Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне беларускаму праваабаронцу Раману Кісьляку


Раман Кісьляк
Раман Кісьляк

Пра гэта ён паведаміў інфармацыйнаму агенцтву «Позірк».

Гэта адбылося пасьля больш як гадавога чаканьня рашэньня грузінскіх уладаў.

Паводле Кісьляка, у адказе, які ён атрымаў ад Дэпартамэнту міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў, гаворыцца, што ён адпавядае крытэрыям, вызначаным Жэнэўскай канвэнцыяй «Аб статусе ўцекача» і закону Грузіі «Аб міжнароднай абароне», якія тычацца прысуджэньня статусу ўцекача, аднак «ёсьць дастатковыя падставы для дапушчэньня», што яго знаходжаньне ў Грузіі можа «супярэчыць інтарэсам краіны».

У выніку праваабаронцу «было адмоўлена ў прысуджэньні статусу ўцекача».

«Грузія лічыць, што я зьяўляюся пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Гэта часткова чакана. Мы сьвядома пайшлі на пікеты (у траўні ў Тбілісі Кісьляк зладзіў акцыю супраць доўгага разгляду прашэньняў аб прытулку. — „Позірк“.), паскорылі працэсы», — сказаў праваабаронца.

Ён зьбіраецца абскарджваць рашэньне ў судзе.

«Сытуацыя такая, што ў мяне скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта. Тэрмін дзеяньня грузінскага часовага пасьведчаньня асобы таксама выйшаў. Буду дамагацца, калі абскарджу рашэньне, каб мне выдалі новае», — дадаў праваабаронца.

Паводле ягоных зьвестак, такая ж праблема ў іншых беларусаў, у якіх скончыліся тэрміны дзеяньня пашпартоў за час разгляду справаў аб прытулку.

«Відавочна, што мы, актыўныя беларусы, — чальцы грамадзянскай супольнасьці, і грузінскі ўрад ня вельмі хоча нас бачыць», — лічыць Кісьляк.

«Такім чынам, вымалёўваецца агульная задума грузінскіх уладаў, якія перацягваюць Грузію на бок „імпэрыі зла“, дзе ўжо знаходзяцца Расея, Беларусь, КНДР і Іран», — заявіў Кісьляк, дадаўшы ў гэты шэраг грузінскі законапраект аб «замежных агентах», які выклікаў пратэсты ў краіне.

У красавіку 2023 году грузінскія памежнікі не ўпусьцілі ў краіну актывіста «Беларускай дыяспары Аджарыі» Яўгена Гацака. Ён быў вымушаны зь сям’ёй зьехаць у Польшчу.

Кісьляк паведаміў у траўні «Позірку», што ў 2019–2024 гадах беларусы «50 разоў зьвярталіся» па прытулак у Грузіі. «За гэты час ніводнага статусу беларусам не нададзена — ні статусу ўцекача, ні гуманітарнага статусу», — падкрэсьліў праваабаронца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG