Грузія прываблівае беларусаў тым, што туды не патрэбная віза, а на яе тэрыторыі можна жыць без дадатковых дазволаў цэлы год. Гэта часта першая краіна ўезду пры эміграцыі. Аднак ёсьць рэчы, якія перашкаджаюць беларусам заставацца ў краіне.
Як расказаў Свабодзе праваабаронца Раман Кісьляк, за апошні год Грузію пакінулі каля 2 тысяч беларусаў. Дыяспара паменшылася з прыкладна 13 тысяч чалавек да 11 тысяч.
Адна з новых складанасьцяў — грузінскі закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», які прынялі 3 чэрвеня. Ён набудзе моц праз 2 месяцы. Празь яго ў краіне два месяцы працягваюцца вулічныя пратэсты. Новы закон закранае таксама беларусаў. Як проста людзей, так і недзяржаўныя некамэрцыйныя арганізацыі (НДА). Камэрцыйных арганізацый закон не датычыць.
Беларусы, калі яны не грамадзяне Грузіі, падпадаюць у законе пад паняцьце «замежная сіла». Калі яны створаць НДА, у якога больш за 20% фінансаваньня будзе прыходзіць «з-за мяжы», то такія НДА таксама закране новапрыняты закон.
Арганізацыі, «якія прасоўваюць інтарэсы замежнай сілы», мусяць зарэгістравацца адпаведным чынам. Інфармацыю пра такую арганізацыю і яе ўдзельнікаў трэба апублікаваць у інтэрнэце. Таксама такія НДА павінны падаваць адмысловую фінансавую дэклярацыю.
Раман Кісьляк тлумачыць, што ў гэтым хаваецца пагроза для беларусаў. Інфармацыя пра актывістаў у адкрытым доступе стане дасяжнай ня толькі для грузінскіх уладаў, але і для беларускіх спэцслужбаў.
«Мы тут у выгнаньні. І як фізычныя асобы, і як арганізацыі. Гэтае раскрыцьцё зьвестак моцна, на мой погляд, парушае права на прытулак, права асацыяцый», — кажа Кісьляк.
Штрафы да 9 тысяч даляраў
Калі прадстаўнікі «замежнай сілы» ня будуць падпарадкоўвацца новаму закону, то ім пагражаюць штрафы да 25 тысяч лары (каля 9 тысяч даляраў). Шэраг грузінскіх арганізацый ужо выступілі з публічнай заявай, што яны ня будуць выконваць гэтыя патрабаваньні.
У Грузіі вялікая супольнасьць беларускіх недзяржаўных арганізацый (НДА), якія рэлякаваліся ў 2021-2022 гадах, кажа Раман Кісьляк. Паводле ягоных падлікаў, новы закон закране да ста чалавек. Але ён мяркуе, што некаторыя беларускія грамадзкія арганізацыі не афішуюць сваёй дзейнасьці, таму насамрэч такіх людзей можа быць больш.
Праваабаронца кажа, што пакуль не зусім ясна, як будуць прымяняць гэты закон. Кісьляк супрацоўнічае з праваабарончай арганізацыяй Human Rights Impact. Яе спрабавалі зарэгістраваць у Грузіі, але не атрымалася. Былі заўвагі да фармулёвак наконт іхнай дзейнасьці. Таксама ён прадстаўляе арганізацыю «Беларуская дыяспара Аджарыі». Праваабаронца дакладна ня ведае, ці падпадае гэтая арганізацыя пад новы закон.
Раман Кісьляк кажа, што некаторыя заснавальнікі беларускіх арганізацый у Грузіі плянуюць выходзіць зь іх. Ён з паплечнікамі зьбіраецца зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд Грузіі з тым, што гэты закон парушае іхныя правы, раскрывае ўразьлівыя зьвесткі.
«Гэта першы закон з хвалі наступу на грамадзянскую супольнасьць», — кажа праваабаронца.
Ён бачыць небясьпеку ў тым, што сьледам за законам аб замежным уплыве грузінскія ўлады прымуць іншыя законы, якія будуць «наступаць на грамадзянскую супольнасьць». Прыкладам, цяпер абмяркоўваюць закон, які можа забараніць прапаганду ЛГБТ.
«Здаралася, што беларусы на мяжы „завісалі“»
Яшчэ адной праявай наступу на грамадзянскую супольнасьць Кісьляк называе забарону на ўезд у Грузію беларусаў пасьля таго, як яны выяжджаюць на так званы «візаран» («visa run») раз на год, каб «абнуліць» сваё знаходжаньне ў краіне. Кісьляк кажа, што пры забароне паўторнага ўезду ў Грузію памежнікі часта пазначаюць прычыну адмовы як «іншыя прычыны».
«Потым у судах мы даведваемся, што гэта „пагроза нацыянальнай бясьпецы“», — кажа ён.
Вядомыя тры выпадкі, калі беларусаў не пусьцілі ў Грузію пасьля абнуленьня. Але ж у апошні час здарылася зь дзясятак выпадкаў, калі спачатку беларусаў на мяжы не прапускалі, але пры паўторнай спробе дазвалялі вярнуцца. Ёсьць выпадкі грамадзянаў іншых краінаў (Украіны, Расеі, Ізраілю), якіх з такімі ж тлумачэньнямі не пускалі ў краіну пасьля выезду.
«Здаралася, што беларусы на мяжы „завісалі“, асабліва актывісты дыяспар. Ім казалі: „Завіс кампутар“. Далей усё ідзе, іншыя праходзяць. А канкрэтна на нейкім прозьвішчы кампутар завіс. Відавочна, што мы знаходзімся ў нейкіх сьпісах, і потым яны ўжо вырашаюць, прапусьціць ці не», — мяркуе суразмоўца.
Дзеля бясьпекі праваабаронцы не складаюць сьпісаў беларусаў, якіх, прыкладам, не ўпусьцілі зноў у Грузію або якія неяк яшчэ пацярпелі.
Раман Кісьляк таксама расказаў, што некаторых беларусаў спрабуюць вэрбаваць службы бясьпекі Грузіі. Прапануюць паехаць і паслухаць, што адбываецца на беларускіх імпрэзах. Прадстаўнікі грузінскіх спэцслужбаў таксама адкрыта прысутнічалі на беларускіх акцыях салідарнасьці.
«Можаце вяртацца ў сваю Беларусь»
Нядаўна стала вядома пра чарговую забарону беларусцы вярнуцца ў Грузію. Ірына* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) жыла ў Грузіі каля году. Выехала зь Беларусі ад магчымага перасьледу. У Батумі мела мікрабізнэс, працавала рэпэтытаркай ангельскай мовы.
Сёлета 28 траўня беларуска разам з паўналетнім сынам выехала на «visa run» у Турэччыну. Там яны прабылі некалькі гадзін. Назад жанчыну не пусьцілі, хаця яна зрабіла тры спробы вярнуцца. Ірына не разумее, чаму. Яна не дапускала такога варыянту.
Ірына кажа, што ў паездку ў Турэччыну ўзяла з сабой толькі гаманец, ключы ад кватэры, ліры эквівалентам у 50 даляраў, банкаўскую картку, сурвэткі, люстэрка. Яе задоўга трымалі на мяжы на выезьдзе ў Турэччыну, але суразмоўца не зьвярнула на гэта ўвагі. Потым яны з сынам паехалі ў турэцкі гандлёвы цэнтар. Купілі там красоўкі, некалькі футболак, шкарпэткі, ляк для пазногцяў. Перакусілі і паехалі назад.
«У мяне ў сем гадзін быў заплянаваны ўрок. Я казала: «Давай хутчэй. Мне яшчэ трэба кветкі паліваць. І кацяня пашукаем, якое напярэдадні згубілі», — успамінае суразмоўца.
Сын прайшоў мяжу, а яе спынілі, адвялі ў бок.
«Выйшаў спачатку адзін і пытаецца: „Чым вы займаецеся ў Грузіі?“ — „Я працую рэпэтытарам“. — „А чым вы яшчэ займаецеся? Дзе вы яшчэ працуеце? У якіх арганізацыях вы ўдзельнічаеце?“ — „У мяне ўрокі штодзень без выходных, таму больш нідзе я працаваць не магу. У мяне вельмі вялікая нагрузка“», — пераказвае Ірына размову з памежнікам.
Потым выйшаў другі супрацоўнік і папрасіў беларуску прайсьці зь ім. Вывеў яе з памежнага пункту і сказаў, што ёй забаронены ўезд у Грузію. Сказаў, што правядзе яе на турэцкую тэрыторыю. Ірына была ў шоку. Прасіла патлумачыць, што адбываецца. На што памежнік дадаў: «Можаце вяртацца ў сваю Беларусь».
Суразмоўца кажа, што паўтары гадзіны яна проста сядзела і плакала. Беларускія праваабаронцы параілі Ірыне вярнуцца на памежны пункт і папрасіць аб прытулку. У другі раз яна падышла да супрацоўніцы «з самым добрым тварам». Па-ангельску і па-расейску Ірына папрасіла прытулку. Зноў выйшлі тыя ж мужчыны-памежнікі і сталі крычаць на яе, расказвае суразмоўца.
«Яны сказалі: „Усё, ідзем“. Я стала прасіць, плакаць: „Што адбываецца?“. Яны сказалі: „Ты сама ведаеш, чаму цябе не пускаюць, што ты зрабіла“», — успамінае Ірына.
Калі яе выводзілі, жанчына страціла прытомнасьць. Кажа, што нашатыром ёй апяклі вусны. Калі яна прыйшла ў сябе, грузінскія памежнікі правялі яе на турэцкую тэрыторыю.
Там Ірына правяла некалькі гадзін. Потым прыехаў знаёмы грузін, прывёз ёй торбу зь ейнымі рэчамі. Прапанаваў ёй паспрабаваць разам прайсьці мяжу. Аднак, калі беларуску ўбачылі на грузінскім пераходзе, гісторыя паўтарылася. Ёй давялося вярнуцца ў Турэччыну.
«Калі б яны хаця б гаварылі па-чалавечы. А калі на цябе крычаць: „Ідзі, адкуль прыйшла! Чаго ты туды хадзіла? Па цыгарэты хадзіла?“ Па якія цыгарэты? Я ўвогуле не куру, і сын ня курыць. Адчуваньне прыніжэньня. З табой так размаўляюць, быццам ты пыл і бруд пад нагамі!» — кажа Ірына.
Турэцкія памежнікі запэўнілі, што больш яе не прапусьцяць, калі яна будзе хадзіць туды-сюды, са словамі: «У мадам праблемы з грузінскай паліцыяй?». Потым Ірына не магла набыць SIM-картку ў Турэччыне, бо ў базе паказвала, што ў яе несапраўдная дата ўезду ў краіну.
Ірына кажа, што не займалася супрацьпраўнай дзейнасьцю ў Грузіі. Дадае, што яна ня брала ўдзелу ў грузінскіх пратэстах, як пісалі раней мэдыя. Толькі зрабіла перапост інфармацыі пра такую акцыю пратэсту.
«Я нават прыдумаць не магу, у чым мяне можна абвінаваціць», — кажа Ірына.
У паперы, якая забараняе ёй уезд у Грузію, памежнікі пазначылі пункт «іншыя прычыны».
Беларуска спынілася ў самым танным гатэлі за 5 хвілін ад мяжы ў вёсцы Сарпі. Плаціць 35 эўра за дзень. Жыве там ужо больш за тыдзень. Яна кажа, што яе вельмі падтрымалі беларусы. Пералічвалі грошы. Прапаноўвалі часовае жытло ў Анталіі. Абяцалі сустрэць у Польшчы.
Што Ірына будзе рабіць далей, яна ня ведае. У Турэччыне яна можа правесьці агулам 30 дзён. Думае, што давядзецца пераяжджаць у іншую краіну. Шанец вярнуцца ў Грузію ацэньвае як адзін на мільярд. Пакуль што яна разам зь юрыстамі будзе зьвяртацца ва ўсе магчымыя інстанцыі са скаргамі і зваротамі.
Заявы на ўцякацтва падалі больш за 50 чалавек, статусу не далі нікому
Яшчэ адна праблема — статус уцекача, якога, паводле інфармацыі праваабаронцы Рамана Кісьляка, пакуль не атрымаў у Грузіі ніхто зь беларусаў. Падалі заявы больш за 50 чалавек. Некаторыя чакаюць рашэньня больш за вызначаныя тэрміны, нават па два гады. Прычым вядомыя выпадкі, калі ўцякацтва ў Грузіі давалі грамадзянам Расеі.
Беларуская спартоўка Марына Калініна (Зялёная) з Каардынацыйнай рады прыехала ў Грузію больш за год таму. Сёлета ў студзені яна падалася на ўцякацтва. Яна расказала Свабодзе, што ёй працэдура падачы дакумэнтаў падалася нязручнай. У будынку Дэпартамэнту міграцыі ў Тбілісі няма памяшканьня, дзе могуць чакаць наведнікі. Даводзіцца стаяць на вуліцы. Там няма прыбіральні, крамаў побач, дзе можна сагрэцца або купіць вады.
Марына кажа, што яна чакала некалькі гадзін. Каб хутчэй трапіць на прыём, стала пісаць на электронную пошту ведамства, тэлефанавала на «гарачую лінію». Урэшце яе выклікалі без чаргі.
Яе папрасілі таксама прывесьці малое дзіця, каб зарэгістраваць яго асабіста. Другім разам яна ня здолела трапіць зь дзіцем, бо была вялікая чарга. У трэці раз прыйшла прыкладна за гадзіну да пачатку прыёму і трапіла, бо была першай.
Беларуска кажа, што было складана пацьвердзіць на сумоўі, што ёй сапраўды пагражае перасьлед на радзіме. Яна раней дзеля бясьпекі выдаліла са свайго тэлефона публічны здымак з пратэстаў, у якіх брала ўдзел, а потым не магла знайсьці яго ў інтэрнэце. Таксама ёй было складана атрымаць доступ да адкрытага ліста спартоўцаў супраць вайны ва Ўкраіне, які яна падпісвала і які потым закрылі дзеля бясьпекі людзей.
Марына лічыць, што ёй пашчасьціла. Нядаўна ў ейнай беларускай кватэры праводзілі ператрус. Завялі крымінальную справу за ўдзел у выбарах у КР. Цяпер хапае доказаў рэпрэсій у дачыненьні да яе.
На ўцякацтва беларуска вырашыла падавацца, калі скончыўся тэрмін дзеяньня пашпартоў у яе і ейнага дзіцяці, а памяняць іх за мяжой стала немагчыма. Цяпер Марына чакае запрашэньня на другое інтэрвію, якое мае наступіць праз 6 месяцаў пасьля першага. Аднак пакуль ніякай інфармацыі ў яе больш няма.
Ёй выдалі картку шукальніка прытулку. Гэта дакумэнт, які замяняе пашпарт. Яна паказвала яе, калі ўладкоўвала дзіця ў садок. Картка дала зьніжкі пры звароце ў паліклініку.
Каб зьвярнуць увагу грузінскіх уладаў на праблемы беларусаў, Раман Кісьляк разам з Марынай Зялёнай выходзяць на пікеты. Больш да іх ніхто не далучаецца. Праваабаронца мяркуе, што гэта ад высокага ўзроўню страху.
Форум