Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ў Вербную нядзелю атакавала ракетамі цэнтар Сумаў: больш за 30 загінулых і звыш сотні пацярпелых

абноўлена

Наступствы расейскай атакі на Сумы. Украіна, 13 красавіка 2025 году
Наступствы расейскай атакі на Сумы. Украіна, 13 красавіка 2025 году

Раніцай 13 красавіка расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па ўкраінскім горадзе Сумы, паведаміў выканаўца абавязкаў мэра гораду Арцём Кабзар.

На 21:00 13 красавіка ў выніку двух ракетных удараў па горадзе загінулі 34 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей. Колькасьць пацярпелых дасягнула 117 чалавек, сярод іх 15 дзяцей, паведамілі ў Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацыяў Украіны. На месцы здарэньня працягваюць працаваць тэрміновыя службы.

68 пацярпелых цяпер знаходзяцца ў мэдычных установах, восем зь іх у цяжкім стане, паведаміў у вечаровым звароце прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Ратаўнікі на месцы расейскай атакі
Ратаўнікі на месцы расейскай атакі

У выніку ўдару пашкоджана шмат гістарычных будынкаў. Пашкоджаныя будынак унівэрсытэту, дзіцячы тэатар, унівэрсытэцкая бібліятэка, Інстытут фізыкі й царква, перадае карэспандэнт украінскай службы Радыё Свабода. Паводле Зяленскага, у выніку абстрэлу таксама пацярпелі пяць жылых дамоў, кавярні і крамы, раённы суд.

Агулам у выніку расейскага ўдару па Сумах пашкоджаныя 48 будынкаў — 28 шматкватэрных жылых, два прыватныя дамы і 18 нежылых збудаваньняў, гаворыцца ў паведамленьні гарадзкой рады.

У выніку абстрэлу пацярпеў будынак Сумскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
У выніку абстрэлу пацярпеў будынак Сумскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту

Начальнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Ўладзімір Арцюх паведаміў, што больш за ўсё людзей загінулі ў тралейбусе. У той час, калі Расея нанесла ўдар па горадзе, шмат людзей вярталіся з царквы, адзначыў ён. Паводле яго, расейцы, імаверна, выкарысталі ракеты з касэтнымі боепрыпасамі.

Наступствы расейскага ўдару па Сумах 13 красавіка
Наступствы расейскага ўдару па Сумах 13 красавіка

Міністар унутраных справаў Ігар Кліменка ў камэнтары РБК-Украіна адзначыў, што «прылёты» зафіксаваныя дакладна ў цэнтры гораду, непадалёк ад месца аднаго з ўдараў разьмешчаная царква, таму на вуліцы было шмат людзей.

Удар па цэнтры Сумаў дзьвюма балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» 13 красавіка нанесьлі расейскія вайскоўцы са складу 112-й і 448-й ракетных брыгадаў, заявіў начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў. Паводле яго, пускі ракет праводзілі з тэрыторыі Варонескай і Курскай вобласьцяў Расеі.

Рэакцыі на расейскі ўдар па Сумах

«Варожыя ракеты ўдарылі па звычайнай гарадзкой вуліцы, па звычайным жыцьці: дамы, адукацыйныя ўстановы, машыны на вуліцы... І гэта ў дзень, калі людзі ідуць у цэрквы: Вербная нядзеля, сьвята Ўваходу Гасподняга ў Ерусалім. Паводле папярэдніх зьвестак, ідзецца пра дзясяткі загінулых і параненых мірных жыхароў», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сацыяльных сетках, камэнтуючы ўдар па Сумах.

Зяленскі выказаў спачуваньні родным і блізкім і заклікаў да «жорсткай рэакцыі» Злучаныя Штаты, Эўропу і «ўсіх у сьвеце, хто хоча заканчэньня гэтай вайны і забойстваў».

«Расея хоча менавіта такога тэрору і зацягвае гэтую вайну. Бязь ціску на агрэсара мір немагчымы. Размовы яшчэ ніколі не спынялі балістыку і авіябомбы», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.

Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША для Ўкраіны і Расеі Кіт Келаг заявіў, што ўдар Расеі па Сумах «пераходзіць усе межы прыстойнасьці»:

«Сёньняшні напад расейскіх войскаў на цывільныя аб’екты ў Сумах у Вербную нядзелю пераходзіць усякую мяжу прыстойнасьці. Шмат загінулых і параненых сярод мірнага насельніцтва. Як былы вайсковец я разумею, што такое выбар цэляў, і гэта было няправільным. Менавіта таму прэзыдэнт Трамп прыкладае ўсе намаганьні, каб пакласьці канец гэтай вайне», — напісаў Келаг у сацыяльнай сетцы Х.

