Парлямэнт Грузіі прызначыў на 14 сьнежня выбары прэзыдэнта, якога ўпершыню будзе выбіраць Калегія электараў.
Як перадае праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», 26 лістапада гэтае рашэньне аднагалосна падтрымалі прадстаўнікі кіроўнай партыі «Грузінская мара».
Выбары адбудуцца ў памяшканьні парлямэнту. Пры неабходнасьці другога туру, яго таксама праядуць 14 сьнежня.
Упершыню прэзыдэнта Грузіі будуць выбіраць не грамадзяне на агульных выбарах, а Калегія электараў. Згодна з Канстытуцыяй, у яе склад уваходзяць 300 чалавек, у тым ліку 150 дэпутатаў парлямэнту, чальцы Вярхоўных саветаў Аджарыі і Абхаскай аўтаномнай рэспублікі (у выгнаньні). Сёлета 109 чальцоў калегіі з складу прадстаўнічых органаў мясцовага самакіраваньня накіруюць адпаведныя палітычныя партыі паводле квот, вызначаных Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Квоты вызначаюцца на падставе прынцыпу прапарцыйнага геаграфічнага прадстаўніцтва і згодна з прапорцыяй па выніках выбараў органаў мясцовага самакіраваньня, праведзеных у 2021 годзе. Склад Калегіі электараў зацьвердзіць Цэнтральная выбарчая камісія.
Апазыцыйныя дэпутаты, імаверна, ня будуць удзельнічаць у галасаваньні, бо яны не прызнаюць легітымнасьць новаабранага парлямэнту. Пакуль незразумела, ці будуць удзельнічаць прадстаўнікі апазыцыі з органаў мясцовага самакіраваньня.
Права на вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты Грузіі маюць ня менш за 30 сябраў Калегіі электараў.
У кіроўнай партыі Грузіі хочуць, каб выбары і інаўгурацыя прэзыдэнта адбыліся да канца 2024 году, каб тэрмін яго паўнамоцтваў склаў 5, а ня 6 гадоў.
Раней апазыцыйны канал «Мтавары» паведаміў, што на пасаду прэзыдэнта Грузіі разглядаюцца кандыдатуры кіраўніка партыі «Грузінская мара» Іраклія Гарыбашвілі і Канстанціна Гамсахурдыя — сына першага прэзыдэнта Зьвіяда Гамсахурдыя. Аднак адзін зь лідэраў кіроўнай партыі Мамука Мдынарадзэ гэта зьняпраўдзіў.
Улады Грузіі плянуюць 28 лістапада зацьвердзіць у парлямэнце новы склад ураду. Легітымнасьць новаабранага парлямэнту не прызнаюць дзейная прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі і апазыцыйныя партыі.
У Грузіі ў парлямэнце 14 сьнежня адбудуцца выбары прэзыдэнта паводле новай працэдуры
Упершыню прэзыдэнта Грузіі будуць выбіраць не грамадзяне на агульных выбарах, а Калегія электараў.
Самае папулярнае
1
Форум