Праз тыдзень ад пачатку збору подпісаў для вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў яго падтрымку ўжо сабралі больш за 700 тысяч подпісаў. Юрысткі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пракамэнтавалі заяву Лукашэнкі.
14 лістапада Аляксандар Лукашэнка заявіў журналістам дзяржаўных мэдыя падчас наведваньня стадыёна «Трактар», што ягоная ініцыятыўная група сабрала больш за 700 тысяч подпісаў у яго падтрымку. Гэта ў сем разоў больш, чым неабходна: у артыкуле 68 Выбарчага кодэксу Беларусі адзначаецца, што для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты неабходныя сама меней 100 тысяч подпісаў выбарнікаў, пацьверджаных пратаколамі абласных і Менскай гарадзкой камісіяў па выбарах прэзыдэнта.
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій.
- Паводле міжнародных арганізацый, яны носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
- У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
Як адзначаюць юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», працэс збору подпісаў за вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты ад грамадзян закліканы паказаць, ці дастаткова людзей падтрымлівае кандыдата, каб ён мог прайсьці ў наступны этап выбарчай кампаніі.
«Але паколькі Аляксандар Лукашэнка ўласнаручна сказіў сутнасьць гэтага спосабу, на сёньняшні дзень немагчыма дакладна даведацца, якая частка грамадзтва яго як палітыка шчыра падтрымлівае», — кажуць яны.
Юрысткі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што ў іх няма падставаў верыць, што такую вялікую колькасьць подпісаў за Лукашэнку сапраўды сабралі, бо нельга выключаць маніпуляцыі падчас падліку колькасьці подпісаў і прызнаньня іх дакладнымі.
«Якая б там ні была намаляваная колькасьць, подпісы зьбіраліся шляхам адпрацаванай гадамі практыкі прымусу выбарнікаў, з прыцягненьнем адміністрацыйнага рэсурсу і мэтадаў запалохваньня. Бо ўлада ў Беларусі па сутнасьці сваёй не дасягнутая дэмакратычным шляхам, а грамадзяне ня могуць рэалізаваць сваё выбарчае права, Аляксандар Лукашэнка нават не імкнецца прытрымлівацца прынцыпаў законнасьці, адкрытасьці і празрыстасьці ва ўсіх аспэктах выбарчых працэсаў», — падкрэсьліваюць юрысты.
На іх думку, у дэмакратычнай краіне зь дзейнымі прынцыпамі падзелу ўладаў і вяршэнства права Аляксандру Лукашэнку наагул адмовілі б у рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты на падставе арт. 61 Выбарчага кодэксу Беларусі. У гэтым артыкуле гаворыцца, што «ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў не дапускаюцца», а парушэньне гэтых патрабаваньняў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі або адмены рашэньня аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь.
Акрамя Лукашэнкі, подпісы за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі працягваюць зьбіраць:
- лідэр праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч,
- старшыня праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, дырэктар унітарнага прадпрыемства «Белнііпгорадабудаўніцтва» Аляксандар Хіжняк,
- былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая,
- лідэр праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі, дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Сыранкоў.
Яшчэ два кандыдаты ўжо спынілі ўдзел у выбарах: галоўны ідэоляг Менгарвыканкаму і старшыня «Саюзу жанчын», былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава — на 12-ы дзень пасьля рэгістрацыі кандыдатаў, старшыня «Беларускага саюзу афіцэраў» Сяргей Бобрыкаў — праз 8 дзён пасьля рэгістрацыі.
Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
Форум