ёй патрэбны наваполацкі Дом гандлю, а не мілянскія бутыкі. Дома ўсё сваё, зразумелае, утульнае. Дык Лукашэнка і Качанава ў гэтым сэнсе з аднаго цеста. Можна прыгадаць, як Лукашэнка паводзіў сябе падчас нешматлікіх візытаў на Захад. Было бачна, як яму там няёмка, як ён ня ведаў, як сабе паводзіць. А як у Крамлі — ён ведае. І як у іншых постсавецкіх сталіцах — ведае. А на Захаде — ня ведае, там усё чужое.

— Лукашэнка — марыянэтка Крамля: гэта даволі папулярнае тлумачэньне ўсіх 30 гадоў яго кіраваньня. На вашую думку, у якой ступені гэта справядліва? Як у часе мянялася ступень «марыянэткавасьці»?

— А што зьяўляецца эталёнам крамлёўскай «марыянэткавасьці»? Каго мы можам назваць ідэальнай марыянэткай Крамля?

— Дзяніса Пушыліна, напрыклад.

— Пушылін — гэта значна ніжэйшая пазыцыя нават унутры расейскай герархіі, чым пазыцыя Лукашэнкі. Я б параўноўваў яго становішча са становішчам тых жа Сечына ці Кадырава — наколькі яны марыянэткі Крамля. Лукашэнка ўсё ж у гэтай першай лізе. Гэта чалавек, які мае магутны актыў, нават па расейскіх мерках — у яго ёсьць краіна, якая лічыцца незалежнай, якая міжнародна прызнаная як незалежная і дзе ён кантралюе сытуацыю. Такія рэчы ёсьць мала ў каго нават унутры расейскай сыстэмы. Там ёсьць «Расейская чыгунка», якая фактычна дзяржава ў дзяржаве, ёсьць Чачня, ёсьць карпарацыі кшталту «Раснафты». Але гэта ўсё ж не прызнаныя незалежныя дзяржавы.

Сечына ці Кадырава недарэчна называць марыянэткамі Крамля. Гэта ня значыць, што яны могуць рабіць усё што заўгодна. Але пэўная аўтаномія ў іх ёсьць. Дык і ў Лукашэнкі ёсьць, і даволі вялікая. Зразумела, ёсьць пэўныя «чырвоныя лініі», якія гэтую аўтаномію абмяжоўваюць. І яны цягам гэтых 30 гадоў мяняліся. І ён іх заўсёды адчуваў і ў іх трымаўся. Таму, відаць, яго і не адправілі ні на якую пэнсію. І ніякіх спробаў анэксіі не было. Відавочна, што ён не зьяўляецца абсалютна самастойным лідэрам дзяржавы, які можа рабіць усё, што яму захочацца. Ён абмежаваны Крамлём вельмі шмат па якіх пытаньнях.

Але пры гэтым ён аўтаномны субʼект, які здольны лабіяваць свае інтарэсы, ён здольны ствараць саюзы ўнутры расейскай сыстэмы з прыязнымі яму сіламі, здольны змагацца за сваю аўтаномію. Унутры абмежаваньняў ён можа вельмі шмат чаго, дый нават наконт многіх з гэтых абмежаваньняў, якія ня самыя прынцыповыя, ён можа патаргавацца.

— А больш канкрэтна — што яму дазволена, што не дазволена?

— Ён не спрабаваў далучыцца да NATO, не спрабаваў разьмясьціць у Беларусі вайсковую інфраструктуру NATO, не спрабаваў гандляваць расейскай пагрозай на Захадзе. Усіх гэтых самых алергенных для Крамля рэчаў ён ніколі не рабіў. Нават калі былі вострыя спрэчкі з-за нафты, з-за газу, з-за малака. Спрэчак было шмат, але ён не казаў, што ў адказ запросіць войскі NATO, каб выкінуць зь Беларусі расейцаў. Сфэра бясьпекі для Крамля — самая адчувальная. Пакуль ён не ідзе наўпрост супраць крамлёўскага лідэрства на постсавецкай прасторы, усё ОК для Крамля.

— Нядаўна вядомы расейскі палітоляг Яўген Мінчанка, аўтар нашумелага дакладу «Палітбюро 2.0», заявіў, што Лукашэнка ўжо ўвайшоў у цяперашняе крамлёўскае «палітбюро», у кола асобаў, якія фактычна кіруюць Расеяй. Якім быў зваротны ўплыў Лукашэнкі на расейскую палітыку за гэтыя 30 гадоў?

— У апошнія два з паловай гады, пакуль ідзе вайна, уплыў Лукашэнкі ўнутры Расеі нават вырас. Раней ніколі не было такога, каб у Расеі цэнзуравалі СМІ на прадмет крытыкі Лукашэнкі. Раней расейскія дзяржаўныя прапагандысты дазвалялі сабе крытыкаваць Лукашэнку, і гэта не лічылася нечым недапушчальным. Цяпер гэтага нельга. Цяпер нават рэшткам незалежных СМІ, паўнезалежным СМІ нельга нічога дрэннага пісаць пра Лукашэнку. А такога ніколі не было за ўсе 30 год. Мы бачым яго лабіяваньне ў рэгіёнах РФ, увесьчасныя сустрэчы з расейскімі губэрнатарамі.

