На прадпрыемстве ААТ «Беларуськалій» паведамілі аб падачы пазову супраць Літвы ў сувязі зь яе дзеяньнямі, што прывялі да парушэньня правоў беларускай кампаніі як іншаземнага інвэстара.
Як вынікае з афіцыйнага паведамленьня «Беларуськалію», «поўную пазоўную заяву» падалі 2 сьнежня, але не пазначылі, у які інстытут інвэстыцыйнага арбітражу зьвярнуліся.
У паведамленьні адзначаецца, што пазоў падрыхтаваны на падставе палажэньняў міжурадавага пагадненьня аб заахвочваньні і ўзаемнай абароне інвэстыцый, якое, паводле беларускага боку, парушыла Літва. Гэтае пагадненьне ў пачатку кастрычніка дэнансаваў Сейм Літвы, але ягонае дзеяньне захоўваецца яшчэ цягам году пасьля афіцыйнага паведамленьня літоўскім бокам аб ухваленым рашэньні.
Як пракамэнатаваў БелТА гэтае паведамленьне генэральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Андрэй Рыбакоў, «гэты пазоў не зьяўляецца аўральным ці гарачым».
«Гэта халоднае абдуманае рашэньне па прыцягненьні да адказнасьці за беспрэцэдэнтнае парушэньне нашых правоў. Пасьля працы цягам некалькіх гадоў у новым фармаце, стварэньня новых мэханізмаў і лягістычных рашэньняў, мы больш дакладна ацанілі нанесены нам урон, і выстаўляем у гэтым пазове ўсе нашыя прэтэнзіі з халодным разьлікам для таго, каб дабіцца ад адказчыка поўнай кампэнсацыіі гэтых выдаткаў», — сказаў Рыбакоў.
Новы кіраўнік прадпрыемства не назваў памеры ўрону і аб’ёмаў прэтэнзій. Паводле яго, пазоў падрыхтавалі прафэсійныя юрысты і «перадалі на вывучэньне ўсім зацікаўленым бакам».
Што папярэднічала
У пачатку лістапада Андрэй Рыбакоў стаў новым генэральным дырэктарам ААТ «Беларуськалій». Праз тыдзень пасьля свайго прызначэньня ён заявіў, што будзе дамагацца скасаваньня заходніх санкцый.
«Мы так проста спакойна жыць не дамо», — дадаў гендырэктар «Беларуськалію».
Андрэй Рыбакоў узначаліў «Беларуськалій» па ўказаньні Аляксандра Лукашэнкі 4 лістапада. Да гэтага шмат гадоў стратэгічным для беларускай эканомікі прадпрыемствам кіраваў Іван Галаваты.
Прызначаючы новага дырэктара «Беларуськалію», Лукашэнка прапанаваў яму правесьці перамовы з вытворцамі калійных угнаеньняў, каб зьнізіць здабычу калію.
Якія санкцыі аспрэчвалі і якія дзейнічаюць
Эўразьвяз і ЗША ў 2021 годзе ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, а Літва скасавала кантракт на іх перавозку па сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2022 году.
У чэрвені 2022 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.
Раней «Беларуськалій» спрабаваў судзіцца зь Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаеньні і выстаўляў рахунак на мільярд эўра, але суд Літвы адхіліў скаргу беларускага прадпрыемства.
Аспрэчыць санкцыі ЭЗ у судзе спрабавалі «Гродна Азот», «Беларускі мэталюргічны завод», ААТ «Мастоўдрэў», «Хімвалакно», МАЗ, БЕЛАЗ, «Дана Астра», Тэрмінал сыпкіх грузаў у Клайпедзе (часткова належыць «Беларуськалію») і інш. Усе гэтыя выпадкі скончыліся безвынікова, санкцыі засталіся ў сіле.
Сёлета ў верасьні Эўрапейскі суд у Люксэмбургу пакінуў без задавальненьня патрабаваньне «Беларуськалію» скасаваць уведзеныя ў дачыненьні яго ў 2022 годзе Радай Эўрапейскага зьвязу абмежавальныя меры.
Куды мог зьвярнуцца «Беларуськалій»
Найбольш вядомай арбітражнай установай зьяўляецца Міжнародны цэнтар па ўрэгуляваньні інвэстыцыйных спрэчак (ICSID). Ён базуецца ў Вашынгтоне, але працэс можа праводзіцца ў парыскай штаб-кватэры Усясьветнага банку, калі бакі знаходзяцца ў Эўропе або Азіі.
Стакгольмская гандлёвая палата, Сталы арбітражны суд і Міжнародная гандлёвая палата таксама могуць выступаць у якасьці арбітражных устаноў.
Тэрміны разьбіральніцтва
Інвэстыцыйныя арбітражы могуць працягвацца больш за тры гады. Паводле статыстыкі ICSID, у 2015 годзе ў сярэднім разгляд такіх пазоваў працягваўся 39 месяцаў.
Асаблівасьцю інвэстыцыйнага арбітражу зьяўляецца немагчымасьць абскарджаньня рашэньня, хоць ёсьць пэўныя ўмовы, на падставе якіх арбітражнае рашэньне можна скасаваць, напрыклад, у выпадку перавышэньня паўнамоцтваў арбітражу ці вядомага факту карупцыі аднаго зь яго прадстаўнікоў.
Вартасьць працэсу
Паводле статыстыкі, сярэднія расходы заяўніка на забесьпячэньне працэсу складаюць 4,5 мільёна даляраў.
Калі заяўнік мае праблемы з фінансаваньнем такіх расходаў, ён можа зьвярнуцца да спонсараў, якія выдзяляюць сродкі для інвэстыцыйных арбітражоў у абмен на частку ў фінансавым выніку справы.
Форум