Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Канцэпцыю міграцыйнай палітыкі на 2024–2028 гады. Сярод іншага, там гаворыцца пра грашовыя пераводы беларусаў з-за мяжы. За паўгода летась у Беларусь трапіла паўмільярда даляраў — гэта як грашовыя пераводы, так і сродкі аплаты працы. За 2022 год — больш за мільярд.
«Недаацэнены ўплыў грашовых пераводаў беларускіх грамадзян, якія працуюць за мяжой, на эканоміку Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым неабходна стымуляваць павелічэньне іх аб’ёмаў», — гаворыцца ў зацьверджанай пастанове.
Гэта грошы, якія рэзыдэнты Беларусі атрымліваюць у выглядзе заробкаў, працуючы за мяжой. А таксама грошы, якія яны адпраўляюць у Беларусь пераводамі. Гаворка пра сродкі, якія афіцыйна паступаюць на беларускія рахункі (як заробкі за мяжой, так і пераводы).
Пералічаць сталі больш?
У параўнаньні з 2019 годам замежныя пераводы ў Беларусь ня вырасьлі, нягледзячы на эміграцыю многіх эканамічна актыўных беларусаў. Пра гэта кажа экспэрт Beroc Анатоль Харытончык.
«У Беларусь у дапандэмійны пэрыяд паступала каля 1,4 мільярда даляраў пераводаў. Гэта як аплата працы беларусаў, якія працавалі за мяжой, так і асабістыя пераводы. У пандэмію гэтыя аб’ёмы ўпалі. У 2022 годзе ўзнавіліся», — кажа экспэрт Beroc Анатоль Харытончык.
Згодна з статыстыкай Нацбанку, гэтыя пераводы склалі:
- 2019 год — 1,4 мільярда даляраў
- 2020 год — 1 мільярд даляраў
- 2021 год — 1,1 мільярда даляраў
- 2022 год — 1,4 мільярда даляраў
1,4 мільярда даляраў на год — гэта шмат?
1,4 мільярда даляраў — гэта ў 2 разы больш, чым Беларусь траціць за год на мэдыцыну (паводле бюджэту 2023), і ў 23 разы больш, чым на культуру.
А таксама на 400 мільёнаў даляраў больш, чым увесь беларускі экспарт у Літву ў дакрызісным 2019 годзе і ў 1,8 раза больш, чым увесь экспарт у Казахстан у тым жа годзе.
«Гэтыя трансфэрты — крыху менш за 2% ад ВУП Беларусі», — параўноўвае Анатоль Харытончык.
Чаму людзей зьехала шмат, а пераводы ня вырасьлі
Зь Беларусі пасьля палітычнага крызісу і пачатку вайны ва Ўкраіне зьехалі некалькі соцень тысяч чалавек. Дык чаму тады з 2019 году ня сталі пераводзіць больш грошай? Справа ў тым, што з Эўропы, куды зьехала бальшыня эмігрантаў, пераводзіць грошы наўпрост у Беларусь немагчыма праз санкцыі.
«Людзі выехалі ў краіны ЭЗ, банкаўскія пераводы з гэтых краін зрабіць цяжка, дый жаданьня паказваць гэтыя пераводы ўладам няма, таму ў статыстыцы іх ня бачна», — кажа Анатоль Харытончык.
На думку Анатоля Харытончыка, пастанова ўраду кажа пра тое, што дзяржава хоча больш шчыльна кантраляваць сродкі беларусаў, якія яны пераводзяць з-за мяжы.
«Частку пераводаў статыстыка ня бачыць. Напрыклад, перавезеныя наяўныя грошы, пераводы з Расеі ці іншых краін ЭАЭС. Гэтыя грошы ня трэба дэкляраваць. Хутчэй за ўсё, нейкія сродкі паступаюць у такой форме, што іх нельга адсачыць. Пастанова ўраду выглядае як намер узмацніць кантроль над перамяшчэньнем грашовых сродкаў. У цэлым хочуць больш кантраляваць фінансавыя патокі», — кажа экспэрт.