І галоўнае — пастаянныя сустрэчы з Пуціным. Лукашэнка сустракаецца з Пуціным часьцей, чым хто-небудзь іншы. Ну, можа, начальнікі аховы, адʼютанты, ардынарцы Пуціна часьцей зь ім сустракаюцца, чым Лукашэнка. Скажам, прэмʼер Мішусьцін сустракаецца з Пуціным радзей, чым Лукашэнка. А гэта гіганцкі рэсурс у расейскай сыстэме, якая пабудаваная на асабістых рашэньнях і асабістых капрызах аднаго чалавека. Калі ты можаш на вуха нешта нашаптаць ці неяк падаць сваё бачаньне сытуацыі, маеш магчымасьць прадставіць свае аргумэнты — гэта гіганцкі рычаг уплыву, які мае мала хто іншы ў Расеі.

Праз тое, што Беларусь аказалася суагрэсарам у вайне супраць Украіны, Лукашэнка вельмі шмат страціў на заходнім кірунку, яго магчымасьці балянсаваць моцна скараціліся. Але ён пры гэтым стаў значна больш уплывовым чалавекам унутры Расеі. Мяркую, яму больш падабаецца быць уплывовым грандам унутры Расеі, чым спрабаваць наладжваць супрацоўніцтва з Захадам, якога ён ня ведае і не разумее.

— А роля Лукашэнкі ў разьвязаньні крызісу зь мяцяжом Яўгенія Прыгожына — гэта разьдзьмуты ўласны піяр Лукашэнкі ці паказьнік таго, што ён сапраўды чалец крамлёўскага «палітбюро 2.0»?

— Гэта паказьнік перш за ўсё таго, што ён можа быць карысны для Крамля, для Пуціна. Той актыў, які ён кантралюе — Беларусь, гэта карысная штука, якая ў некаторых сытуацыях можа згуляць проста таму, што гэта асобная дзяржава. Так, дзяржава шмат у чым цалкам залежная ад Расеі. Але ёсьць фатэль у ААН, ёсьць міжнароднае прызнаньне. У шматлікіх іншых пуцінскіх грандаў няма такога нават блізка, якімі б яны ўплывовымі ні былі і якімі б сілавымі або эканамічнымі рэсурсамі ні валодалі. Ён паказаў сваю карыснасьць, што ён можа тое, чаго ня могуць ні Патрушаў, ні Шайгу.

— Якія сцэнары трансфармацыі цяперашняй палітычнай сыстэмы Беларусі ўяўляюцца вам найбольш імавернымі?

— Я баюся, што ключавым тут фактарам стала вайна, якая прадвызначае ўсё далейшае. Таму што, якой бы пачварай і тыранам ні быў Лукашэнка, да 2020 году Беларусь рабілася ўсё больш самастойнай, усё больш эўрапеізаванай. Грамадзтва рухалася ў бок Эўропы значна хутчэй, чым улада. І можна было разьлічваць, што ён жа ня вечны, так ці інакш ён кудысьці сыдзе, і Беларусь можна будзе выцягнуць канчаткова з постсавецкай прасторы, зрабіць яе проста яшчэ адной краінай Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы — як Славаччына, Чэхія, Вугоршчына. Ва ўсіх гэтых краінах ёсьць свае праблемы, але ўсё роўна гэта іншая якасьць праблемаў, гэта ня тыя праблемы, якія мы бачым цяпер у Беларусі ці ў Расеі.

Ну, на жаль, і 2020 год, а потым і вайна, стварылі настолькі жорсткую прывязку Беларусі да Расеі, што далейшая палітычная трансфармацыя Беларусі будзе абсалютна залежаць ад таго, што будзе адбывацца ў Расеі. А ў Расеі пакуль добрых варыянтаў не прадбачыцца. Цяперашні раскол з Захадам — ён надоўга, можа і назаўжды. Пераадолець яго не атрымаецца, залежнасьць ад Кітаю застанецца. Так, можа, пасьля Пуціна ўзьнікне нейкае калектыўнае кіраўніцтва, якое будзе больш разумным.

Але складана ўявіць сабе, што наступнае кіраўніцтва Расеі лёгка адпусьціць Беларусь. Дый нават бяз гэтага — складана будзе аслабіць гэтую жорсткую прывязку, адыграць назад і зрабіць Беларусь больш эканамічна самастойнай і больш эўрапейскай. Усё гэта будзе залежаць ад таго, што здарыцца ў Расеі. А ў Расеі здарыцца можа, вядома, усё што заўгодна, але, хутчэй за ўсё, наўрад ці добрае.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG