Новае дасьледаваньне — пэўная процівага «бясконцым гіпэрбалам пра неймаверную складанасьць і магутнасьць чалавечага мозгу», падсумоўвае адзін зь яго аўтараў, піша The New York Times.
Дасьледчыкі ацанілі хуткасьць плыні інфармацыі ў чалавечым мозгу ўсяго ў 10 біт у сэкунду. Пры гэтым, як адзначаецца ў артыкуле, хуткасьць высакаякаснага відэазлучэньня ў інтэрнэце — каля 5 мільёнаў біт у сэкунду, а хуткасьць загрузкі з інтэрнэту ў тыповым амэрыканскім доме — каля 262 мільёнаў біт/с. Свае высновы дасьледчыкі апублікавалі ў часопісе Neuron, «Невыносная павольнасьць быцьця».
«Калі вы сапраўды паспрабуеце параўнаць лічбы, мы неверагодна павольныя», — кажа Маркус Мэйстэр, неўроляг з Каліфарнійскага тэхналягічнага інстытуту і аўтар дасьледаваньня. Паводле яго, вынікі гэтага дасьледаваньня — «невялікая процівага бясконцым гіпэрбалам пра тое, наколькі чалавечы мозг неймаверна складаны і магутны».
Ідэя дасьледаваньня доктару Мэйстэру прыйшла на ўводным занятку па нэўралёгіі. Ён хацеў даць сваім студэнтам некаторыя асноўныя лічбы пра мозг. Але ніхто ня вызначыў хуткасьці, зь якой інфармацыя праходзіць скрозь нэрвовую сыстэму.
Доктар зразумеў, што ён можа ацаніць гэтую плынь, гледзячы на тое, наколькі хутка людзі выконваюць пэўныя задачы. Каб набраць тэкст, напрыклад, мы глядзім на слова, распазнаем кожную літару, а потым вызначаем пасьлядоўнасьць клявішаў, якія трэба націснуць. Калі мы друкуем, інфармацыя праз вочы трапляе ў наш мозг і далей у цягліцы нашых пальцаў. Чым вышэйшая хуткасьць плыні, тым хутчэй мы можам друкаваць.
У 2018 годзе група дасьледнікаў зь Фінляндыі прааналізавала 136 мільёнаў націсканьняў клявішаў, зробленых 168 000 добраахвотнікамі. Яны выявілі, што ў сярэднім людзі набіраюць 51 слова ў хвіліну. Невялікая частка друкуе 120 словаў у хвіліну ці больш. Доктар Мэйстэр і ягоны асьпірант Цзю Чжэн выкарыстоўвалі разьдзел матэматыкі, вядомы як тэорыя інфармацыі, каб ацаніць плынь інфармацыі, неабходнай для ўводу. Пры 120 словах у хвіліну плынь складае ўсяго 10 біт у сэкунду.
Дасьледчыкі прааналізавалі паводзіны ўдзельнікаў чэмпіянату зь відэагульняў, якія хутчэй рухаюць пальцамі, і заўважылі, што ў іх пры гэтым менш клявішаў на выбар, чым пры друку тэксту. Прааналізаваўшы прадукцыйнасьць геймэраў, яны атрымалі такую ж ацэнку хуткасьці перадачы інфармацыі ў іх мозгу — прыкладна 10 біт у сэкунду.
Каб праверыць, ці абмяжоўваюць чалавека фізычныя магчымасьці, дасьледчыкі прааналізавалі разумовыя здольнасьці, якія не залежаць ад хуткасьці руху цягліц. Адзін з такіх прыёмаў вядомы як хуткая зборка ўсьляпую, калі гулец глядзіць на кубік Рубіка, завязвае вочы і складае яго. На спаборніцтвах 2023 году амэрыканцу Томі Чэры спатрэбілася ўсяго 5,5 сэкунды, каб агледзець свой кубік Рубіка, які ён потым сабраў за 7,5 сэкунды. Цзю Чжэн і Маркус Мэйстэр падлічылі хуткасьць думкі спадара Чэры падчас агляду кубіка: усяго 11,8 біт/с.
Іншыя экспэрымэнты навукоўцаў паказалі, што нават у людзей зь незвычайнай зрокавай памяцьцю адносна нізкая хуткасьць плыні інфармацыі, якую яны здольныя ўспрымаць.
Брытан Саўэрбрэй, нэўроляг з Унівэрсытэту Кейс Вэстэрн Рэзэрв, які ня ўдзельнічаў у гэтым дасьледаваньні, паставіў пад сумнеў, ці цалкам доктар Мэйстэр і асьпірантка Чжэн ахапілі плынь інфармацыі ў нэрвовай сыстэме чалавека. Паводле яго, яны выключылі несьвядомыя сыгналы, якія наша цела выкарыстоўвае, каб стаяць, хадзіць або аднаўляцца пасьля паездкі. Але пазьней нэўроляг пагадзіўся, што ў довадах навукоўцаў ёсьць рацыя і праз мозг чалавека ўсё адно праходзіць ня так шмат інфармацыі, як часам гэта ўяўляюць.
Іншы навуковец, Марцін Вінэр з унівэрсытэту Джорджа Мэйсана, адзначыў, што навуцы варта зьвяртаць увагу на іншыя біялягічныя віды. Магчыма, нейкія віды жывёлаў маюць нашмат меншую за чалавека хуткасьць перадачы інфармацыі ў мозгу. Але магчыма і тое, што некаторыя віды, можа нават лятучыя казуркі, якія за долю сэкунды зьмяняюць свае схемы палёту, атрымліваюць асалоду ад плыняў інфармацыі, якія цякуць празь іх мозг, што мы, людзі, можам толькі ўявіць, адзначыў ён.
Форум