Амбасадарка ЗША ва Ўкраіне Брыджыт Брынк, камэнтуючы расейскі ўдар, адзначыла, што ў Сумах, «як і ў Крывым Рагу, як паведамляецца, былі ўжытыя касэтныя боепрыпасы, што павялічыла разбурэньні і шкоду мірнаму насельніцтву».

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен таксама асудзіла ўдар па Сумах. Паводле яе, гэтая апошняя эскаляцыя зьяўляецца змрочным напамінам, што «Расея была і застаецца агрэсарам, груба парушаючы міжнароднае права» і што «неабходна тэрмінова прыняць рашучыя меры для забесьпячэньня спыненьня агню».

«Барбарскі напад, які аказаўся нават больш подлым, таму што людзі мірна сабраліся, каб адсьвяткаваць Вербную нядзелю», — адзначыла фон дэр Ляен у Х.

Амбасадарка Эўразьвязу ва Ўкраіне Катарына Матэрнава таксама асудзіла ракетную атаку Расеі на Сумы, назваўшы яе яшчэ адным ваенным злачынствам.

Кіраўніца дыпляматыі ЭЗ Кая Калас назвала расейскі ўдар па Сумах «жахлівым прыкладам узмацненьня атак» у той час, калі Ўкраіна пагадзілася на безумоўнае спыненьне агню.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заклікаў увесьці жорсткія меры, якія прымусілі б Расею да спыненьня агню, і падкрэсьліў, што Масква працягвае весьці вайну «насуперак дыпляматычным намаганьням Трампа».

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы ўдар, адзначыла, што ў яе «няма словаў, каб апісаць такую жорсткасьць»: «Рэжым Пуціна зноў паказвае, што ён ня хоча міру. Маё сэрца з Украінай», — напісала яна.

У Расеі афіцыйна не камэнтавалі атаку.

Пад расейскімі абстрэламі апынуліся і іншыя рэгіёны Ўкраіны, ёсьць ахвяры

Акрамя маштабнай атакі на Сумы, 13 красавіка войскі Расеі таксама абстралялі цэнтар Херсону. У выніку расейскага артылерыйскага абстрэлу загінула жанчына, яшчэ адзін чалавек паранены, паведаміў начальнік гарадзкой вайсковай адміністрацыі Раман Мрочка. 47-гадовага мужчыну з выбуховай траўмай і аскепкавымі раненьнямі даставілі ў лякарню. Таксама ў выніку атакі пашкоджаная дзіцячая мэдычная ўстанова.

Таксама расейскія вайскоўцы ўдарылі з рэактыўнай сыстэмы залпавага агню па Купянску, паведаміў начальнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў. «На жаль, у двары пяціпавярховага дому загінулі дзьве жанчыны» — паведаміў Сінягубаў. Таксама ў выніку абстрэлу гарэў гараж.

Удзень 13 красавіка расейскія вайскоўцы атакавалі шпіталь у Сямёнаўцы Чарнігаўскай вобласьці, паведаміў кіраўнік Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус. Паводле яго зьвестак, шпіталь атакавалі ўдарнымі дронамі. Ёсьць разбурэньні: пашкоджаныя рэанімацыйнае і стаматалягічнае аддзяленьні. Параненая мэдсястра бальніцы.

Пад абстрэл трапіла сяло Новахацкае на Данеччыне, на адной з вуліц загінула 67-гадовая жанчына, параненыя мужчыны 51 і 58 гадоў і 87-гадовая пэнсіянэрка (у іх дыягнаставалі аскепкавыя раненьні рук і кантузіі), расказалі ў Данецкай абласной пракуратуры.

Апоўдні пад абстрэлам апынуўся і пасёлак Каўшароўка Купянскага раёну Харкаўскай вобласьці, паведаміла абласная пракуратура. Пашкоджаны шматкватэрны жылы дом, раненьне атрымаў 71-гадовы мірны жыхар. Паводле папярэдніх зьвестак, удар па ім нанесьлі з рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Ўраган».

У ноч на 13 красавіка Расея атакавала Ўкраіну 55 ударнымі дронамі тыпу Shahed і бесьпілётнікамі-імітатарамі розных тыпаў, паведамілі раніцай Паветраныя сілы УСУ. Сілы абароны Ўкраіны зьнішчылі 43 дронаў на поўначы, поўдні і ў цэнтры Ўкраіны, яшчэ 12 бесьпілётнікаў-імітатараў «былі лякацыйна страчаныя без нэгатыўных наступстваў».

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня. Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
  • У ААН змаглі пацьвердзіць, што з пачатку году ва Ўкраіне загінулі 413 цывільных асобаў, а больш за 2000 параненыя. У першыя тры месяцы 2025 году ахвяраў пабольшала на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG