Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працу знайшоў праз абвестку, яшчэ калі быў у Беларусі». Як эмігранты шукаюць працу і колькі зь іх хочуць вярнуцца на радзіму


Кірмаш вакансій у Менску, архіўны здымак 
Кірмаш вакансій у Менску, архіўны здымак 

44% мігрантаў захавалі кар’еру без адчувальных стратаў, сьцьвярджаюць аўтары новага сацыялягічнага дасьледаваньня. Расказваем, як беларусы ўладкоўваюцца на эміграцыі.

Захаваць кар’еру на эміграцыі часьцей удаецца мужчынам зь Беларусі (55%), чым жанчынам (31%). Такія лічбы вынікаюць з дасьледаваньня цэнтру BEROC наконт адаптацыі ў Эўразьвязе мігрантаў зь Беларусі і Ўкраіны.

Вынікі грунтуюцца на апытаньні 173 грамадзян Беларусі і 392 грамадзян Украіны, якія пераехалі ў Польшчу і Літву. Агульная лічба — 44% беларусаў захавалі кар’еру пры эміграцыі, 29% зьмянілі прафэсію. У грамадзян Украіны гэты паказчык ніжэйшы — 25% цалкам захавалі кар’еру, 50% цалкам страцілі кар’еру і былі вымушаныя пачынаць працоўны шлях наноў.

Захаваньне кар’еры пры пераезьдзе залежыць ад сфэры, у якой удзельнікі апытаньня працавалі на радзіме. Так, у сфэры ІТ сярод беларусаў гэты адсотак даволі высокі: калі 42% сярод апытаных працавалі ў гэтай сфэры дома, то на эміграцыі — 37%. Менш беларусаў захавалі працу ў сфэрах адукацыі (20% у Беларусі, 9% на эміграцыі), будаўніцтва (3% у Беларусі, 1% на эміграцыі), гандлю (17% на радзіме, 6% на эміграцыі), вытворчасьці (13% у Беларусі, 5% на эміграцыі).

Паводле аднаго з аўтараў дасьледаваньня, акадэмічнага дырэктара BEROC Льва Львоўскага, захаваньню кар’еры беларусаў за мяжой спрыялі транснацыянальныя кампаніі.

Леў Львоўскі
Леў Львоўскі

«Ёсьць час, які патрабуецца на адаптацыю. Пасьля двух гадоў і болей большая частка людзей вяртаецца да сваёй прафэсіі — 51%. Беларусам часьцей, чым украінцам, дапамагаў пераехаць працадаўца. Гэта плюс транснацыянальных кампаній. У выпадку міграцый яны дапамагаюць менш балюча перавозіць чалавечы капітал і адаптаваць людзей да новага рынку працы», — мяркуе дасьледчык.

У пошуках новай працы за мяжой беларусы найчасьцей зьвярталіся да абвестак (55%), знаёмых і сваякоў (50%), дыяспары (21%). У 28% выпадкаў супрацоўнікаў перавёз працадаўца. Грамадзяне Ўкраіны да сваіх дыяспар зьвярталіся радзей — толькі ў 3% выпадкаў.

Згодна з вынікамі дасьледаваньня, 35% беларусаў, якія апынуліся за мяжой пасьля падзей 2020 году, гатовыя вярнуцца на радзіму. Сярод беларусаў на першым месцы для вяртаньня называецца такая ўмова, як «зьмена ўлады ў маёй краіне». Гэта будзе найбольш важным для 82% апытаных. На другім месцы (70%) — «спыненьне палітычных рэпрэсій». На трэцім месцы — зьмена ўлады ў Расеі і зьмена яе замежнай палітыкі. На гэта арыентуецца 40% апытаных. Стаўленьне залежыць і ад краіны пражываньня мігрантаў: зь Літвы гатовыя вярнуцца 46% беларусаў, з Польшчы — 31%.

Свабода пагаварыла з трыма беларусамі, якія працаўладкаваліся за мяжой, пра зьмену спэцыяльнасьці, умовы працы і жаданьне вярнуцца.

З «хуткай» — у кухары, а пасьля ў дом састарэлых

Станіслаў (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) жыве ў Польшчы больш за год. Да эміграцыі ён два гады працаваў у Беларусі на хуткай дапамозе, пасьля зазнаў палітычны перасьлед і мусіў выехаць.

На новым месцы ён сьпярша ўладкаваўся кухарам, гатаваў абеды ў буйной кампаніі. Гэтую працу ўдалося знайсьці праз абвестку, яшчэ быўшы ў Беларусі. Зь мінусаў Станіслаў называе вялікую колькасьць рабочых гадзін і працу па начах, з плюсаў — неблагі заробак.

«Заробак быў большы за тысячу даляраў, плюс адразу аплачвалася жыльлё. А цяпер я зьмяніў працу: апякуюся людзьмі ў доме састарэлых. Я прайшоў курсы адмысловыя, але гэтая папера — хутчэй бонус, яна не абавязковая», — кажа суразмоўца.

На новым месцы заробак таксама вышэйшы за беларускі, але больш каштуе і аплата жыльля, кажа суразмоўца.

«У Беларусі я працаваў у ковідныя часы, там былі надбаўкі, яно сувымерна цяпер атрымліваецца, але з улікам кватэры на кішэні застаецца менш», — тлумачыць Станіслаў.

Працаваць па той жа спэцыяльнасьці, як у Беларусі, не атрымліваецца: гэта прасьцей зрабіць лекару. Што да вяртаньня ў Беларусь, то Станіслаў хутчэй бы вярнуўся пры «зьмене палітычнага курсу», а таксама пры «нармальным узроўні заробкаў у мэдыцыне».

З адукацыі — у грамадзкае харчаваньне

Натальля (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) у Беларусі каля 7 гадоў працавала ў сфэры адукацыі, апошнія гады настаўніцай гісторыі. Каля двух гадоў таму яна пераехала ў Літву праз пагрозу перасьледу. У новай краіне працаваць па спэцыяльнасьці было складана з прычыны моўнага бар’еру: для выкладаньня гуманітарных дысцыплін патрэбны высокі ўзровень мовы.

«Сьпярша пайшла працаваць у сфэру грамадзкага харчаваньня, але на першым месцы ня склалася. У выніку я пайшла працаваць у McDonald’s. Па заробку гэта больш, чым было ў школе, нават калі браць пакупніцкую здольнасьць», — кажа дзяўчына.

Пры гэтым даход у Натальлі, калі яна працавала рэпэтытаркай у Беларусі, быў большы. Працу ў McDonald’s суразмоўца адшукала проста праз сайт, дзе публікуюцца абвесткі пра вакансіі.

Што да вяртаньня ў Беларусь, то Натальля б вярнулася з імавернасьцю 80% пры зьмене палітычнага рэжыму.

«Аднак ня ўпэўненая, што такая ж думка ў мяне будзе праз 5 ці 10 гадоў», — прызнаецца суразмоўца.

«Пакуль шукала іншую працу, на цяперашняй прапанавалі большы заробак»

Вераніка перабралася зь Беларусі ў Польшчу каля году таму праз палітычны перасьлед: адседзела некалькі разоў адміністратыўны тэрмін. На радзіме суразмоўца працавала ў галіне ІТ, займалася фінансамі. Пасьля пераезду дзяўчыне зьнізілі заробак, таму Вераніка прынялася актыўна шукаць новую працу, ня кідаючы старое.

Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Так выявілася, што ёй трэба падцягнуць ангельскую і польскую мовы.

«Я патраціла на пошукі каля 3,5 месяца, глядзела на польскім рынку і на эўрапейскім рынку, на рынку ЗША і ў Азіі. Шукала дыстанцыйную працу, але глядзела і з магчымасьцю рэлякацыі. Я пайшла на моўныя курсы польскай, вучыла мову сама праз прыкладаньні. Засумнявалася ў сваім веданьні ангельскай і адначасова ўзяла курсы ангельскай», — прыгадвае суразмоўца.

Таксама праз прыкладаньне Вераніка палепшыла рэпрэзэнтатыўнасьць свайго рэзюмэ, пачала вывучаць дадатковыя сфэры ў сваёй спэцыяльнасьці.

Па выніку дзяўчыне прапанавалі працу дзьве кампаніі. І пачалі павышаць стаўкі па заробку, каб яна пайшла менавіта да іх.

«Пакуль я вяла перамовы з гэтымі дзьвюма фірмамі, фірма, дзе я працую, зрабіла мне прапанову, ад якой я не змагла адмовіцца», — кажа Вераніка.

Урэшце яна засталася працаваць на сваім старым месцы, але ўжо з большым заробкам і дадатковымі бонусамі.

Паводле дадзеных дасьледчага цэнтру BEROC, пасьля 2020 году каля паўмільёна беларусаў знайшлі прытулак у ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG