Суд ЭЗ адмовіў у задавальненьні пазоваў «Беларуськалію», ягонага гендырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі да Рады ЭЗ аб адмене санкцый. Пра гэта гаворыцца ў рашэньнях суду, апублікаваных 18 верасьня.
Як вынікае з рашэньня суду датычна пазову «Беларуськалію», юрысты, якія прадстаўляюць беларускага вытворцу ўгнаеньняў, настойвалі на тым, што санкцыі парушаюць прынцып законнасьці. Акрамя таго, у якасьці аргумэнтаў яны ўказвалі на памылку ў ацэнках, парушэньне прынцыпу недыскрымінацыі, прапарцыйнасьці абмежавальных мераў і інш.
Разгледзеўшы аргумэнты беларускага боку, а таксама прадстаўнікоў Рады Эўразьвязу і Латвіі і Бэльгіі, якія падтрымлівалі Раду ў судзе, суд прыняў рашэньне адхіліць пазоў «Беларуськалію». «Беларуськалій» таксама павінен будзе аплаціць судовыя выдаткі, панесеныя Радай ЭЗ. Латвія і Бэльгія самі будуць несьці свае выдаткі.
Таксама 18 верасьня апублікавалі рашэньні суду па пазовах «Беларускай калійнай кампаніі» і гендырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага. Яны таксама дамагаліся адмены рашэньняў аб прымяненьні санкцыяў. У гэтых пазовах Раду ЭЗ падтрымлівала Латвія.
Гэтыя пазовы суд таксама адхіліў. Пазоўнікі павінны будуць пакрыць судовыя выдаткі Рады ЭЗ.
- Эўразьвяз і ЗША ў 2021 годзе ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, а Літва скасавала кантракт на іх перавозку па сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2022 году.
- У чэрвені 2022 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.
- Раней «Беларуськалій» спрабаваў судзіцца зь Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаеньні і выстаўляў рахунак на мільярд эўра, але суд Літвы адхіліў скаргу беларускага прадпрыемства.
- Аспрэчыць санкцыі ЭЗ у судзе спрабавалі «Гродна Азот», «Беларускі мэталюргічны завод», ААТ «Мастоўдрэў», «Хімвалакно», МАЗ, БЕЛАЗ, «Дана Астра», Тэрмінал сыпкіх грузаў у Клайпедзе (часткова належыць «Беларуськалію») і інш. Усе гэтыя выпадкі скончыліся безвынікова, санкцыі засталіся ў сіле.
Форум