Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Усясьветны дзень барацьбы са СНІДам


Падзеі 1 сьнежня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

1 сьнежня ў сьвеце адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы са СНІДам. Упершыню абвешчаны Сусьветнай арганізацыяй здароўя у 1988 годзе. Дзень заснаваны з мэтай павышэньня ведаў пра эпідэмію СНІДу, выкліканую распаўсюдам ВІЧ-інфэкцыі, а таксама як дзень памяці ахвяраў гэтага захворваньня. Многія дзяржаўныя, грамадзкія і мэдычныя арганізацыі па ўсім сьвеце ў гэты дзень праводзяць асьветніцкія і дыягнастычныя захады.

У Беларусі цяпер зарэгістраваныя каля 25 тысяч чалавек зь ВІЧ, 70% зь іх — у Гомельскай, Менскай абласьцях і Менску. За 10 месяцаў 2024 году выяўлена тысяча новых выпадкаў ВІЧ. Цяпер ВІЧ — хранічнае захворваньне, якое пры належным лекаваньні не прыводзіць да сьмерці і цяжкіх наступстваў для здароўя.

Дзень у гісторыі

1856 — адкрыўся Віленскі музэй старажытнасьцяў, заснаваны Яўстахам Тышкевічам.

1913 — усталяваная першая лінія канвэернай зборкі на заводзе Ford Motor Company.

1921 — заснаваны Беларускі студэнцкі саюз Унівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні. Існаваў да 1939 году.

1943 — скончылася Тэгеранская канфэрэнцыя кіраўнікоў Вялікай Брытаніі, ЗША і СССР. Канфэрэнцыя стала першай сустрэчай «Вялікай тройкі» ў ходзе Другой усясьветнай вайны. На ёй абмяркоўвалі ваенныя дзеяньні і пасьляваеннае міжнароднае ўладкаваньне, у тым ліку адкрыцьцё другога фронту і «польскае пытаньне». Канфэрэнцыя пастанавіла, сярод іншага, што ўсходняй мяжой Польшчы — адпаведна, заходняй мяжой Беларусі — павінна стаць «лінія Керзана».

Іосіф Сталін, Франклін Рузвэльт і Ўінстан Чэрчыль на канфэрэнцыі ў Тэгеране
Іосіф Сталін, Франклін Рузвэльт і Ўінстан Чэрчыль на канфэрэнцыі ў Тэгеране

1955Роза Паркс у Мантгомэры, Алабама, адмовілася саступіць месца ў аўтобусе беласкураму чалавеку. За гэта яе асудзілі як за «парушэньне грамадзкага парадку». У адказ чарнаскурае насельніцтва Мантгомэры пачало байкатаваць грамадзкі транспарт. Ужо ў наступным годзе Вярхоўны суд ЗША пастанавіў, што расавая сэгрэгацыя ў аўтобусах не адпавядае Канстытуцыі. Так Роза Паркс стала пачынальніцай і сымбалем руху за правы чарнаскурых грамадзян ЗША.

1959 — у Вашынгтоне заключанае пагадненьне аб Антарктыцы. Дакумэнт забараніў выкарыстоўваць Антарктыду ў ваенных мэтах.

1991 — першыя прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне і Ўсеўкраінскі рэфэрэндум аб незалежнасьці.

1991 — першыя ўсенародныя прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане.

2009 — у Эўразьвязе набыла сілу Лісабонская дамова, закліканая замяніць сабой Канстытуцыю Эўразьвязу, якая не ўступіла ў сілу, і ўнесьці зьмены ў дзейныя пагадненьні аб ЭЗ у мэтах рэфармаваньня сыстэмы яго кіраваньня.

У гэты дзень нарадзіліся

1792Мікалай Лабачэўскі, расейскі матэматык, стваральнік неэўклідавай геамэтрыі.

1896Георгі Жукаў, савецкі палкаводзец Другой усясьветнай вайны.

1915 Міхась Кавыль, беларускі паэт, рэдактар, грамадзкі дзеяч.

Стагодзьдзе Міхася Кавыля
Стагодзьдзе Міхася Кавыля

1931Валянцін Малышаў, заслужаны архітэктар Беларусі. У Менску Малышаў спраектаваў Палац спорту, кінатэатар «Кастрычнік» і інш.

1939Уладзімер Платонаў, беларускі матэматык, акадэмік АН БССР. У 1987–1992 гадах Платонаў узначальваў Акадэмію навук Беларусі.

1931 — Валянцін Малышаў, архітэктар знакавых будынкаў у Менску.

1940 Марыя Вайцяшонак, беларуская пісьменьніца.

1955 Уладзімер Ванцэвіч, беларускі навуковец у галіне машынабудаваньня.

У памяці

1919 — скончыў жыцьцё самагубствам Рамуальд Жакоўскі, беларускі актор, паэт і дэкляматар. Выступаў у трупе Флярыяна Ждановіча. Прычынаю самагубства называюць нястачу і голад.

1973 Давід Бэн-Гурыён, першы прэм’ер-міністар Ізраілю.

1981Рыгор Бярозкiн, літаратуразнаўца, вязень ГУЛАГу.

1989Мікалай Патолічаў, савецкі камуністычны і дзяржаўны дзеяч, у 1950–1956 — першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі.

2016 Алесь Белакоз, беларускі краязнаўца і музэязнаўца, стваральнік музэя ў Гудзевічах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG