Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскія памежнікі не пусьцілі ў краіну беларуску, якая жыла там год і падтрымала мясцовыя пратэсты ў сацсетках

абноўлена

Пратэсты ў Грузіі 28 траўня, ілюстрацыйнае фота
Пратэсты ў Грузіі 28 траўня, ілюстрацыйнае фота

Грамадзянка Беларусі не змагла вярнуцца ў Грузію з Турэччыны, куды ненадоўга выяжджала для абнуленьня тэрміну бесьперапыннага знаходжаньня ў краіне (364 дні). Сама Тацяна лічыць, што гэта за падтрымку грузінскіх пратэстаў, паведамляе «Медиазона».

Пры ўезьдзе ў Грузію да Тацяны падышоў памежнік і спытаў, чым яна займаецца ў Грузіі. Яна адказала, што працуе рэпэтытарам у ангельскай мове. Памежнік перапытаў, чым яна займаецца «акрамя гэтага» і «ў якой арганізацыі знаходзіцца». Яна адказала, што не знаходзіцца ні ў якай арганізацыі. Пасьля гэтага Тацяну вывелі на вуліцу і паведамілі, што ёй забаронены ўезд у Грузію, і са словамі «Едзьце ў сваю Беларусь або ідзіце ў сваю амбасаду» правялі на турэцкі бок.

У дакумэнтах, якія выдалі беларусцы, была пазнака, што ўезд забаронены «зь іншых прычын».

Беларуска жыла ў Грузіі зь лета 2023 году, актыўна ўдзельнічала ў дзейнасьці беларускай дыяспары. Яна баіцца перасьледу на радзіме, бо ў 2020 годзе ўдзельнічала ў пратэстах у Беларусі, а пазьней данаціла на дапамогу палітвязьням зь беларускай карткі.

Як сказала сама беларуска Свабодзе, паводле парады праваабаронцы Рамана Кісьляка, яна паспрабавала яшчэ раз вярнуцца ў Грузію, папрасіўшы даць ёй дадатковую абарону з прычыны немагчымасьці вяртаньня ў Беларусь, але ёй зноў адмовілі.

Пра сваю сытуацыю жанчына расказала ў чаце беларусаў Грузіі. Праз 4 гадзіны да яе на дапамогу прыехаў хлопец, які прапанаваў паспрабаваць прайсьці мяжу разам — у суправаджэньні грамадзяніна Грузіі, але Тацяну нават не падпусьцілі да пашпартнага кантролю.

Гаспадыня арэнднай кватэры сказала Тацяне, што фармальнай прычынай забароны маглі стаць кветкі, які яна з дазволу суседзяў высадзіла, каб добраўпарадкаваць двор. Яна сама прапаноўвала гэта рабіць.

Забарону маглі паставіць за падтрымку ў сацыяльных сетках пратэстаў, якія праходзяць у Грузіі на фоне прыняцьця закону аб «іншаземных агентах». У пратэстах яна ўдзелу ня брала, толькі рабіла некаторыя рэпосты з батумскіх чатаў.

Паводле праваабаронцы Рамана Кісьляка, грузінскія памежнікі груба парушылі Канвэнцыю аб статусе ўцекача, таму ён мае намер апратэставаць іх дзеяньні ў дэпартамэнце міграцыі, зьвярнуцца да грузінскіх праваабаронцаў, а таксама 30 траўня арганізаваць пікет з патрабаваньнем да дэпартамэнту міграцыі МУС і ўраду Грузіі «вярнуцца ў прававое поле», піша «Позірк».

Сям'я ня ведае, што будзе далей, сама Тацяна марыць пра вяртаньне ў Беларусь, але разумее, што пакуль гэта немагчыма. Увесь навучальны год усе члены сям'і працавалі і вучыліся, а сёлета хацелі паглядзець Грузію, лепей вывучыць яе. Тацяна прызнаецца, што вельмі цяжка пераносіць такія выпрабаваньні — спачатку адзін страчаны дом, а затым другі.

  • Паводле зьвестак Рамана Кісьляка, з восені 2023 году гэта першы выпадак, калі грамадзян Беларусі не пускаюць у Грузію. У красавіку 2023 году грузінскія памежнікі не пусьцілі ў краіну актывіста «Беларускай дыяспары Аджарыі» Яўгена Гацака. У СМІ паведамлялася і пра іншыя падобныя выпадкі, хоць іх колькасьць у цэлым невялікая.
  • Грузія стала адной з краін, куды выяжджаюць беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў. Беларусы могуць знаходзіцца ў Грузіі бязь візы 364 дні на год. На пачатку 2024 году паведамлялі, што за мінулы год колькасьць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, зьменшылася на 1999, або на 15% (на 1 студзеня 2023 году ў Грузіі пражываў 13 361 беларускі грамадзянін).
  • У першым квартале 2024 году 9 грамадзян Беларусі папрасілі ў Грузіі прытулку. Раней Раман Кісьляк казаў «Позірку», што ў 2019–2024 гадах беларусы «50 разоў зьвярталіся» па адпаведны статус у гэтай краіне, але за гэты час беларусам ні разу не далі ні статусу ўцекача, ні гуманітарнага статусу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG